26 лiстапада 2024, aўторак, 2:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Данейка: «Пытанне дэвальвацыі становіцца галоўнай тэмай для разважанняў урада»

11

Дэвальвацыя дазволіла б Беларусі зняць праблемы з аплатным балансам і ўнутраным рынкам.

Такое меркаванне выказаў рэктар Маскоўскай школы бізнэсу эканаміст Павел Данейка 14 лістапада на паседжанні ХI Менскага форума ў межах секцыі, дзе абмяркоўваліся наступствы фінансавага крызісу для Беларусі.

Пытанне дэвальвацыі беларускага рубля стане на бліжэйшы час галоўнай тэмай для разважанняў урада Беларусі, лічыць эксперт.

"Калі не правесці радыкальную дэвальвацыю курса беларускага рубля, то мы не зможам вярнуцца ў сітуацыю 1998 года, калі беларускія тавары са свістам сыходзілі на расейскі рынак, таму што былі надзвычай канкурэнтаздольныя", — адзначыў П.Данейка.

Па ягоных словах, дэвальвацыя дазволіла б зняць праблемы з аплатным балансам і ўнутраным рынкам. "Гэта, вядома, непрыемная навіна для нас, але "жыццё ў крэдыт" на бліжэйшыя гады скончылася ва ўсім свеце, скончылася яно і ў Беларусі. Значыць, трэба будзе стымуляваць спажыванне беларускіх тавараў, і праз дэвальвацыю гэта суцэльна магчыма", — сказаў эканаміст.

Захаваць сённяшні курс даляра магчыма, але гэта запатрабуе прыцягнення вельмі вялікіх рэсурсаў, лічыць П.Данейка.

Эксперт таксама звярнуў увагу на вельмі неспрыяльныя перспектывы росту дэфіцыту аплатнага балансу Беларусі ў сувязі з глабальным фінансавым крызісам, у прыватнасці, на падзенне інвестыцыйнага попыту ў Расеі, якое вядзе да скарачэння вытворчасці інвестыцыйнай прадукцыі ў Беларусі.

11 лістапада Цэнтрабанк Расеі прыняў рашэнне саслабіць рубель да бівалютнага кошыка на 1%, а таксама абвясціў аб падвышэнні адсоткавых ставак з 12 лістапада. Раней кіраўнік Банка Расеі Сяргей Ігнацьеў заявіў, што не выключае магчымасці некаторага паслаблення расейскай валюты, адзначыўшы, аднак, што расейскія ўлады і Цэнтрабанк не зацікаўленыя ў рэзкай дэвальвацыі рубля.

Ва Ўкраіне грыўна дэвальвавала ў кастрычніку па стаўленні да амерыканскага даляра на 18,5%. Не дапусціць наступнай імклівай дэвальвацыі нацыянальнай валюты закліканы вылучаны Ўкраіне Міжнародным валютным фондам крэдыт у памеры 16,4 млрд. даляраў.

Агенцтва Bloomberg са спасылкай на прагноз Bank of America паведаміла, што Літва, Латвія і Эстонія могуць у наступным годзе правесці дэвальвацыю сваіх валют і тым самым адкласці ўвядзенне еўра, спрабуючы прадухіліць рэцэсію.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках