Беларуская нафтаперапрацоўка нясе вялізныя страты
31- 29.04.2024, 18:49
- 46,658
Мазырскі НПЗ і Нафтан цягнуць эканоміку на дно.
Беларуская нафтаперапрацоўка ў пачатку 2024-га панесла вялізныя страты. Такую выснову можна зрабіць з апублікаваных 29 красавіка звестак Белстата аб фінансавых паказчыках асобных раёнаў Беларусі за першыя два месяцы 2024 года, паведамляе «Флагшток».
Чыстая страта прадпрыемстваў Мазырскага раёна за студзень-люты 2024 года склала 182,8 млн BYN. Летась за такі ж перыяд тут быў атрыманы чысты прыбытак у суме 21,6 млн BYN. Удзельная вага стратных арганізацый раёна складае ўсяго 14,3%, у сувязі з чым вялізныя страты практычна напэўна можна звязаць з найбольш буйным валаўтваральным прадпрыемствам раёна - Мазырскім НПЗ.
Паводле інфармацыі крыніцы, звязанай з дзейнасцю МНПЗ, першыя месяцы 2024 года дзейнасць завода прынесла страты. Для работнікаў прадпрыемства былі прыпыненыя выплаты, якія рэгуляваліся калектыўнай дамовай, бо яны выплачваліся з прыбытку прадпрыемства.
Пра тое, што гэта не адзінкавы выпадак, а агульная сітуацыя ў беларускай нафтаперапрацоўцы, сведчаць фінансавая статыстыка Наваполацку, дзе размешчаны іншы беларускі нафтаперапрацоўшчык Нафтан. Тут чыстая страта апынулася яшчэ больш значнай — 324,5 млн BYN.
Праблемы нафтаперапрацоўкі негатыўна адбіваюцца на ўсёй эканоміцы рэгіёна. У параўнанні з мінулым годам чысты прыбытак усіх арганізацый Гомельскай вобласці скараціўся амаль удвая з 234,2 да 128,2 млн BYN. Экспарт тавараў за той жа перыяд знізіўся на 4,8%.
У 2023 годзе Мазырскі НПЗ называўся ў ліку трох найбуйнейшых падаткааплатнікаў Гомельскай вобласці. З другога квартала 2021 года прадпрыемства перастала публікаваць фінансавую інфармацыю аб сваёй дзейнасці. У 2020 годзе Мазырскі МПЗ быў самым прыбытковым прадпрыемствам сярод усіх акцыянерных таварыстваў Гомельскай вобласці.