25 лiстапада 2024, панядзелак, 17:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксей Дзікавіцкі: «Спадарожнiкавае тэлебачанне глядзiць як мiнiмум чвэрць беларусаў»

У тэлевiзiйнай прасторы ўрэшце з'явiцца першы недзяржаўны беларускi канал — “Белсат”. Глядзець яго з 10 снежня змогуць уладальнiкi спадарожнiкавых антэн, якiя настроены на “Астру” i “Сiрыус”.

— Асноўная канцэпцыя канала — гэта незалежнасць i аб'ектыўнасць, — кажа адзiн з кiраўнiкоў “Белсата”, дырэктар службы навiн Аляксей Дзiкавiцкi. — Вяшчанне будзе iсцi выключна на беларускай мове. Гэта наша прынцыповая пазiцыя.

“Белсат” будзе супрацьлегласцю дзяржаўным беларускiм каналам у тым сэнсе, што будзе гаварыць пра тое, пра што на БТ не гавораць. Мы плануем даваць iнфармацыю, якая не з'яўляецца нi на БТ, нi на АНТ, нi на СТБ альбо з'яўляецца ў перакрыўленым цi няпоўным варыянце. Але ў адрозненне ад дзяржаўных каналаў, якiя прапагандуюць адну палiтычную сiлу, мы будзем прымаць розныя меркаваннi. У праграмах i перадачах “Белсата” будуць прадстаўлены розныя позiркi. Шмат у нас будзе i якаснага еўрапейскага матэрыялу. Але ў асноўным гэта ўсё ж такi канал пра Беларусь для беларусаў.

Iдэя стварэння “Белсата” належыць польскаму МЗС i ўзгоднена краiнамi Еўрасаюза. Фiнансуе праект Польшча. Трансляцыя “Белсата” будзе ажыццяўляцца з Варшавы. На дадзены момант магчымасць у хуткiм часе глядзець недзяржаўны беларускi канал каштавала польскiм падаткаплацельшчыкам больш за 5 мiльёнаў долараў. Але ў далейшым палякi спадзяюцца на фiнансавую дапамогу з боку ЗША.

На пытанне, цi не стане “Белсат” своеасаблiвым польскiм пунктам гледжання на беларускую рэчаiснасць, Аляксей Дзiкавiцкi адказвае: “Нi ў якiм разе. Дэвiз канала: ”Белсат" — тэлебачанне, якое робяць беларусы для Беларусi". Напрыклад, у службе iнфармацыi, якой я кiрую, працуюць толькi беларусы. Нашы рэпарцёры ёсць ва ўсiх рэгiёнах. Што тычыцца польскiх журналiстаў, то ўсiм iм добра вядома сiтуацыя ў нашай краiне, яны займаюцца беларускай тэматыкай. Кiраўнiк канала — Агнешка Рымашэўская доўгi час працавала рэпарцёрам у Беларусi i была дэпартавана беларускай уладай".

Па словах Аляксея Дзiкавiцкага, ужо з першага дня эфiрны час “Белсата” складзе 16 гадзiн у суткi. Выпускi навiн будуць iсцi чатыры разы на дзень. Ужо вядомы назвы i некаторых сталых праграм, напрыклад, “Госць тыдня”, “Пад знакам Пагонi”, “Студэнцкая думка”, “На мяжы”, усяго — 17. У планах канала адкрыццё прадстаўнiцтва “Белсата” ў Беларусi i атрымаць акрэдытацыю для журналiстаў пры МЗС нашай краiны. Гэта дазволiць журналiстам канала працаваць легальна на тэрыторыi Беларусi i атрымлiваць афiцыйную iнфармацыю.

Глядзець “Белсат” магчыма будзе толькi праз спадарожнiкавыя антэны, прымаць канал будуць талеркi, настроеныя на “Астру” i “Сiрыус”. Канал будзе незакадзiраваны, значыць, бясплатны.

Спадарожнiкавае тэлебачанне глядзiць як мiнiмум чвэрць беларусаў, бо па статыстыцы ў краiне ўсталявана 800 тысяч спадарожнiкавых талерак, якiмi карыстаецца 2 мiльёны чалавек. I, на думку белсатаўцаў, у большасцi сваёй гэтыя беларусы маюць патрэбу ў альтэрнатыўнай iнфармацыi.

Як ўсё будзе выглядаць на практыцы, пакажа час. Тым больш што з'яўлення “Белсата” ў тэлепрасторы чакаць засталося нядоўга.

Народная Воля

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках