25 лiстапада 2024, панядзелак, 13:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Адноўленага судом студэнта зноў хочуць выключыць

8

Прафком Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. Ф.Скарыны сям'ю галасамі супраць пяці рэкамендаваў выключыць з ВНУ студэнта Змітра Жалезнічэнку. Апошняе слова застаецца за рэктарам.

«На сённяшнім пасяджэнні я паспрабаваў упэўніць прысутных, што не рабіў таго, у чым мяне вінавацяць, – заявіў «Салідарнасці» Жалезнічэнка. – А вінавацілі мяне ў нецэнзурнай лаянцы ў грамадскім месцы. Калі я спускаўся ў падземны пераход, яе пачуў міліцыянт, які праязджаў паблізу на машыне».

Пікантнасць сітуацыі ў тым, што малады чалавек мае на руках позву, у якой яму загадваецца 23 студзеня, то бок ужо заўтра, прыбыць на прызыўны пункт для праходжання службы ў войску. «Калі нічога форс-мажорнага не адбудзецца, мне давядзецца прыйсці. Там і будзем разбірацца», – сказаў студэнт. У выпадку паўторнага адлічэння зноў маю намер падаць у суд. «Пачуваюся бадзёра», – падкрэсліў Жалезнічэнка.

16 студзеня суд Цэнтральнага раёна Гомеля адмяніў рашэнне рэктара ВНУ Аляксандра Рагачова аб адлічэнні студэнта за парушэнне правіл унутранага распарадку. Жалезнічэнка меў адміністрацыйную судзімасць за «пазапраўную прадпрымальніцкую дзейнасць». Студэнт быў пакараны за арганізацыю ў Гомелі ўлетку мінулага года канцэрту беларускіх бардаў.

17 студзеня ў гомельскім вайсковым камісарыяце Жалезнічэнку ўручылі позву, якой яму загадваецца прыбыць 23 студзеня на прызыўны пункт для праходжання службы ў войску.

«Раней мяне ў ваенкамаце ўпэўнівалі, што ў войска не возьмуць: ім, маўляў, апазіцыянеры не патрэбныя», – адзначыў студэнт у інтэрв'ю БелаПАН. Ён накіраваў у прызыўную камісію дзве заявы. Першую – з просьбай не заклікаць яго на службу згодна з Канстытуцыяй. Жалезнічэнка з'яўляецца сябрам Партыі БНФ, а артыкул 36 Асноўнага закона абвяшчае, што вайскоўцы не могуць уваходзіць у палітычныя партыі. Таксама актывіст просіць прызыўную камісію накіраваць яго ў ваенную частку, дзе загады будуць аддавацца на беларускай мове. У адваротным выпадку Жалезнічэнка адмаўляецца іх выконваць.

18 студзеня студэнт атрымаў ліст, у якім прафком ВНУ выклікаў яго «для разгляду пытання аб знаходжанні ва ўніверсітэце ў сувязі з наяўнасцю адміністрацыйнага правапарушэння». І у той самы дзень у аддзеле кадраў універсітэта яму афіцыйна пацвердзілі, што на падставе рашэння суду загад рэктара скасаваны і з пачатку навучальнага года студэнту будзе налічаная стыпендыя.

«Адкуль такі поспех, рашэнне суду ўступіць у законную сілу толькі 26 студзеня? Мабыць, мяне хочуць хутчэй аднавіць, каб зноў адлічыць за якое-небудзь хуліганства, якое я нібыта здзейсніў. І тады мяне да таго ж яшчэ паспеюць заклікаць у войска», – выказаў здагадку Жалезнічэнка.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках