25 лiстапада 2024, панядзелак, 10:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка заявіў аб падабенстве пазіцыяў Беларусі і Лівіі і прапанаваў «брату Муамару» пагасціць даўжэй (Фота)

14

«У нас няма адрозненняў у падыходах па пытаннях светаўладкавання», - прыйшлі да высновы Лукашэнка і Кадафі на перамовах у Менску.

«Што датычыць ідэалагічнай асновы нашых адносінаў, дык ў нас няма адрозненняў у падыходах па пытаннях светаўладкавання. Мы, як і вы, лічым, што свет павінен быць шматпалярным. Гэта наогул прынцып і аснова існавання любой сістэмы. Да чаго прыводзіць аднапалярны свет - мы ўжо пераканаліся», - заявіў А.Лукашэнка, сустракаючыся ў Менску з лідэрам лівійскай рэвалюцыі Муамарам Кадафі, які знаходзіцца ў Беларусі з афіцыйным візітам, паведамляе "Интерфакс".

А.Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі «узрадаваныя вашай перамозе на міжнароднай арэне». «Мы ведаем, як складана было вам выстаяць, вытрымаць міжнародныя санкцыі, абсалютна незаконна навязаныя вашаму народу», - сказаў беларускі кіраўнік.

Адзначыўшы, што Лівія з'яўляецца нясталым чальцом Рады бяспекі ААН, А.Лукашэнка сказаў, што Беларусі «імпануе незалежная палітыка Лівіі ў ААН». Кажучы аб гандлёва- эканамічных адносінах паміж краінамі, Лукашэнка заявіў, што «таваразварот не адлюстроўвае патэнцыялу двух дзяржаваў». У гутарцы з М.Кадафі беларускі лідэр таксама падкрэсліў, што ў адносінах з Лівіяй «зачыненых тэмаў для супрацоўніцтва няма». «Мы будзем вітаць вашую падтрымку нашай краіны, працаваць у Лівіі, вітаць вашых спецыялістаў, ваш бізнэс у Беларусі», - заявіў А.Лукашэнка.

У адказ лідэр лівійскай рэвалюцыі выказаў упэўненасць, што «гэты візіт стане вялікім штуршком у развіцці адносінаў». М.Кадафі паведаміў аб тым, што ўчора ўвечары ў Менску сустрэўся з лівійскімі курсантамі, афіцэрамі, якія вучацца ў Беларусі. «Яны выказалі задавальненне навучаннем тут, атрыманымі навыкамі», - сказаў М.Кадафі.

Акрамя таго, лідэр лівійскай рэвалюцыі заявіў, што «з прычыны парушэння балансу сілаў свет стаў аднапалярным». «Ніхто не выконвае прынцыпы ААН, парушаюцца ўсе міжнародныя нормы», - сказаў М.Кадафі.

Кадафі адзначыў, што «Лівія прайшла цяжкі перыяд міжнародных санкцыяў». У гэтай сувязі ён заявіў, што «менавіта Беларусь у гэты перыяд працягнула нам руку сяброўства». Паводле яго словаў, візіт А.Лукашэнкі ў Лівію ў 2000 годзе заклаў асновы двухбаковага супрацоўніцтва. «Я прыехаў, каб яшчэ далей прасунуць нашы адносіны і ўмацаваць іх», - сказаў Кадафі. «Мы спадзяемся ўбачыць нашага сябра яшчэ раз у Лівіі», - адзначыў ён.

У сваю чаргу Лукашэнка заявіў, што ён хацеў бы «з вялікім задавальненнем і цікавасцю пабываць у Лівіі». «Я прыеду з пэўным вынікам. Каб яшчэ раз наведаць Лівію, мы будзем працаваць яшчэ больш інтэнсіўна», - сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

«Брат Муамар, толькі што мы дамовіліся аб асноўных кірунках супрацоўніцтва. Думаю, чальцы вашай дэлегацыі дзеля развіцця нашых дамоўленасцяў да канца дня канкрэтызуюць шмат якія пытанні», - сказаў Лукашэнка і прапанаваў Кадафі затрымацца ў Беларусі даўжэй.

Па выніках праведзеных у Менску беларуска-лівійскіх перамоваў падпісаная канвенцыя аб пазбяганні падвойнага падаткаабкладання, пратакол аб супрацоўніцтве паміж міністэрствам юстыцыі Беларусі і Галоўным народным камітэтам юстыцыі Лівійскай Джамахірыі.

Акрамя таго, у Менску падпісаны мемарандум аб узаемаразуменні паміж Дзяржаўным камітэтам па стандартызацыі Беларусі і Нацыянальным цэнтрам Лівіі па стандартызацыі і метралогіі і дамова аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніяй Беларусі і Генеральным бюро вяшчання Лівіі.

Фота yahoo.com

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках