26 лiстапада 2024, aўторак, 2:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генадзь Грушавы: «30 тысячаў беларускіх дзяцей становяцца невыязнымі»

2

«Беларускі ўрад выставіў такія ўмовы аб дзіцячым аздараўленьні за мяжой, якія фактычна патрабуюць зьмяненьня заканадаўстваў краінаў, што прымаюць у сябе дзяцей», - заявіў у інтэрв’ю «Радыё Свабода» старшыня фонду «Дзяцям Чарнобыля» Генадзь Грушавы.

Паводле ягоных словаў, у жніўні беларускі ўрад амаль цалкам прыпыніў дзейнасьць фонду.

«Фактычна гэта дзейнасьць была прыпыненая беларускім урадам ужо сёлета ў жніўні. Увесь гэты час фактычна ніводная дабрачынная ініцыятыва ня можа накіраваць беларускіх дзяцей на замежнае аздараўленьне. Гэта тычыць вялікай колькасьці беларускіх дзяцей. Нейкія абсалютныя лічбы называць рана, аднак, як я мяркую, сёлетняе аздараўленьне ў параўнаньні з папярэднімі скарацілася прыкладна на 30-35 адсоткаў», – паведаміў Генадзь Грушавы.

Аднак сама галоўнае нават ня тое, што пад пытаньнем апынулася далейшая дзейнасьць такіх арганізацыяў, як «Дзецям Чырнобыля», заўважае ён.

«Беларускі ўрад для падпісаньня міждзяржаўных пагадненьняў аб дзіцячым аздараўленьні выставіў такія ўмовы, якія фактычна непрымальная з гледзішча заканадаўства гэтых краінаў. Гэтыя ўмовы фактычна патрабуюць таго, каб гэтыя заканадаўствы былі зьмененыя. Напрыклад, каб паводле ўзору нашай краіны, дзяржава, урад маглі ўмешвацца ў дзейнасьць няўрадавых арганізацыяў, грамадзянскіх ініцыятываў і такім чынам разбураць галоўную сутнасьць гэтай дзейнасьці. Я маю на ўвазе дабрачыннасьць. Яна робіцца не дзяржавай, ня нейкімі дзяржаўнымі ўстановамі», - тлумачыць Генадзь Грушавы.

«Калі замежнікі, гаворачы пра гэту справу, кажуць «беларускі бок», то маюць на ўвазе ўсё ж не дзяржаву, а шматлікія беларускія дабрачынныя арганізацыі. Калі ўлічваць гэты момант, то можа здарыцца так, што пагадненьня ўвогуле ня будзе. Вынятак толькі Італія, якая падпісала падобныя пагадненьні зь беларускім урадам. Там асобая сытуацыя», - дадае старшыня фонду і тлумачыць чыньнікі, што прывялі да гэтага:

«Справа ў тым, што прыканцы 1990-х там было ўтворана штосьці кшталту нашага дэпартамэнту па гуманітарнай дапамозе. Гэта дзяржаўная структура пры міністэрстве, якая фактычна дае дазвол, як і ў Беларусі, на дзейнасьць дабрачынных арганізацыяў. Гэта выглядае даволі дзіўна, аднак, тым ня менш, італьянскі бок пайшоў на такі крок, як падпісаньне дамоваў зь Менскам.

Мне было гэта цяжка прыняць, некаторы час мы яшчэ працацвалі разам, але ў апошні год я адмовіўся ад гэтага супрацоўніцтва, бо калі дзяржава ўмешваецца ў справы гуманітарныя, гэта, зразумела, ня лепшы ўзор.

Што тычыцца юрыдычных момантаў, то на працягу апошніх 10-ці год распрацаваныя і дзейнічаюць такія дакумэнты, якія рэгулююць усё, што тычыць паездак нашых дзяцей за мяжу.Гэтыя дакумэнты мы з нашымі партнэрамі абавязаныя падпісваць і яны, гэтыя пагадненьні паміж няўрадавымі арганізацыямі, зацьверджваюцца ў Беларусі нашым урадам», - зазначае Генадзь Грушавы.

Аздараўленьню чарнобыльскіх дзяцей за мяжой няма альтэрнатывы унутры нашай краіны, як і няма апраўданьня для згортваньня гэтых праграмаў, лічыць ён.

«На жаль, у Беларусі мы пакуль не маем такіх умоваў для рэабілітацыі, аздараўленьня і адпачынку дзяцей. А на вашае пытаньне ёсьць такі просты адказ. Яшчэ ў 2005 годзе кіраўнік Беларусі заявіў на нейкім сходзе, што проста сорам, калі беларускія дзеці едуць на адпачынак у іншыя краіны. Нічога добрага яны адтуль не прывозяць. Гэта была праграмная заява, пасьля якой усе дзяржаўныя структуры пачалі крок за крокам фактычна абмяжоўваць, а сёньня, можна казаць, і зьнішчаць тое, што зьяўляецца здабыткам менавіта грамадзянскай супольнасьці Беларусі.

Усе гэтыя дабрачынныя гуманітарныя праекты, гэта ўсё тое, што было адбудавана на пачатку 1990-х гадоў. Я б яшчэ падкрэсьліў, яшчэ да таго часу, як прыйшоў да ўлады Аляксандар Лукашэнка. Сёньня тое, што засталося яшчэ з нашых дэмакратычных часоў, канчаткова зьнішчаецца.

І яшчэ адно, што я хацеў бы падкрэсьліць. У Беларусі дзейнічае абмежаваньне для грамадзянаў, якія парушылі закон, ім не дазваляецца выезд за мяжу. Я не ведаю дакладна колькасьць людзей, які страцілі такое права. такую магчымасьць выяжджаць у розныя краіны, можа гэта тысяча, можа дзьве тысячы чалавек. але пасьля зьяўленьня указу 555 Аляксандра Лукашэнкі фактычна толькі ў бліжэйшыя часы 30 тысячаў беларускіх дзяцей фактычна трапляюць у гэты сьпіс. Яны невыязныя», - зазначыў Генадзь Грушавы.

У выпадку, калі гэтыя пагадненьні ўсё ж ня будуць падпісаныя - а хутчэй за ўсё так і адбудзецца, гэта значыць толькі тое, што ўсе беларускія дзеці апынуліся ў гэтым сьпісе, мяркуе старшыня фонду.

«Таму мяне вельмі цікавіць, як будуць рэагаваць вось на такое парушэньне чалавечых, грамадзянскіх правоў, усіх міжнародных нормаў праваабарончыя арганізацыі. Канечне, мы спрабуем нешта зрабіць, мы шукаем нейкія шляхі, каб ўсё ж захаваць тое, што было адбудавана за гэтыя гады.

Але пакуль водгуку праваабарончага фронту няма, гэта першае. Па-другое, няма шырокага грамадзянскага абмеркаваньня -- што гэта азначае ня толькі для Беларусі, але і для Эўропы. Бо гэта кранае інтарэсы ня толькі беларускіх сямей, але тысячаў сем’яў у Эўразьвязе», - сказаў Генадзь Грушавы.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках