25 лiстапада 2024, панядзелак, 10:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зьміцер Дашкевіч атрымлівае сотні лістоў падтрымкі

1

Вязень Шклоўскай калёніі Зьміцер Дашкевіч сустрэўся з бацькамі падчас доўгатэрміновага спатканьня. Старэйшыя Дашкевічы спадзяюцца, што наступным разам убачаць сына ўжо на волі.

Спатканьне Зьмітра Дашкевіча з бацькамі доўжылася болей за два дні. Бацькі палітвязьня кажуць, што Зьміцер быў вельмі спакойны, не выказваў ніякіх прэтэнзіяў і асаблівых пажаданьняў. “Ён, вядома, худы, але — як звычайна. Зьміцер ніколі поўным ня быў. Галоўнае, што за гэтыя дні ён адпачыў душой, бо турэмнае жыцьцё чалавека вельмі стамляе”, — сказаў Вячаслаў Дашкевіч “Радыё Свабода”.

Дамоў бацькі прывезьлі старую вопратку сына і дзьве вялікія торбы лістоў, якія той атрымаў за год у Шклоўскай калёніі. Лісты палітвязень атрымлівае штодня і штодня адпраўляе дзясяткі адказаў сваім карэспандэнтам.

“Кажа, усё добра, нічога яму ня трэба. Мы прыехалі на спатканьне, дык ён казаў, што яшчэ каля двухсот лістоў атрымаў у той дзень, нават не пасьпеў іх ня тое што прачытаць, але разгарнуць”, - распавядае Вячаслаў Дашкевіч.

Паводле Вольгі Дашкевіч, і на спатканьні Зьміцер таксама патраціў пэўны час на тое, каб адказваць на дасланыя яму лісты.

У калёніі, калі Зьмітра Дашкевіча разьмеркавалі на працу на лесапілку, у яго абвастрылася хвароба хрыбетніка. “Але зараз ня скардзіцца”, — кажа маці палітвязьня.

Гэта было яе апошняе доўгатэрміновае спатканьне з сынам. Наступным разам яна спадзяецца ўбачыць Зьмітра ўжо на волі — тэрмін зьняволеньня заканчваецца ў сярэдзіне сакавіка. Але Вольга Дашкевіч пра гэта пакуль ня хоча казаць, каб не сурочыць.

Тым часам з другім актывістам ”Маладога фронту” Артурам Фінькевічам сёньня плянавала сустрэцца ягоная новая адвакатка Ганна Бахціна, але з-за арганізацыйных праблемаў спатканьне не адбылося. Адвакатка разьлічвае сустрэцца з Артурам у бліжэйшыя дні. Артурава сяброўка Людміла Атакулава паведаміла, што яго зноў перавялі ў іншую камэру — ужо ў трэцюю з кастрычніка мінулага году, калі ён апынуўся ў Магілёўскай сьледчай турме. У новай камэры няма дэфіцыту спальных месцаў, затое холадна, паведаміў юнак у апошнім лісьце да сваёй дзяўчыны.

“Напісаў, што сьпіць апрануты, у шапцы, а якраз стаялі маразы. Там дзіркі ў вокнах і мала людзей у гэтай камэры, таму там вельмі холадна. Такім чынам, ён там мерзьне і ратуецца гарачай гарбатай”, - распавяла сяброўка.

Паводле Людмілы, Артур вывучае сваю крымінальную справу, каб лепш падрыхтавацца да разгляду касацыйнай скаргі. Калі скарга будзе разгледжаная, яшчэ ня вызначана.

Нагадаем, Артура Фінькевіча за нязначнае, як лічаць праваабаронцы, парушэньне рэжыму адбыцьця “хіміі” пакаралі годам з паловай зьняволеньня ў калёніі.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках