25 лiстапада 2024, панядзелак, 19:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Канстытуцыйны суд ухваліў спісы невыязных з Беларусі

22

Канстытуцыйны суд праверыў рашэнні менскіх судоў аб пазбаўленні грамадзян права на выезд за мяжу. І прыйшоў да высновы, што ўсё было зроблена законна, правы ніводнага грамадзяніна не былі парушаныя. “Мы лічым, што тыя часовыя абмежаванні, якія існуюць, цалкам абгрунтаваныя”, - сцвярджае суддзя Канстытуцыйнага суда Валянцін Шуклін

Як паведаміў Еўрарадыё Валянцін Шуклін, “Канстытуцыйны суд праверыў па гэтым пытанні справы па горадзе Менску і па многіх іншых судах. І прышлі да высновы, што ўсё абгрунтавана. Мы думалі, што ёсць праблема з абмежаваннем правоў грамадзян, але вывучылі практыку па справах і лічым, што тыя часовыя абмежаванні, якія існуюць, цалкам абгрунтаваныя”.

У адрозненні ад дзейнага, былы суддзя Канстытуцыйнага суда Валер Фадзееў лічыць, што ў нашай краіне вельмі шмат людзей незаконна патрапілі ў катэгорыю невыязных. Арганізацыі, якія атрымалі права складаць гэты спіс, могуць вельмі адвольна гэтым правам карыстацца.

“Ёсць норма права, а калі яна прымяняецца на практыцы, яе трактуюць пашырана, і тут узнікаюць праблемы. Такія рэчы заўсёды вельмі небяспечныя. Асабліва ў дачыненні да тых грамадзян, якія нейкім чынам засвечаныя ў палітыцы”, - падкрэслівае Валер Фадзееў.

Як раней паведамлялася, сёння следчы, які вядзе справы, можа ўласным рашэннем унесці ў спіс невыязных не толькі абвінавачанага, але і падазронага, і нават сведку па справе. Пры чым для гэтага не трэба рашэння суда. На думку ж былога суддзі, нават абвінавачанага, але пакуль не асуджанага грамадзяніна нельга ўносіць у спіс невыязных, бо гэта абмяжоўвае яго канстытуцыйныя правы.

Між тым, у спіс невыяздных ужо патрапіла нават па афіцыйных звестках каля паўмільёна беларускіх грамадзян: асуджаныя, тыя, хто знаходзяцца пад следствам, хто завінаваціўся ў бюджэт, уключна з парушальнікамі правілаў дарожнага руху альбо “зайцы”, якія не аплацілі штраф, а ў дадатак - неплацельшчыкі аліментаў ды нават тыя, супраць каго пададзены грамадзянскі зыск, а справа такая можа весціся гадамі. То, трэба меркаваць, што лічба ў паўмільёна невыяздных беларусаў зусім не канчатковая.

Былы палітвязень і праваабаронца Валер Леванеўскі мяркуе, што “такое непадкантрольнае грамадскасці абмежаванне на выезд з краіны невыпадкова супала з пачаткам масавых рэпрэсій у Беларусі”. Леванеўскі лічыць, што гэтыя падзеі звязаныя паміж сабой.

Тым часам, кожны дзень на дзяржаўнай мяжы заварочваюць дадому 15-20 грамадзян, якім адмоўлена ў выездзе з краіны. А напачатку года такіх было па 30-40 чалавек штодня. Сярод палітыкаў і грамадскіх дзеячаў ужо таксама есць першыя ахвяры спісу невыяздных. Яшчэ напачатку года лідэру Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатолю Лябедзьку афіцыйна паведамілі, што ён не мае права на выезд з краіны. А літаральна на мінулым тыдні на беларуска-ўкраінскай мяжы не выпусцілі ў Кіеў моладзевага актывіста і журналіста Барыса Гарэцкага.

Такім чынам, застаецца адкрытым галоўнае пытанне, на якое пакуль ніхто не адказаў з прадстаўнікоў улады, хто ж будзе адказваць за абмежаванне правоў беларускіх грамадзян на выезд з краіны, альбо нас чакае “жалезная заслона” часоў СССР. З маўклівай згоды Канстытуцыйнага суду.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках