25 лiстапада 2024, панядзелак, 18:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Нямецкая хваля»: Беларускія ўлады працягваюць пераслед апазыцыі

Нягледзячы на абвешчаную ўладамі «лібералізацыю», у Беларусі працягваюцца парушэнні правоў актыўных грамадзян. Затрыманні, арышты, звальнення з працы і просьбы прадаставіць палітычны прытулак за мяжой сталіся штодзённай рэчаіснасцю.

На нарадзе з актывам Віцебскай вобласці Аляксандр Лукашэнка назваў сваёй галоўнай задачай абарону «правоў людзей на годны заробак, на тое, каб свабодна жыць і гаварыць тое, што чалавек думае». Але ў рэчаіснасці сітуацыя выглядае інакш, перадае «Нямецкая хваля».

Прыкладам гэтаму – затрыманні моладзевых актывістаў, якія штовечар ладзяць акцыі салідарнасці з Аляксандрам Баразенкам. Ён знаходзіцца ў следчым ізалятары па абвінавачванні за ўдзел у ў масавых беспарадках пад час вулічных акцыяў пратэсту прадпрымальнікаў, якія адбыліся ў Мінску сёлета ў студзені. Менавіта за гэта 8 снежня Баразенку будуць судзіць у Цэнтральным раённым судзе сталіцы.

За ўдзел у акцыях салідарнасці з Баразенкам, якія адбываліся 19, 22 і 24 снежня, супрацоўнікі праваахоўных органаў затрымалі каля двух дзесяткаў чалавек, прычым некаторых – з прымяненнем грубай фізічнай сілы. Сярод затрыманых былі актывісты «Маладога Фронту» Аляксей Янушэўскі, Іван Шыла і іншыя. Праўда, складанняў пратаколаў і судоў над імі не было.

«Шытая» справа

Актывіста кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўгена Афнагеля 24 лістапада без тлумачэння прычын выклікалі ў Савецкі РАУС Мінска, дзе яму паведамілі, што ён праходзіць у якасці сведкі па крымінальнай справе аб крадзяжы, пра існаванне якой нават і не падазраваў. Следчая Адзінец паведаміла маладзёну, што 16 красавіка гэтага году на тэрыторыі Савецкага раёна быў здзейснены крадзёж, і адзін з сведкаў гэтага крадзяжу – непаўнагадовы хлопчык - апазнаў Афнагеля на відэаздымках, зробленых у РАУСе, калі таго затрымлівалі за ўдзел у адной з масавых акцыяў.

Яўген патлумачыў, што менавіта 16 красавіка быў першы дзень знакамітага «Працэсу чатырнаццаці», і ён знаходзіўся ў судзе Цэнтральнага раёна Менску амаль увесь дзень, таму ў яго ёсць алібі, якое могуць пацвердзіць дзесяткі людзей.

Актывіст назваў гэтыя дзеянні ўладаў новым спосабам ціску на апазіцыйных актывістаў.

«Цалкам верагодна, што зараз нас могуць саджаць і пераследаваць не па палітычных артыкулах, а па артыкулах за звычайнае злачынства, каб потым складаней было даказаць, што мы палітвязні. Гэта новая стратэгія да актывістаў апазіцыі», - кажа Яўген Афнагель.

Затрыманні за пікеты

У той сама дзень у Менску каля офіса аператара мабільнай сувязі МТС адбылася акцыя з заклікам перавесці абслугоўванне абанентаў на беларускую мову. На месца акцыі прыбылі супрацоўнікі міліцыі і затрымалі шасцёх з дваццаці ейных ўдзельнікаў. Сярод затрыманых былі кіраўнік «Моладзі БНФ» Франак Вячорка, намеснік старшыні «Маладога Фронту» Іван Шыла і іншыя. У пастарунку Першамайскага раёну актывістаў пратрымалі больш за гадзіну і, перапісаўшы іх пашпартныя дадзеныя, вызвалілі.

Напрыканцы акцыі «Нюрнбергскі працэс на камунізмам!», якая адбывалася ля будынка Вярхоўнага суда 21 лістапада, ахова суда затрымала непаўнагадовую актывістку «Маладога Фронту» Юлію Міхайлаву, якая фатаграфавала адбыванае. Праз некаторы час намесніца старшыні арганізацыі Наста Палажанка зайшла ў Вярхоўны суд, каб даведацца пра далейшы лёс паплечніцы, аднак ахова не дазволіла ёй выйсці назад на вуліцу. Пасля размовы з супрацоўнікамі КДБ Насту Палажанку адпусцілі на волю, а Юлю Міхайлаву адвезлі ў Ленінскі РАУС Мінска, адкуль вызвалілі без складання пратаколу.

Новыя палітэмігранты

Пра тое, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі істотна не паляпшаецца, сведчыць факт просьбы прадаставіць палітычны прытулак за мяжой з боку двух актывістаў Аб’яднанай грамадзянскай партыі з Гарадзеншчыны Віктара Падчыненкава і Уладзіміра Ларына – першы застаўся ў бельгійскім Антвэрпэне, другі – у галандскім Амстэрдаме.

«Падчыненкаў быў кандыдатам у «дэпутаты» з адзінага спіса, Ларын – кіраўніком ягонага выбарчага штабу. Першага прымусілі пакінуць працу, а ў адносінах абодвух пачаўся ціск з боку КДБ. Прычым, у дачыненні да Ларына гэта адбывалася на працягу ўсяго года – яго проста змушалі супрацоўнічаць з КДБ. Таму маладыя людзі зрабілі свой выбар», - зазначыў старшыня АГП Анатоль Лябедзька.

Па ягоных словах, «гэта - не кан’юнктура, гэта – рэакцыя на тую сітуацыю, якая сёння ў краіне. Так што нам яшчэ рана пазітыўна рэагаваць на рыторыку беларускіх уладаў. Людзі вымушаны пакідаць краіну без асабістага вялікага жадання».

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках