25 лiстапада 2024, панядзелак, 18:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нафта падаражэла да 100 даляраў за барэль

4

Цэны на нафту падчас гандлю на Нью-Ёркскай таварна-сыравіннай біржы (NYMEX) 2 снежня першыя падняліся да адзнакі ў 100 даляраў за барэль.

Гэта адбылося да сярэдзіны гандлёвай сесіі, калі нафта Light Sweet Crude Oil падаражэла тут на 4,05 даляра за барэль, і цана на "чорнае золата" дасягнула гістарычнай адзнакі. Зрэшты, неўзабаве яе цана зноў знізілася – да адзнакі 99,15 даляра, паведамляе NEWSru Israel.

Нагадаем, аналітыкі чакалі, што рэкордная адзнака будзе дасягнутая яшчэ да канца 2007 года, і паводле іх прагнозаў, тэндэнцыя да падвышэння цэн на нафту захаваецца ў самыя блізкія месяцы. На думку экспертаў, рост цэн на нафту звязаны з напружаным палітычным становішчам у свеце, паслабленнем даляра з прычыны крэдытнага крызісу ў ЗША і апошняй справаздачай аб скарачэнні запасаў нафты ў Злучаных Штатах.

Аналітыкі таксама звязваюць рост цэнаў на вуглевадароды, які працягваецца з мінулага года, з чаканнямі экспертаў адносна далейшага попыту на нафту і нафтапрадукты за кошт магутнага росту эканомікі шэрагу краін, у прыватнасці, Кітая і Індыі, паведамляе ІТАР-ТАСС.

Акрамя таго, на дынаміку нафтавых ф'ючэрсаў цяпер адбіваецца і нестабільная сітуацыя ў Нігерыі, якая з'яўляецца восьмым найбуйнейшым у свеце вытворцам нафты. Цяперашні скок цэн на нафту быў выкліканы апошнім вітком гвалту ў Нігерыі, дзе група ўзброеных мужчын захапіла ў аўторак Порт-Харкорт – цэнтр нафтаздабываючай прамысловасці краіны, наладзіўшы напады на два паліцэйскія ўчасткі і на цэнтральную гасцініцу горада.

Некалькі мексіканскіх партоў былі зачыненыя з прычыны непагадзі, што таксама зрабіла свой уплыў на цяперашні скок цэн на нафту. Акрамя таго, было апублікаванае паведамленне пра тое, што краіны OPEC, па ўсёй бачнасці, не змогуць выканаць свае планы глабальнай пастаўкі нафты да 2024 года.

Адміністрацыя Джорджа Буша занепакоеная ростам цэн на нафту, аднак не збіраецца выкарыстоўваць стратэгічны нафтавы рэзерв ЗША, заявіла журналістам у сераду прэс-сакратар Белага дому Дана Пярына.

"Цяперашні прэзідэнт не збіраецца выкарыстоўваць стратэгічны нафтавы рэзерв з мэтай рэгулявання (цэн на паліва), калі толькі не ўзнікне насамрэч надзвычайная сітуацыя, – сказала яна. – У дадзены момант, наколькі мы разумеем, цэны з'яўляюцца высокімі, а попыт (на вуглевадародную сыравіну) надзвычай высокім".

Аднак, як зазначыла Пярына, часовае выкарыстанне запасаў стратэгічнага рэзерву не прывядзе да істотнага змянення цэн на нафту. "Мы ведаем гэта з мінулага досведу", – дадала яна. Па словах прэс-сакратара, высілкі кіраўніка адміністрацыі цяпер сканцэнтраваныя на павелічэнні аб'ёмаў здабычы нафты ў сябе дома, у ЗША.

Амерыканскія афіцыйныя асобы зважаюць на тое, што нацыянальны нафтавы рэзерв ствараўся на выпадкі сур'ёзных перабояў з пастаўкамі энерганосьбітаў у ЗША, напрыклад, калі імпарт нафты скароціцца на 5-6 млн барэляў у дзень.

Стратэгічныя нафтавыя рэзервы былі створаныя пасля сусветнага энергетычнага крызісу 1970-х гадоў. Цяпер у падземных сховішчах у саляных пластах у штатах Луізіяна і Тэхас ёсць каля 694 млн барэляў нафты. Адміністрацыя Буша плануе павялічыць гэтыя запасы да 727 млн барэляў.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках