25 лiстапада 2024, панядзелак, 10:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Фёдараў: «Эўрадэпутаты выбіралі паміж дрэнным і вельмі дрэнным»

Палітоляг Андрэй Фёдараў лічыць, што новы праэкт рэзалюцыі Эўрапарлямэнту, у якім прапанавана не прызнаваць “парлямэнцкія выбары” ў Беларусі свабоднымі і дэмакратычнымі, даволі дакладна адлюстроўвае стаўленьне Эўропы да сытуацыі ў Беларусі.

“Гаворка пра часовае прыпыненьне візавых санкцый гучала ўжо некалькі дзён таму, і тое, што гэтая прапанова ўвайшла ў праект рэзалюцыі і, найхутчэй, будзе прынятая — сьведчыць, што Брусэль, нягледзячы на хібы “выбарчай кампаніі”, па-ранейшаму зацікаўлены ў дыялёгу зь Беларусьсю і дае гэта яшчэ раз зразумець. Тое, што прапануецца не прызнаваць дэмакратычнымі «парлямэнцкія выбары», падаецца лягічным — сапраўды, парушэньняў было занадта шмат. Адпаведна, лічу нармальным падыходам тое, што санкцыі будуць зьнятыя з тых асобаў, якія ня ўдзельнічалі ў арганізацыі “выбараў”, - сказаў у інтэрв’ю “Радыё Свабодзе” Андрэй Фёдараў.

“Эўропа цяпер апынулася ў такім стане, калі вельмі рэзка абвастрылася супрацьстаяньне з Расеяй. Эўропа бачыць расейскія памкненьні вярнуць пад свой кантроль постсавецкую прастору і спрабуе ня даць Маскве магчымасьці гэта зрабіць, і ў тым ліку ў дачыненьні да Беларусі. Фактычна ёсьць выбар паміж дрэнным і вельмі дрэнным — фактычнай стратай незалежнасьці Беларусі й праблемамі, якія застаюцца з дэмакратыяй у краіне”, - зазначае палітоляг.

Ён не заўважыў значных разыходжаньняў паміж пазыцыямі розных фракцыяў падчас дыскусіі ў беларускім пытаньні — хутчэй наадварот.

“Большая частка прапановаў былі вельмі слушныя — напрыклад, пра зьніжэньне кошту шэнгенскіх візаў. Магчыма, яны і ўвойдуць у рэзалюцыю, але ня трэба забываць, што гэтыя дакумэнты маюць рэкамэндацыйны характар. Эўракамісія ды іншыя выканаўчыя структуры Эўразьвязу не абавязаныя іх выконваць”, - зазначае спадар Фёдараў.

“Можна нагадаць, што гэта ўжо прыблізна 20-ая рэзалюцыя ў справах Беларусі. Нельга казаць, што яны нічога не зрабілі — калі б іх не было, сытуацыя магла б пагаршацца. Але сьцьвярджаць, што яны неяк паспрыялі паляпшэньню сытуацыі ў Беларусі — таксама не даводзіцца”, - падсумаваў Андрэй Фёдараў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках