25 лiстапада 2024, панядзелак, 6:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Для «непажаданых» прадпрымальнікаў у Палацы рэспублікі не хапіла месцаў

12

Сёння ў Палацы рэспублікі ў Менску праходзіць прадпрымальніцкая канферэнцыя "Аб праблемах развіцця прадпрымальніцтва і паляпшэнні бізнэс-клімату ў Рэспубліцы Беларусь". Лідэраў прадпрымальнікаў, якія арганізоўвалі акцыі пратэсту 10 і 21 студзеня, на канферэнцыю не пусцілі.

Як стала вядома прэс-цэнтру Хартыі’97, у пятніцу для ўдзелу ў канферэнцыі былі запрошаныя лідэры кампаніі «За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва», у тым ліку Віктар Гарбачоў, Віктар Калей, Аляксандр Цацура і Віктар Крываль.

Аднак сёння арганізатары канферэнцыі паведамілі, што для прадстаўнікоў кампаніі «За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва» ў Палацы рэспублікі «не хапіла месцаў».

Цікава, што Аляксандр Цацура ўчора быў затрыманы ў Салігорску. Як паведамляе «Радыё Свабода», ноч актывіст прадпрымальніцкага руху правёў у турме, а сёння павінен стаць перад судом. Яго абвінавацілі ў правядзенні «несанкцыянаванага мітынгу».

Учора ў Салігорску на плошчы ля гарвыканкама сабраліся каля 100 прадпрымальнікаў. Аляксандр Цацура збіраў подпісы пад зваротам да «дэпутатаў» супраць адмены ўказу №760.

Між іншым, паводле інфармацыі БелаПАН, арганізатарамі прадпрымальніцкай канферэнцыі выступілі Саюз некамерцыйных арганізацый "Канфедэрацыя прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў", Саюз юрыдычных асоб "Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва" і Менскі сталічны саюз прадпрымальнікаў і працадаўцаў.

Мяркуецца, што падчас канферэнцый удзельнікі маюць намер разгледзець пытанні: аб планах законатворчай дзейнасці па паляпшэнні бізнэс-клімату ў Беларусі, аб дзяржаўных праграмах і планах развіцця малога і сярэдняга бізнэсу, аб паляпшэнні пазіцыі Беларусі ў міжнародных рэйтынгах і іншыя. Падчас канферэнцый плануецца прадставіць праект "Нацыянальная платформа бізнэсу Беларусі–2008".

Да ўдзелу ў мерапрыемстве былі запрошаныя прадстаўнікі Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі, цэнтральных і мясцовых органаў улады і кіравання, галіновых міністэрстваў і ведамстваў, кіраўнікі адміністрацый свабодных эканамічных зон, эксперты міжнародных праграм і фондаў, Міжнароднай фінансавай карпарацыі, заснавальнікі і кіраўнікі прадпрыемстваў, рэктары вышэйшых навучальных устаноў.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках