26 лiстапада 2024, aўторак, 2:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сярод дырэктараў прадпрыемстваў нарастаюць трывожныя настроі

2

Фінансавая бязладзіца на знешніх рынках правакуе рост песімістычных настрояў сярод дырэктараў беларускіх прадпрыемстваў.

У ліку асноўных фактараў, якія выклікаюць трывогу айчыннага топ-мэнэджменту, — магчымае падзенне попыту на прадукцыю і, як следства, змяншэнне аб'ёмаў вытворчасці.

Першы восеньскі месяц пацвердзіў тэндэнцыю падзення індэкса бізнэс-клімату ў краіне, якая азначылася з сярэдзіны лета. Гэта зафіксаваў маніторынг прадпрыемстваў рэальнага сектара, які штомесяц праводзіцца Нацыянальным банкам. Так, у верасні ў параўнанні са жніўнем індэкс знізіўся на 9,8 адсоткавых пункта. Працэс быў выкліканы ў асноўным чаканым змяншэннем попыту на прадукцыю (працы, паслугі) у наступныя месяцы, піша «Эканамічная газета».

Адзначым, што агляд складзены на аснове апытання больш як 2 тыс. прадпрыемстваў рэспублікі, якія працуюць у сферы прамысловасці, транспарта, будаўніцтва, гандлю і грамадскага харчавання. Маштабы і рэпрэзентатыўнасць выбаркі дазваляюць зрабіць выснову, што гэтыя даследаванні дастаткова дакладна адлюстроўваюць настрой бізнэсмэнаў у цэлым па краіне.

Апрацаваўшы вынікі апытання, аналітыкі Нацбанка канстатавалі, што ўмовы гаспадарання ў верасні сталі менш спрыяльнымі. Пры гэтым павелічэнне ўдзельнай вагі прадпрыемстваў і арганізацыяў, якія назвалі эканамічную кан'юнктуру верасня "неспрыяльнай", адзначана ў прамысловасці (да 36%), у гандлі і грамадскім харчаванні (23,8%).

У цэлым па тых галінах, якія даследваліся, эканамічнае становішча рэспандэнтаў у верасні пагоршылася. Дынаміка суадносінаў станоўчых і адмоўных адказаў змяняецца ў бок росту адмоўных. Найгоршая іх прапорцыя зафіксаваная ў прамысловасці (баланс "мінус" 6,6%).

Пакуль у рэальным сектары эканомікі колькасць аптымістаў пераважае над песімістамі. Колькасць кіраўнікоў прадпрыемстваў, якія ацэньваюць бягучы стан і чаканыя змены як станоўчыя, у верасні на 21,1% перавысіла колькасць тых, хто праяўляе песімістычныя настроі. Аднак абвастрэнне сусветнага фінансавага крызісу ў кастрычніку, а таксама свежыя статдадзеныя падвышаюць верагоднасць таго, што мажорныя настроі стануць слабей за мінорныя. У рэспубліцы за першы месяц восені аб'ём прамысловай вытворчасці ў параўнанні са жніўнем у супастаўных коштах упаў на 7,4%. Так, у хімічнай і нафтахімічнай прамысловасці паказчык знізіўся на 6,4%, лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай — на 1,5%, у прамысловасці будаўнічых матэрыялаў — на 1,2%, металаапрацоўцы — на 0,7%. На 39,5% зменшыўся выпуск пральных машынаў, на чвэрць — трамвайных вагонаў і кавальска-прэсавых машынаў, на 13% — падшыпнікаў.

Адначасова запасы гатовай прадукцыі на складах у студзені- верасні выраслі амаль на траціну і на 1 кастрычніка склалі 4,1 трлн. Br. І, падобна, сітуацыя працягвае пагаршацца. На гэта паказвае як інфармацыя, якая паступае з прадпрыемстваў, так і зводныя дадзеныя, агучаныя на паседжаннях урада. Акрамя таго, спад аб'ёмаў вытворчасці (рэцэсія) сёння назіраецца на многіх буйных прадпрыемстваў Расеі і Ўкраіны. А яны, як вядома, дзеляць рынак з беларускімі калегамі і іх дынаміка для нас паказальная. Да прыкладу, "Камаз" скарачае сваю вытворчую праграму на 2008 г. на 11% — да 54 800 аўтамабіляў і недавыпусціць такім чынам 7000 машынаў. Група "ГАЗ" толькі за верасень-кастрычнік выпусціць на 4000 "Газэляў" менш за план. На складах "АўтаВАЗа" і дылераў трымаецца таварная рэшта ў 100 000 аўтамабіляў, у паўтары разы больш за норму. За ўвесь 2008 г. кампанія прадасць аўтамабіляў на 13% менш, чым у 2007 г. Каб застацца на паверхні практычна ўсе буйныя аўтамабілебудаўнікі Расеі звярнуліся па фінансавую дапамогу да дзяржавы. Гаворка ідзе аб мільярдах даляраў.

Для беларускіх прадпрыемстваў, уцягнутых у гандлёвыя і кааперацыйныя сувязі з замежнымі партнёрамі, іх цяжкасці азначаюць таксама праблемы з разлікамі за адгружаную прадукцыю, што цягне вымыванне абаротных сродкаў. Паказальна, што ў верасні маніторынг Нацбанка зафіксаваў некаторае паляпшэнне забяспечанасці абаротнымі сродкамі. Недастатковай яе назвалі 49,7% удзельнікаў апытання, супраць 50,1% у жніўні. Праз паўтары месяцы ў беларускім урадзе заяўляюць аб неабходнасці павялічваць адтэрміноўку па разліках пры працы з расейцамі. Фінансавы крызіс прымушае пралангіраваць плацяжы да 90-100 дзён, заявіў прэм'ер-міністр Сяргей Сідорскі на нядаўняй сустрэчы з губернатарам Саратаўскай вобласці Паўлам Іпатавым. Разглядаецца нават магчымасць ізноў дазволіць бартэрныя аперацыі.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках