25 лiстапада 2024, панядзелак, 13:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія эканамісты: «Такога крызісу яшчэ не было»

14

У сувязі з сусветным фінансавым крызісам істотна знізілася колькасць беларускіх банкаў, якія даюць крэдыты на жыллё.

«У нас адмоўнае сальда бягучага балансу, гэта значыць, гандаль таварамі і паслугамі дае адмоўнае сальда. Калі ўзяць мінулы год і гэты год (чаканыя паказчыкі), дык адмоўнае сальда роўнае 3 мільярдам даляраў, і мы гэтае адмоўнае сальда пакрываем двума рэчамі: знешнімі пазыкамі, а знешняя запазычанасць, як мы ведаем, вырасла даволі значна, і прыцягненнем замежных інвестыцыяў, якія не выклікаюць росту знешняй пазыкі», - заявіў у інтэрв'ю «Завтра твоей страны» эканаміст Леанід Злотнікаў.

Паводле яго словаў, зараз дасягальнасць знешніх крэдытаў можа пагоршыцца – альбо вялікія адсоткі, альбо больш жорсткія патрабаванні да пазычальнікаў па ліквіднасці банкаў ці прадпрыемстваў.

«І цалкам магчыма, што зараз прыйдзецца частку валюты вярнуць нашым пазычальнікам. А у нас валютныя дэпазіты практычна ўсе ў руху, яны, у асноўным, выдадзеныя ў форме крэдытаў. І калі гэтую знешнюю запазычанасць прыйдзецца пакрываць валютай, якая назапашаная ў краіне раней, дык цалкам можа быць, што паменшыцца крэдытаванне.

Прынамсі, крэдытаванне доўгатэрміновых праектаў ужо паменшылася, хоць год-два назад меў месца значны ціск з боку прэзідэнта на банкі, каб яны крэдытавалі менавіта доўгатэрміновыя праекты – будаўніцтва жылля, абнаўленне прадпрыемстваў. Гэта не пазыкі пад зарплату ці знешнеэканамічнае абарачэнне. Нягледзячы на сцвярджэнні, што ўсё добра, мы назіраем тэндэнцыю, што банкі не могуць больш столькі цягнуць гэтае доўгатэрміновае крэдытаванне», - адзначае прафесар.

Як лічыць Леанід Злотнікаў, калі ўздзеянне сусветнага фінансавага крызісу не будзе блакаванае, крэдытаванне наогул прыйдзецца паменшыць.

«Што будзе наперадзе, цяжка сказаць, паколькі сур'ёзныя аналітыкі не спрабуюць прадказаць, што ж будзе далей. Яны таксама чакаюць, таму што вельмі складаная сітуацыя: такога крызісу, які зараз разгортваецца, проста не было ў сусветнай гісторыі.

Вялікая дэпрэсія 1929 года праходзіла ў іншых умовах, калі не было глабалізацыі. Прыкметы праходжання розных фазаў крызісу зараз блытаюцца. Няма навукі, якая дала б цвёрдую аснову, на якой можна было бы праводзіць гэты аналіз», - кажа эксперт.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках