25 лiстапада 2024, панядзелак, 4:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«The Washington Post»: Чавес збіраецца змагацца супраць ЗША з дапамогай Лукашэнкі і расейскай зброі

4
«The Washington Post»: Чавес збіраецца змагацца супраць ЗША з дапамогай Лукашэнкі і расейскай зброі

Амерыканская газета «The Washington Post» сёння піша аб нядаўнім візіце ў Венесуэлу прэзідэнта Расеі і пастаўках у гэтую краіну зброі. Па меркаванні выдання, Уга Чавес сёння імкнецца да альянсаў з супернікамі Амерыкі, у тым ліку з Беларуссю.

Прыбыццё ў Венесуэлу расейскага прэзідэнта Мядведзева і атрада караблёў ВМФ РФ на гэтым тыдні адкрыта адрасаваныя Бараку Абаме, лічыць газета The Washington Post. Па словах палітычных аналітыкаў, гэты жэст азначае, што галоўнай праблемай Абамы ў Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыцы будзе папулісцкі ўрад Венесуэлы і ягоны крыжовы паход супраць уплыву ЗША, піша карэспандэнт Хуан Фарэра.

"Прэзідэнт Уга Чавес неяк назваў прэзідэнта Буша "д'яблам", але Абаме ён працягнуў руку і выказаў гатовасць аднавіць дыялог з Вашынгтонам пасля таго, як у верасні выслаў з краіны амбасадара ЗША", – паведамляе аўтар. Аднак, нягледзячы на прымірэнчы тон Чавеса, перад Абамай стаіць складаная задача – перашкодзіць амбіцыям краіны, якая імкнецца да альянсаў з супернікамі ЗША, у тым ліку з Іранам, і, калі верыць галасам крытыкаў, з партызанамі-марксістамі з суседняй Калумбіі, адзначае выданне.

Як лічыць аўтар, у стратэгічным плане Венесуэла для ЗША цалкам не небяспечная. Аднак Чавес у цяперашнім дзесяцігоддзі энергічна імкнуўся запоўніць вакуум улады ва ўмовах, калі з-за непапулярнай палітыкі Буша ўплыў ЗША на Лацінскую Амерыку паменшыўся. Ён таксама зрабіўся ледзь ці не самым голасным змагаром антыамерыканізму сярод лідэраў краін свету, адзначае выданне.

Па дадзеных газеты, Венесуэла склала эканамічныя дамовы з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкай і падпісала кантракты на 4,4 млрд даляраў на пастаўку расейскай зброі, а таксама знаходзіцца ў цесным саюзе з кіраўніком Нікарагуа Даніэлем Артэгай і субсідуе пастаўкі нафты на Кубу.

У верасні Чавес абвясціў Венесуэлу стратэгічным саюзнікам Расеі, а таксама заявіў, што сумесныя вайсковыя вучэнні – гэта "знак для імперыі: Венесуэла больш не бедная, не самотная, не зняважаная".

Як паведамляе карэспандэнт, у аўторак расейскіх маракоў прывіталі ў венесуэльскім порце Ла-Гуайра салютам з 21 гарматы, але ўрад выказаўся нашмат больш стрымана, чым у верасні. За мінулы перыяд Венесуэла сутыкнулася з эканамічнымі і палітычнымі цяжкасцямі: мясцовая нафта патаннела да 40 даляраў за барэль, а апазіцыя ў мінулую нядзелю перамагла на выбарах у шэрагу ключавых гарадоў і штатаў, піша аўтар.

Вашынгтонскі аналітык Майкл Шыфтэр прагназуе, што Чавес паспрабуе паказаць Абаму ў якасці такога жа злыдня, на ролю якога падыходзіў прэзідэнт Буш, але гэта будзе нялёгка, адзначае выданне.

Са свайго боку ўрад Венесуэлы назваў абранне Абамы гістарычнай з'явай і правёў паралелі з прыходам да ўлады некалькіх лідэраў левага толку ў Паўднёвай Амерыцы, піша аўтар.

Венесуэльскі бок часта кажа аб суверэнітэце краіны, абураючыся тым, што Вашынгтон фінансуе шэраг грамадскіх арганізацый Каракаса, шматлікія з якіх выступаюць супраць Чавеса, адзначае выданне. Аднак Венесуэла заяўляе аб парушэнні суверэнітэту і ў тых выпадках, калі адміністрацыя ЗША выказвае заклапочанасць транспартоўкай какаіну праз Венесуэлу або пагрозамі Чавеса ў адрас журналістаў і апазіцыянераў, вядзецца ў артыкуле.

Калі дзяржсакратаром стане Хілары Клінтан, ЗША, мабыць, зоймуць цвёрдую пазіцыю ў адносінах Венесуэлы, асабліва па пытаннях сувязяў з Іранам і антытэрарыстычнай дзейнасці, лічыць аўтар. На дадзены момант у Дзярждэпартаменце мяркуюць, што новая адміністрацыя працягне палітыку Буша па ўмацаванні сувязяў з буйнымі сяброўскімі дзяржавамі рэгіёна – Бразіліяй, Мексікай і іншымі, адзначае выданне.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках