25 лiстапада 2024, панядзелак, 17:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генпракуратура прад'явіла прэтэнзіі да МУС і дапытала Навумава?

15

Учора Генпракуратура Беларусі правяла пашыраную нараду, на якой была пастаўленая задача ў найкарацейшыя тэрміны актывізаваць працу ў сферы выяўлення і ракрыцця карупцыйных злачынстваў.

Аб гэтым учора паведаміў журналістам начальнік упраўлення па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю Генпракуратуры Аляксандр Ракевіч.

Паводле яго словаў, за 9 месяцаў бягучага года выяўленыя 2354 злачынствы ў сферы карупцыі, што на 5,6% менш чым на працягу мінулага года. Аднак, паводле яго словаў, "гэты адсотак мог бы быць і вышэй".

"Найбольш часта злачынствы ў сферы карупцыі выяўляюцца ў сферы прамысловасці, сельскай гаспадаркі, будаўніцтва і гандлю. Заўважных зрухаў у выяўленні гэтага віду злачынстваў у параўнанні з мінулым годам не адбылося", - цытуе Ракевіча «Интерфакс».

На думку начальніка ўпраўлення, Генпракуратуру на дадзены момант не можа задаволіць праца пракурораў.

Разам з тым, на нарадзе ў Генпракурора былі выяўленыя прэтэнзіі і да органаў унутраных справаў.

"У апошні час сталі рэдкімі выпадкі прыцягнення за карупцыйныя злачынствы буйных дзяржаўных чыноўнікаў", - адзначыў Ракевіч.

Варта адзначыць, што за вельмі мяккай фармулёўкай Ракевіча хаваюцца вельмі глабальныя прэтэнзіі Генпракуратуры Беларусі да МУС.

Як паведамляюць АФН крыніцы, за дзень да правядзення нарады, у панядзелак у Генпракуратуру быў выкліканы на допыт ніхто іншы, як сам міністр унутраных справаў Беларусі Уладзімір Навумаў. Паводле словаў крыніцы, допыт працягваўся каля двух гадзінаў. Не выключана, што падчас гэтай працэдуры Генпракуратура выявіла шмат цікавых звестак, якія дазволілі Ракевічу публічна абвінаваціць МУС у адсутнасці справаў у дачыненні да буйных чыноўнікаў.

"За 9 месяцаў 2008 года сярод карупцыйных злачынстваў найбольш частымі былі службовыя падробкі (626 выпадкаў), крадзяжы шляхам злоўжывання службовым становішчам (588 выпадкаў), атрыманне хабару (427 выпадкаў), даванне хабару (348 выпадкаў) і злоўжыванне службовым становішчам (237 выпадкаў)", - паведаміў учора Ракевіч.

Паводле звестак Генпракуратуры, за 9 месяцаў 2008 года ў Беларусі зарэгістраваныя 2354 злачынствы карупцыйнай скіраванасці ў дачыненні да 1 265 асобаў, якія іх здзяйснілі. Падчас нарады было згадана, што следчымі органаў пракуратуры было расследована 670 крымінальных справаў карупцыйнай скіраванасці. Да крымінальнай адказнасці прыцягнута 48 супрацоўнікаў МУС, 1 – КДБ, 3 – ДФР КДК, 1 работнік суду, 46 супрацоўнікаў ДМК, 18 дзяржслужачых, 10 супрацоўнікаў МНС, 22 вайскоўцы, 15 памежнікаў.

Паводле статыстычных дадзеных, больш за ўсё прыцягнута да крымінальнай адказнасці службовых асобаў за злачынствы ў сувязі з іх службовай ці прафесійнай дзейнасцю ў сферы АПК – 181, гандлю – 123, прамысловасці – 85, будаўніцтва – 81, адукацыі – 37, медыцыны – 26, транспарта – 21.

Па справах, якія расследвала пракуратура, выяўленая шкода на суму 8 млрд. 785 млн. рублёў, накладзены арышт на маёмасць на суму 1 млрд. 85 млн. рублёў.

Статыстыка карупцыйных справаў, лік якіх ідзе на тысячы, уражвае. Аднак, у прэсу трапляе інфармацыя толькі аб адзінкавых выпадках, у той час як у развітых краінах любое з падобных злачынстваў становіцца гучным скандалам у маштабах краіны.

У гэтай сувязі цікавы падыход Генпракуратуры ў плане так званага дыферэнцыраванага падыходу да карупцыйных злачынстваў.

«Нельга аднолькава караць людзей за хабар у 50 даляраў і некалькі дзясяткаў тысячаў даляраў», - сказаў А.Ракевіч.

З эканамічнага пункта погляду з гэтым складана не пагадзіцца. Што датычыць маральнага – дык незалежна ад ступені карупцыйнага злачынства чыноўнік павінен несці мінімальнае пакаранне – звальненне з працы. Калі б праваахоўныя органы Беларусі і Генпракуратура прытрымліваліся гэтай этычнай нормы, дык за 9 месяцаў бягучага года сваіх пасадаў пазбавілася б 1265 чыноўнікаў. Няўжо гэта не крызіс?

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках