25 лiстапада 2024, панядзелак, 11:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі не будуць працаваць тэлефоны, прывезеныя з-за мяжы?

22

У канцы гэтага года можа ўступіць у сілу новы закон, паводле якога SIM-карты ў незарэгістраваных тэлефонах проста не будуць працаваць. За тое, каб працаваў мабільны, прывезены з-за мяжы, прыйдзецца заплаціць.

З прыняццем закона асабісты нумар (IMEI) кожнага новага тэлефона, які трапляе на тэрыторыю Беларусі, будзе занасіцца ў агульнарэспубліканскую базу. Базай у сваю чаргу будуць валодаць мабільныя аператары. І тэлефоны з незарэгістраванымі IMEI-нумарамі проста не будуць абслугоўваць.

Новаўвядзенне, вядома ж, не будзе дакранацца тых тэлефонаў, якімі ўжо сёння карыстаюцца беларусы. Адключаць ваш сотавы аператар не будзе. Аднак калі пасля ўступлення ў сілу закона вы самі набылі тэлефон за мяжой і прывезлі яго ў Беларусь, за рэгістрацыю IMEI-нумары прыйдзецца заплаціць. Аб гэтым «Еўрарадыё» паведаміў начальнік аддзела Генпракуратуры па назіранні за дазнаннем Салаўдзі Магамадаў.

«З моманту ўступлення закона ў сілу ўсе нумары новых тэлефонаў, ідучых у Беларусь, павінныя быць у рэестры. Калі іх няма – напрыклад, вы прывезлі тэлефон з-за мяжы, значыць, за вызначаную плату гэты тэлефон будзе ўносіцца ў рэестр», - сцвярджае Салаўдзі Магамадаў.

Закон разлічаны першым чынам на скарачэнне колькасці «шэрых» тэлефонаў – незаконна правезеных праз мытны кантроль і якія не прайшлі сертыфікацыю. Новы закон дапаможа таксама разабрацца з праблемай крадзеных тэлефонаў, якіх на сёння па Беларусі больш за 10 тысяч. Так, па словах Салаўдзі Магамадава, калі вы набылі крадзены тэлефон, то, як толькі зробіце з яго дапамогай першы званок, у мабільнага аператара адразу высвяціцца ваш IMEI-нумар.

Натуральна выказаць меркаванне, што з увядзеннем закона спросціцца і працэдура сертыфікацыі мабільных тэлефонаў. Бо менавіта з-за складанай працэдуры сертыфікацыі ў Беларусь трапляе так шмат «шэрых» і таннейшых сотавых.

Аднак намеснік начальніка цэнтра сертыфікацыі ўнітарнага прадпрыемства «Гіпрасувязь» Мікалай Каледзін даволі скептычна адрэагаваў на гэтае сцвярджэнне.

«Мы звычайна гаворым, калі закон у нас ужо на стале. А тое, што плануецца там, пакуль гэта ўсе гутаркі», - кажа Мікалай Каледзін.

Што будзе з замежнікамі, якія прыязджаюць у Беларусь са сваімі тэлефонамі і роўмінгам, пакуль невядома. Як сказаў Салаўдзі Магамадаў, галоўнае – прыняць закон з асноўнымі задачамі, такімі, як стварэнне агульнарэспубліканскай базы IMEI-нумароў.

«Законапраект вызначае асноўныя стратэгічныя напрамкі. А вось ужо наступныя працэдуры будуць заснаваныя на патрабаваннях гэтага закона», - кажа ён.

І хоць, па словах Салаўдзі Магамадава, выхаду закона можна чакаць ужо ў канцы гэтага або ў пачатку наступнага года, у Міністэрстве гандлю, дзе нібы дакумент знаходзіцца на дапрацоўцы, паведамілі, што ніякага законапраекта ў іх няма.

«На дадзены момант ён не ў Мінгандлю. Законапраект міністэрствам не распрацоўваецца. Закон распрацоўваецца шматлікімі зацікаўленымі міністэрствамі», - паведамілі ў Мінгандлю.

Але, па словах Салаўдзі Магамадава, менавіта Мінгандль быў ініцыятарам стварэння законапраекта. Яно жа ў тым ліку і распрацоўвала яго. Калі закон усёткі знойдзецца, то плануецца, што з яго ўвядзеннем ў Беларусі ўсе «шэрыя» тэлефоны «пабялеюць» не пазней, чым праз тры гады.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках