25 лiстапада 2024, панядзелак, 18:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дырэктар Інстытута эканомікі: «Магчымы крызіс неплацяжоў і рэзкі адток банкаўскіх укладаў»

7

Беларускі ўрад, падобна, паступова змяняе сваю танальнасць наконт ўплыву сусветнага фінансавага крызісу на айчынную эканоміку.

Ад амаль катэгарычнага адмаўлення чыноўнікі паступова пераходзяць да ацэнак магчымых наступстваў і іх мінімізацыі, што яшчэ нядаўна маглі дазволіць сабе хіба што незалежныя эксперты, пішуць "Беларускія навіны".

"Усіх нас цікавіць: якімі ж наступствамі небяспечныя падзеі ў сусветнай эканоміцы для Беларусі?", — задалася 16 кастрычніка намесніца міністра эканомікі Таццяна Старчанка пытаннем падчас міжнароднай навуковай канферэнцыі "Праблемы прагназавання і дзяржаўнага рэгулявання сацыяльна-эканамічнага развіцця".

Паводле яе словаў, крызіс можа адбіцца, перш за ўсё, на аб'ёмах знешняга крэдытавання і планах па прыцягненні інвестараў. Паколькі ў Беларусі адкрытая эканоміка, наступствы могуць узнікнуць у сярэднетэрміновай перспектыве, калі адбудзецца запаволенне эканамічнага росту ў асноўных гандлёвых партнёраў Беларусі, зрабіла прагноз намесніца міністра.

Расею фінансавы крызіс "у сур'ёзнай ступені" ужо закрануў, і можа каштаваць ёй да 3% эканамічнага росту, адзначыла Таццяна Старчанка. Некаторыя кампаніі і банкі Расеі страцілі да траціны свайго рынкавага кошту. У цэлым расейскі фондавы рынак за час сусветнага крызісу пазбавіўся больш чым 50% аб'ёму сваёй капіталізацыі.

Між тым, у 2007 годзе вялікі аб'ем рэсурсаў у беларускую эканоміку прыцягваўся як раз за кошт крэдытаў расейскіх банкаў, якія, у сваю чаргу, бралі пазыкі на знешніх рынках.

Зрэшты, пакуль доля замежных сродкаў у рэсурсавай базе беларускіх банкаў не крытычная (яна не перавышае 14%) і нашыя банкі ў стане замясціць гэты капітал нават пры яго адначасовым вывадзе з краіны, сказала намесніца міністра. І, нягледзячы на сусветны крызіс, урад не мае намер здымаць з парадку дня амбіцыйныя планы па прыцягненні інвестыцыяў.

Яшчэ больш жорсткіе ацэнкі з нагоды магчымых наступстваў фінансавага крызісу выказаў дырэктар Інстытута эканомікі Акадэміі навук Беларусі Пётр Нікіценка. На яго думку, сур'ёзнай праблемай для беларускай эканомікі можа стацца зніжэнне сусветных коштаў на нафту і нафтапрадукты, якія складаюць больш за траціну ўсяго экспарту краіны. У выніку, лічыць ён, варта чакаць не толькі змяншэння валютнай выручкі, але і скарачэння паступленняў у бюджэт экспартных пошлінаў на нафтапрадукты. Акрамя таго, на фоне крызісу на сусветных фінансавых рынках ужо назіраецца падзенне коштаў на золата і фосфарныя ўгнаенні. Таму, паводле словаў акадэміка, не выключанае і зніжэнне коштаў на калійныя ўгнаенні, якія таксама з'яўляюцца значным артыкулам беларускага экспарту. У цэлым варта чакаць зніжэння паступленняў у бюджэт ад знешняга гандлю.

Для банкаўскай сістэмы Беларусі сусветны фінансавы крызіс можа прывесці да страты ліквіднасці, скарачэння рэсурсавай базы, росту знешняй запазычанасці і страты ўласнага капіталу. Таму ёй, на думку акадэміка, трэба "падвышаць манетызацыю і капіталізацыю".

Агульны статутны фонд банкаў на 1 ліпеня 2008 года быў роўны каля 2,5 млрд. даляраў. Гэтых сродкаў банкаўскай сістэме ва ўмовах крызісу можа быць занадта мала для стабільнага развіцця. "У выніку можа ўзнікнуць крызіс неплацяжоў, пазыкі банкаў перад сваімі контрагентамі, праблемы з наяўнасцю грошай на рынку міжбанкаўскага крэдытавання, рэзкі адток банкаўскіх укладаў з боку грамадзянаў і юрыдычных асобаў". П.Нікіценка лічыць, што ў банкаўскі сектар трэба прыцягваць, у першую чаргу, расейскі і кітайскі капіталы. Доля замежнага капіталу на пачатак верасня складала 22,2%.

Акадэмік прагназуе, што паколькі Расея ўжо церпіць уплыў сусветнага фінансавага крызісу, магчымае часоавае зніжэнне попыту на беларускія тавары на расейскім рынку. Аднак рабіць якія-небудзь дзеянні па сыходзе з зоны расейскага рубля беларускім прадпрыемствам не варта. "Маючы самы высокі узровень ліквіднасці ў свеце, расейскі рубель у найбліжэйшай перспектыве ўвойдзе ў склад самых надзейных валютаў свету", — лічыць Пётр Нікіценка.

Інфляцыя фінансавых сродкаў на сусветных рынках прывядзе да росту выдаткаў на абслугоўванне знешняй беларускай пазыкі. Таму могуць стварыцца перадумовы для крызісу ліквіднасці ў нашай краіне. У сувязі з гэтым, на думку П.Нікіценкі, трэба "арыентавацца, перш за ўсё, на прыцягненне не крэдытаў і пазыкаў, а прамых інвестыцыяў, якія не павялічваюць знешнюю дзяржпазыку".

Умацаваць стабільнасць фінансавай сістэмы Беларусі павінна далейшая лібералізацыя эканомікі, лічыць акадэмік.

Падобнага меркавання прытрымваецца і міністр эканомікі Мікалай Зайчанка: "Без адпаведных рэформаў, без адаптацыі эканомікі да магчымых сусветных выклікаў гэтыя наступствы могуць быць значна больш сур'ёзнымі", — прыводзіць яго словы БелТА. Ва ўрадзе нават створаная адмысловая працоўная група, якая адсочвае, што адбываецца ў сусветнай эканоміцы.

Дарэчы, рэформы ў беларускай эканоміцы, якія пачаў праводзіць урад, таксама былі выкліканыя знешнімі фактарамі. "Праблемы, якія прыйшлося пераадольваць ураду ў 2007 годзе ў сувязі з рэзкім падаражэннем коштаў на энерганосьбіты, прывялі да развароту ўсёй эканамічнай палітыкі дзяржавы ў бок лібералізацыі", — адзначыла намесніца міністра Таццяна Старчанка. Найважнейшай высновай з досведу мінулага года, паводле яе словаў, для ўрада стала "разуменне жорсткай неабходнасці паскарэння інавацыйнага і інвестыцыйнага развіцця краіны".

Карацей, пакуль гром не грымне…

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках