25 лiстапада 2024, панядзелак, 18:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Свабодны тэатр» і Хартыя’97 сталі ўладальнікамі прэстыжнага міжнароднага прыза «Freedom to Create»

10
«Свабодны тэатр» і Хартыя’97 сталі ўладальнікамі прэстыжнага міжнароднага прыза «Freedom to Create»

У Лондане адбылася цырымонія ўручэння прызоў міжнароднай арганізацыі ArtVenture і арганізацыі па абароне правоў журналістаў Article 19.

У намінацыі «Freedom to Create» («Свабода творчасці») прыз атрымалі прадстаўнікі Беларусі.

Узнагароды кіраўнікам «Свабоднага тэатра» Мікалаю Халезину, Уладзіміру Шчэрбаню і Наталлі Калядзе, а таксама каардынатару Хартыі’97 Андрэю Саннікаву ўручаў выбітны брытанскі драматург сэр Том Стопард.

«Нас вельмі ўзрадавала, што тэма Беларусі паўстала адначасова ў кантэксце творчасці і праблемы выяўлення гэтай творчасці і па сутнасці абароны правоў чалавека, паколькі гэта адзіная краіна ў Еўропе, дзе парушаюцца свабоды і правы чалавека. Удвая больш прыемна, што ўручэнне прэміі адбывалася ў Лондане, паколькі ў Вялікабрытаніі ў «Свабоднага тэатра» цудоўная рэпутацыя і вельмі шмат сяброў. Менавіта тут праходзілі нашы самыя выдатная гастролі. Тое, што прыз уручаў Том Стопард для нас знак таго, што гэты чалавек, які з'яўляецца маральным аўтарытэтам не толькі ў Брытаніі, але і ва ўсім свеце, застаецца сябрам Беларусі і паслядоўным барацьбітом за свабоду выяўлення», -- заявіў пасля ўручэння прэміі кіраўнік «Свабоднага тэатра» Мікалай Халезін.

Па правілах, арганізацыя, якая атрымала прыз, намінуе на гэтую ўзнагароду адну з праваабарончых арганізацыяў. «Свабодны тэатр» намінаваў ініцыятыву Хартыя’97.

«Мы вырашылі намінаваць на гэтую прэмію Хартыю’97, таму што ў яе дзейнасці дамінуе маральная пазіцыя. І менавіта гэта аб'ядноўвае нас, бо мы лічым, што на чале любога працэсу павінен стаяць этычны бок», -- сказаў Халезін.

«Разам са «Свабодным тэатрам» мы падзяляем ідэю, што пасля таго, як у Беларусі пераможа дэмакратыя, увесь еўрапейскі кантынент упершыню ў сваёй гісторыі стане свабодным ад таталітарызму і дыктатураў. Таму нам сёння настолькі важная падтрымка, якую аказалі заснавальнікі гэтага прыза. Адстойваючы еўрапейскія каштоўнасці, адстойваючы сваю годнасць і правы чалавека, мы зможам дамагчыся свабоды для сваёй краіны», -- сказаў міжнародны каардынатар Хартыі’97, адзін з лідэраў «Еўрапейскай Беларусі» Андрэй Саннікаў.

Прыз «Freedom to Create» («Свабода творчасці») заснаваны міжнароднай арганізацыяй ArtVenture і арганізацыяй па абароне правоў журналістаў Article 19. Ён прысуджаецца прадстаўнікам творчых прафесіяў з ўсяго свету, якія выступаюць у абарону свабоды выяўлення і супраць дыскрымінацыі. У 2008 годзе на прэстыжную прэмію прэтэндавалі 930 прадстаўнікоў 86 краінаў свету. Прызы атрымалі 5 намінантаў, у тым ліку і беларускі «Свабодны тэатр».

Прыз у асноўнай намінацыі, акрамя «Свабоднага тэатра» і Хартыі’97 атрымалі таксама зімбабвійскі драматург Конт Мланге, аўтар сатырычнай п'есы «Добры прэзідэнт» аб рэжыме Роберта Мугабы і пакістанска-нарвежская спявачка і праваабаронца Deeyah, таксама вядомая як Мусульманская Мадона.

ArtVenture – дабрачынная арганізацыя, мэтай якой з'яўляецца выкарыстанне сілы мастацтва і культуры для паляпшэння жыцця людзей. Арганізацыя падтрымлівае творчыя праекты і людзей, якія пры дапамозе мастацтва спрабуюць вырашыць сацыяльныя праблемы, наладзіць сувязі паміж рознымі культурамі.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках