25 лiстапада 2024, панядзелак, 13:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пагроза для інтэрнэта застаецца

Законапраект “Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі” будзе называцца інакш і, хутчэй за ўсё, ня будзе закранаць сферы інтэрнэту. Такія прапановы абмяркоўваліся на апошнім паседжанні “дэпутацкай” групы, што займаецца распрацоўкай згаданага дакумента. Тым не меньш, пагроза кантролю над інтэрнэтам застаецца.

“Гэта не абазначае, што менавіта так і будзе, але пытанне сёння ўздымаецца”, – паведаміла кіраўніца групы Таццяна Сафроненка ў гутарцы з прэс-службай Беларускай асацыяцыі журналістаў. Па словах “дэпутаткі”, законапраект цяпер актыўна дапрацоўваецца і звужаецца. Т. Сафроненка падкрэсліла, што “дэпутаты” прыслухоўваюцца да заўвагаў з боку экспертаў БАЖ, якія прысутнічаюць на паседжаннях рабочай групы.

Між тым, кіраўнік Цэнтру прававой абароны СМІ пры БАЖ Міхаіл Пастухоў не спяшаецца з аптымістычнымі прагнозамі.

“Законапраект сапраўды скарачаецца, ідзе працэс яго “шліфоўкі”. Але сутнасць гэтага дакумента застаецца той жа – амаль некранутымі застаюцца ўсе асноўныя раздзелы, прысвечаныя інфармацыі, працы з інфармацыяй і абароне інфармацыі”, – зазначыў у гутарцы з прэс-службай БАЖ М. Пастухоў.

Ён лічыць частку дакумента, прысвечаную абароне інфармацыі, найбольш небяспечным яго раздзелам. “Я думаю, што асноўная задума гэтага законапраекта і была ў тым, каб прадугледзець шырокую сістэму захадаў па “абароне” інфармацыі, а значыць – па абмежаванні яе свабоднай плыні. Паводле дакумента, у адкрытым доступе павінная застацца толькі агульнадаступная інфармацыя. Уводзяцца ўсё новыя і новыя забароны на распаўсюд і карыстанне інфармацыяй, і гэта выклікае насцярожанасць”, – адзначыў юрыст БАЖ.

Па яго словах, пакуль што рана казаць, што распрацоўшчыкі законапраекту пакінуць Інтэрнэт “у спакоі”. “Невыпадкова ўводзіцца абавязковая рэгістрацыя дзяржаўных інфармацыйных рэсурсаў. Пры гэтым значная частка гэтых рэсурсаў будзе, канешне ж, размяшчацца ў сетцы Інтэрнэт”, – падкрэсліў Міхаіл Пастухоў.

Юрыст прызнае, што частка прапановаў, што зыходзілі ад прадстаўнікоў БАЖ, сапраўды была ўлічана распрацоўшчыкамі, аднак самых істотных заўвагаў гэта не тычылася.

“Наша прынцыповая пазіцыя застаецца ранейшай – у такім выглядзе законапраект абмяжоўвае канстытуцыйнае права грамадзян на атрыманне, захоўванне і распаўсюд інфармацыі, і трэба ад гэтага дакумента ўвогуле адмовіцца. Гэтую пазіцыю я некалькі разоў агучваў на паседжаннях працоўнай групы па дапрацоўцы зместу закона, але яна была адрынутая”, – зазначыў М. Пастухоў.

Нагадаем, што законапраект “Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі” стаіць у парадку дня восеньскай сесіі “палаткі”, але дата яго вынясення на разгляд пакуль невядомая.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках