25 лiстапада 2024, панядзелак, 17:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Моладзь нагадала ўдзельнікам Менскага форума аб палітвязнях (Фота)

6

Апазіцыянеры прыйшлі на распачаты ў сталіцы Беларусі XI Менскі форум з партрэтамі беларускіх вязняў сумлення.

Маладыя людзі прыйшлі да будынка Міжнароднага адукацыйнага цэнтра, дзе праходзіць форум, з партрэтамі актывіста грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Аляксандра Баразенкі, арыштаванага за ўдзел у мірных акцыях пратэсту прадпрымальнікаў, і які з 27 кастрычніка знаходзіцца ў зняволенні ў следчым ізалятары ГУУС Менгарвыканкама. Удзельнікі акцыі таксама трымалі партрэты іншых удзельнікаў «Працэсу-14», асуджаных за тую ж дэманстрацыю па крымінальных артыкулах.

«На мерапрыемстве, якое пачалося сёння, прадстаўнікі беларускіх улад будуць казаць аб тым, што ў нашай краіне «усё нармальна» з правамі чалавека, што ў нас дэмакратыя. Аднак, на самой справе, гэта не так. У Беларусі па-ранейшаму ёсць палітвязні. Гэта дзесяць маладых людзей, фактычна прысуджаных да хатняга арышту за ўдзел у акцыях пратэсту прадпрымальнікаў. За любую правіннасць іх могуць пасадзіць за краты. Таксама гэта Аляксандр Баразенка, які цяпер знаходзіцца ў турме. Нягледзячы на гучныя заявы ўлад, ніякай лібералізацыі ў краіне не адбываецца. Лукашэнка спрабуе абдурыць еўрапейцаў і ўвесь свет. Нельга мець справу з дыктатарам, які кідае сваіх апанентаў у турмы», -- заявіў у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97 моладзевы лідэр Яўген Афнагель.

Маладыя апазіцыянеры таксама лічаць, што ўдзельнікам міжнароднай канферэнцыі, якая надае шмат увагі пытанням эканомікі, важна ведаць, што змешчаны ў турму Аляксандр Баразенка і ўдзельнікі «Працэсу 14-ці» пацярпелі за тое, што прынялі ўдзел у акцыях у абарону правоў прадпрымальнікаў. Не меней важным актывісты лічаць і тое, што сёння іх бацькі губляюць працу і сродкі да існавання, бо з'яўляюцца прадпрымальнікамі. Беларускія ўлады сёння робяць усё, каб знішчыць прыватны бізнэс, лічаць актывісты апазіцыі.

Арганізатары Менскага форума не пакінулі без увагі пратэст моладзі. Да маладых апазіцыянераў выйшаў кіраўнік Менскага форума Райнэр Лінднер і запрасіў маладых людзей прыняць удзел у канферэнцыі.

Менскі форум быў заснаваны ў 1997 годзе і з'яўляецца штогадовай міжнароднай канферэнцыяй, на якой абмяркоўваюцца пытанні еўрапейска-беларускіх адносін, а таксама адносін з суседнімі дзяржавамі. Буйная міжнародная канферэнцыя арганізаваная нямецкай амбасадай у Менску сумесна з нямецка-беларускім таварыствам і германскім фондам «Навука і палітыка» і прысвечаная пытанням палітыкі, эканомікі, а таксама культуры і гісторыі.

Сёлета каля 300 удзельнікаў форума прадставяць, у прыватнасці, Беларусь, Германію, Латвію, Літву, Польшчу, Расею, Украіну, Фінляндыю, Швецыю.

Старшыня Менскага форума Райнэр Лінднэр з удзельнікамі акцыі салідарнасці з палітзняволенымі

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках