26 лiстапада 2024, aўторак, 0:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Над амерыканскім адвакатам Зэльцэрам здзекуюцца ў турме КДБ

3

Юрысты сцвярджаюць, што ў следчым ізалятары Камітэта дзяржаўнай бяспекі Беларусі амерыканскі адвакат Эмануіл Зэльцэр утрымліваецца ў суровых і жорсткіх умовах.

Асуджаны ў Менску амерыканскі юрыст Эмануіл Зэльцэр паводле норм Рады Еўропы ад 2001 года з'яўляецца палітвязнем. Аб гэтым гаворыцца ў звароце, які Амерыкана-расейскі прававы інстытут (Arli) накіраваў у праваабарончыя і міжнародныя арганізацыі 27 кастрычніка.

Arli паказвае, што Э.Зэльцэр быў затрыманы "па палітычных матывах, не звязаных з якімі-небудзь парушэннямі". Пасля яго "асудзілі ў выніку несправядлівага суду за зачыненымі дзвярыма". Акрамя таго, інстытут паведамляе аб "непамерна старонных адносінах" да зняволенага Зэльцэра: яму адмоўлена ў прапісаных леках, не здзяйсняецца неабходная медыцынская дапамога, перадае БелаПАН.

Юрысты таксама паказваюць, што ў турме амерыканец змяшчаецца ў "суровых і жорсткіх умовах". "Так, 24 кастрычніка турэмная варта забрала матрас Зэльцэра ў пакаранне за адмову падпісаць дакумент, які быў неабходны турэмнай адміністрацыі", — гаворыцца ў паведамленні.

Arli заклікаў урад ЗША і шэрагу іншых краін, Еўразвяз, АБСЕ і іншыя міжнародныя арганізацыі "не разглядаць чарговае зняцце санкцый у адносінах Беларусі да таго часу, пакуль не будзе вызвалены Э.Зэльцэр".

31 кастрычніка Вярхоўны суд павінен разгледзець касацыйную скаргу аб невінаватасці кіраўніка Arli, амерыканскага юрыста Э.Зэльцэра і ягонага сакратара, грамадзянкі Расеі Ўладлены Функ. У гутарцы з БелаПАН іх адвакат Зміцер Гарачка заявіў, што "не бачыць аб'ектыўных прычын для паўторнага пераносу паседжання". 26 верасня яно было перанесенае без папярэдняга апавяшчэння. Адвакат выказаў надзею, што ягоныя кліенты будуць прызнаныя невінаватымі.

З.Гарачка таксама распавёў аб дазволе Вярхоўнага суду паўторна запрасіць у Менск незалежнага амерыканскага лекара. Аднак Э.Зэльцэр заявіў, што не супраць агляду, але не бачыць у візіце лекара сэнсу, паколькі рэкамендацыі папярэдняга не былі прынятыя да ўвагі.

Амерыканскія дыпламаты наведвалі Э.Зэльцэра апошні раз 20 кастрычніка. Па іх словах, ён скардзіўся на ўзмацнелыя болі і холад у камеры.

Э.Зэльцэр і Ў.Функ былі затрыманыя 12 сакавіка ў Нацыянальным аэрапарту "Менск". 11 жніўня за выкарыстанне загадзя ілжывых дакументаў і замах на камерцыйны шпіянаж Э.Зэльцэр быў прысуджаны да трох год пазбаўлення волі, У.Функ — да аднаго. Яны настойваюць на сваёй невінаватасці.

Амерыканскаму грамадзяніну таксама інкрымінавалася кантрабанда наркатычных сродкаў. Аднак суд апраўдаў яго па гэтым пункце, не прызнаўшы наркотыкамі таблеткі, якія Э.Зэльцэр прымае апошнія 15 год.

Улады ЗША называюць належны медыцынскі дагляд за Э.Зэльцарам адной з ключавых умоваў нармалізацыі амерыкана-беларускіх адносінаў і дамагаюцца ягонага вызвалення з меркаванняў гуманнасці, паколькі здароўе юрыста прыкметна пагоршылася ў зняволенні без прапісаных ягоным урачом прэпаратаў. Кіраўнік Хельсінскай камісіі ЗША звярнуўся да старшыні ПА АБСЕ з просьбай уключыцца ў працу па вызваленні амерыканскага грамадзяніна.

У жніўні амбасада ЗША прадаставіла беларускім уладам усе неабходныя лекі, аднак яны не былі перададзеныя Э.Зэльцэру.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках