25 лiстапада 2024, панядзелак, 7:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ханс-Георг Вік: «Аб кардынальных зменах у адносінах ЕЗ і Беларусі казаць рана»

2

Старшыня грамадскай арганізацыі «Правы чалавека ў Беларусі», экс-кіраўнік місіі АБСЕ у Беларусі Ханс-Георг Вік лічыць, што не варта разглядаць адмену санкцый як пераломны момант у адносінах Беларусі і ЕЗ.

На пытанні Deutsche Welle адказвае старшыня нямецкай грамадскай арганізацыі "Правы чалавека ў Беларусі", экс-кіраўнік місіі АБСЕ у Беларусі амбасадар у адстаўцы, доктар Ханс-Георг Вік (Hans-Georg Wieck).

-- Ці можна разглядаць рашэнне аб змякчэнні візавых санкцый для шэрагу беларускіх чыноўнікаў як пераломны момант у адносінах паміж ЕЗ і Беларуссю?

-- Я лічу, сёння яшчэ рана казаць аб кардынальных зменах у адносінах паміж Еўропай і Беларуссю. Хутчэй, гэта спроба пайсці па новым шляху для прасоўвання працэсу дэмакратызацыі ў Беларусі, а таксама па шляху абнаўлення беларускай эканомікі.

- Вы выступілі з крытыкай з нагоды формы і часу прыняцця рашэння ЕЗ аб змякчэнні санкцый. Чаму?

- Гэты крок ЕЗ - рэакцыя на вызваленне палітвязняў. Я крытыкаваў час і форму - як і калі гэта зрабілі - улічваючы, што «парламенцкія выбары», якія прайшлі, не далі ніякай надзеі на пачатак дэмакратычнага працэсу ў Беларусі, і акрамя таго, палітычная грамадскасць практычна не была падрыхтаваная да такога кроку ЕЗ. Але я, тым не менш, гатовы падтрымаць гэты крок, нягледзячы на такую няўдалую форму яго рэалізацыі.

- Якой Вы бачыце бліжэйшую перспектыву адносінаў Беларусі і ЕЗ у сувязі са змякчэннем санкцый?

- З аднаго боку паўгады - вялікі тэрмін, з іншага - час ляціць хутка. За гэты час павіннае адбыцца нешта, што дазволіць ЕЗ падоўжыць тэрмін зняцця візавых абмежаванняў. Бо для гэтага трэба адмысловае рашэнне. Калі патрабаванні, якія вылучаюцца ЕЗ будуць прызнаныя Лукашэнкам і ім выкананыя, то ЕЗ будзе ў стане праверыць іх фактычнае выкананне. У цяперашні час ёсць адвакаты Беларусі - Польшча і Літва, якія ўплываюць на фарміраванне меркавання ў ЕЗ у пытаннях збліжэння з ЕЗ Беларусі і Ўкраіны.

- Гутарачы з чыноўнікамі МЗС Германіі і дэпутатамі бундэстага, можна пачуць розныя меркаванні з нагоды перспектываў збліжэння Беларусі з ЕЗ. Адныя абмяжоўваюць гэтыя магчымасці прынятай праграмай палітыкі добрасуседства, іншыя заяўляюць аб магчымасці ўступлення Беларусі ў ЕЗ, няхай і ў далёкай перспектыве. Якое Вашае меркаванне?

- Пытанне аб тым, ці патрэбная нам Беларусь або не, не мае ніякага значэння. Ёсць Рымскія дамовы 1957 года, у адпаведнасці з якімі кожная краіна, якая адказвае крытэрам ЕЗ, можа падаць заяўку на ўступленне і мець права на яе сур'ёзны разгляд. Цяпер паўстала спрэчная сітуацыя з Турцыяй - ці адносіцца яна да Еўропы або не. Але такая пастаноўка пытання не мае ніякага значэння ў адносінах, напрыклад, Украіны або Беларусі. Аднак у Еўропе пакуль не ведаюць, ці хоча большасць насельніцтва Беларусі ў ЕЗ або не. Павінная быць выразнасць і ў гэтым пытанні. У адрозненне ад Украіны, дзе на нацыянальным узроўні ёсць кансенсус з нагоды руху краіны ў бок ЕЗ. Так, застаецца адкрытым пытанне, калі краіна зможа выканаць умовы, неабходныя для ўступлення ў ЕЗ. Але ЕЗ па адносінах да Ўкраіны ўжо выйшаў за рамкі, абяцаныя раней. І гатовы падпісаць з Украінай дамову аб асацыяваным партнёрстве.

- У апошні час усё часцей крытыкуюць беларускую апазіцыю, папракаючы яе ў бяздзейнасці. Як Вам уяўляецца сітуацыя, улічваючы Ваш досвед працы ў Беларусі і асабістае знаёмства з лідэрамі апазіцыі?

- Беларуская апазіцыя толькі здаецца слабой. Яна слабая ў тым сэнсе, што яна стала знаходзіцца пад ціскам рэжыму і не можа свабодна развівацца. Калі б апазіцыя магла абапірацца на падтрымку міжнародных арганізацый, то магчымасцяў было б значна болей. Менавіта так выглядала сітуацыя падчас працы місіі АБСЕ у Беларусі ў гады з 1997 па 2001 год. Вядома, у апазіцыі павінныя з'яўляцца маладыя кадры. Але новае пакаленне кіраўнікоў, калі яно будзе, сутыкнецца з тымі жа цяжкасцямі, што і цяперашняе. Тыя, хто сцвярджаюць, што беларуская апазіцыя слабая, проста не бачаць, што апазіцыя існуе пад ціскам, і рэжым выцясняе іх з прасторы, дзе яна можа быць заўважаная грамадскасцю. Калі б ў апазіцыі была магчымасць быць абранай у парламент, магла б разгарнуцца дыскусія з нагоды палітыкі Лукашэнкі. Але Лукашэнка менавіта гэтага і не дапушчае. Хаця па некаторых выніках у асобных акругах, можна сцвярджаць, што перамога апазіцыйных кандыдатаў была магчымая. Але, нажаль, гэта ніяк не адбілася на выніках «выбараў».

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках