25 лiстапада 2024, панядзелак, 19:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сідорскі: «Гэта ганебшчына. Чыноўнікі ні чорта не робяць»

67
Сідорскі: «Гэта ганебшчына. Чыноўнікі ні чорта не робяць»

Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі ў жорсткай форме запатрабаваў ад чыноўнікаў прыцягнуць у краіну замежныя інвестыцыі.

"Чыноўнікі ні чорта не робяць у краіне па прыцягненні замежных інвестыцый. Нікому нічога не трэба, таму што ёсць стабільны заробак, і яны аддаюць перавагу адседжванню", - заявіў С.Сідорскі на паседжанні прэзідыўма Савета міністраў у сераду пры разглядзе пытання аб інвестыцыйным працэсе па выніках 9 месяцаў 2008 года.

"Зразумейце, мы не выжывем без інвестыцый, без новых праектаў. Але не, гэтая цягамоціна працягваецца - нейкія лічбы, паказчыкі адзін аднаму чыноўнікі пішуць", - канстатаваў прэм'ер.

С.Сідорскі лічыць ганебнай сітуацыю, з якой ён сутыкнуўся на інвестыцыйным форуме ў Лондане, калі асабіста быў вымушаны вырашаць пытанні з патэнцыйнымі замежнымі інвестарамі, якія гатовыя інвеставаць у Беларусь, але не знайшлі падтрымкі ў галіновых органах кіравання. "Гэта проста ганебшчына. Да мяне на лонданскім інвестыцыйным форуме ў чаргу сталі больш за 30 буйнейшых сусветных кампаній для таго, каб распавесці, як не працуюць нашыя міністэрствы", - распавёў С.Сідорскі.

У якасці прыкладу ён прывёў сітуацыю з адным з лідэраў па вытворчасці цяжкіх грузавікоў - кампаніяй "Катэрпілар" (ЗША).

"Катэрпілар" 8 месяцаў ходзіць каля міністра прамысловасці і прапаноўвае сумесныя праекты з БелАЗам, а міністр кажа, што яму гэта не трэба, пры тым, што інвестар гатовы ўступіць у кааперацыю і выпрацаваць сумесную стратэгію засваення рынка, адзначыў С.Сідорскі. Па ягоных словах, інвестар здзіўлены і чакае пэўнага адказу ад беларускага боку.

Звяртаючыся да кіраўніцтва Мінэканомікі, прэм'ер-міністр запатрабаваў ад яго "заняцца, нарэшце, канкрэтнай працай". "Мінэканомікі прапаноўвае ўчорашнія думкі", - канстатаваў С.Сідорскі.

Па меркаванні прэм'ера, сітуацыя, якая склалася, шмат у чым тлумачыцца бояззю адказнасці чыноўнікаў. "У чыноўнікаў боязь адказнасці, ім прасцей задаць інвестарам пытанняў на два гады наперад і адкласці прыняцце рашэння", - сказаў С.Сідорскі.

"Ключавое пытанне - у розных падыходах. У чыноўнікаў асноўнае жаданне - гэта забалбатаць праблему, а потым устаць і на справаздачы ў канцы года сказаць: "У нас нічога не атрымалася з прыцягненнем замежных інвестыцый", - падкрэсліў прэм'ер-міністр, канстатаваўшы, што "інвестары тыднямі беспаспяхова ходзяць па кабінетах".

Прэм'ер таксама падкрэсліў, што не толькі галіновыя органы кіравання, але і органы ўлады на месцах не выконваюць рашэнні ўрада па прыцягненні замежных інвестыцый. "Сёння органы ўлады на месцах не выконваюць рашэнні ўрада па прыцягненні замежных інвестыцый у прадпрыемствы камунальнай уласнасці, а затуляюцца паказчыкамі свабодных эканамічных зон", - сказаў ён.

С.Сідорскі канстатаваў, што "па камунальнай уласнасці заданні па інвестыцыях завалілі, заданні ўрада выкананыя не больш чым на 30%". Пры гэтым ён падкрэсліў неабходнасць вывада паказчыкаў па прыцягненні замежных інвестыцый у свабодныя эканамічныя зоны з агульных статдадзеных рэгіёнаў.

Напісаць каментар 67

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках