25 лiстапада 2024, панядзелак, 21:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мінэканомікі адмовілася ад рэальнага прагнозу ВУП на карысць агітпрапаўскага

15
Мінэканомікі адмовілася ад рэальнага прагнозу ВУП на карысць агітпрапаўскага

Беларусь прагназуе рост эканомікі ў 2009 годзе на ўзроўні 10-12%, адмовіўшыся ад агучанага раней куды больш рэальнага прагнозу.

Як паведаміў намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур, апублікаваная раней заява аб рэзкім зніжэнні прагнозу да 1-2% была выкліканая памылкай дзяржаўнага перакладчыка, перадае Reuters.

«Мы натуральна чакаем рост ВУП на ўзроўні 10-12%, у той час як рост сусветнай эканомікі прагназуецца на ўзроўні 1-2%», - заявіў Тур па тэлефоне. – «У цяперашні момант у нас няма падставаў для зніжэння нашых прагнозных індыкатараў».

Як паведамлялася, адказваючы праз перакладчыка на пытанні журналістаў па выніках Лонданскага інвестыцыйнага форума, Тур сказаў, што беларускія ўлады спадзяюцца пасля выхаду краіны з рэцэсіі ў 1-ым паўгоддзі атрымаць да канца 2009 года рост ВУП на ўзроўні 1-2%.

І усё ж, піша АФН, дазволім сабе ўсумніцца ў гэткай грубай памылцы перакладчыка, пакінуўшы за Турам лідэрства сярод беларускіх чыноўнікаў па найбольш рэалістычнай ацэнцы будучыні беларускай эканомікі, а раптоўную ды гэтак зразумелую змену «паказанняў» на яго сумленні.

Сёння ў 10-12% росту ВУП Беларусі ў 2009 годзе не павераць нават сяляне суседніх краінаў. Беларусь ужо сутыкнулася з сур'ёзнымі праблемамі, выкліканымі крызісам. Скарацілася экспартная выручка, скарачаюць і нават спыняюць вытворчасць прадпрыемствы, якія працуюць як на экспарт так і на ўнутраны рынак, пагаршаюцца праблемы з банкаўскай ліквіднасцю, папахвае крызісам неплацяжоў, а ўжо аб праблемах на валютным рынку нават згадваць страшна.

Разам з тым, крызіс яшчэ пакуль толькі пастукаўся ў беларускія дзверы. Але ўжо хутка ад гэтай ветлівасці не застанецца і следу. Пасля навагодніх святаў няпрошаны госць расчыніць іх «шырэй» і ўваліцца ў краіну, не пытаючы дазволу гаспадароў.

Беларусь рэальна адчуе на сабе ўсе вабноты крызісу ў канцы студзеня-лютага. Прыкладна ў гэты час усю моц крызісу адчуе на сабе і Расея, з якой Беларусь звязаная 70% знешняга таваразвароту. А таму сённяшнія праблемы пададуцца дзіцячым лепетам у параўнанні з тым, з чым трэба будзе сутыкнуцца эканоміцы «краіны для народа» у вясновыя месяцы.

Трэба адзначыць, што многія высокапастаўленыя чыноўнікі ў кулуарах ускосна пацвярджаюць гэты сцэнар, адмаўляючыся часцяком агучваць нават грубыя прагнозы таго, што чакае краіну праз пару месяцаў. У гэтай сувязі незразумела, чаму падчас неафіцыйных гутарак падставаў для перагляду росту ВУП больш чым дастаткова, а для афіцыйных заяваў такіх падставаў няма. Каго спрабуюць заспакоіць чыноўнікі, у якіх слова рэцэсія ўжо трывала ўвайшло ў паўсядзённы гутарковы лексікон.

Думаецца, што падобныя паводзіны выкліканыя зусім не цяжкасцямі разумення звыклай для Беларусі дзяржаўнай ідэалогіі ў стылі саўковага агітпрапа і нават не бояззю чыноўнікаў страціць працу. Хутчэй за ўсё, усё ўжо значна прасцей, на ўзроўні звычайнага чалавечага страху перад панікай - нам бы дзень прастаяць, ды ноч пратрымацца.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках