25 лiстапада 2024, панядзелак, 21:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЗША заклікаюць дапусціць да Зельцэра амерыканскага ўрача

1

Амбасада ЗША у Менску запытала ў беларускіх уладаў дазвол на наведванне амерыканскім лекарам юрыста Эмануіла Зельцэра, які знаходзіцца ў следчым ізалятары ў Менску.

Аб гэтым паведаміў БелаПАН часовы павераны ў справах ЗША у Беларусі Джонатан Мур.

«Мы папрасілі, каб яго ў другі раз агледзеў амерыканскі ўрач, які потым распавёў бы нам аб стане яго здароўя. Але пакуль мы не атрымалі такога дазволу", — сказаў Джонатан Мур.

«На жаль, мы страцілі магчымасць вырашыць яго справу праз суд, які пакінуў прысуд у сіле, — сказаў Д.Мур. — Але я не думаю, што гэта канчаткова. Ёсць іншыя магчымасці для яго выйсці на волю», - сказаў павераны ў справах ЗША.

Амерыканскі дыпламат падкрэсліў, што ў справе Эмануіла Зельцэра «палітычнага кантэксту няма».

«Гэта простае пытанне прыватнага амерыканскага грамадзяніна. Ён вельмі хворы чалавек, які з 12 сакавіка знаходзіцца за кратамі», — сказаў Джонатан Мур.

Намеснік дзяржсакратара ЗША па пытаннях дэмакратыі, правоў чалавека і працы Дэвід Крамер, выступаючы 17 верасня ў Кангрэсе ЗША, заявіў, што абыходжанне з асуджаным амерыканскім юрыстам Э.Зельцэрам з'яўляецца адным з ключавых пытанняў паляпшэння адносінаў паміж Беларуссю і ЗША.

Паводле словаў Дэвіда Крамера, нягледзячы на шматлікія звароты, амбасада ЗША у Беларусі атрымала магчымасць сустрэцца з Эмануілам Зельцэрам толькі пяць разоў і не была дапушчаная на зачынены судовы працэс.

Эмануіл Зельцэр і Уладлена Функ былі затрыманыя 12 сакавіка гэтага года ў Нацыянальным аэрапорце «Менск». 11 жніўня за выкарыстанне загадзя ілжывых дакументаў і замах на камерцыйны шпіянаж Э.Зельцэр быў прысуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі, У.Функ — да аднаго. Абодва настойваюць на сваёй невінаватасці.

Э.Зельцэру таксама інкрымінавалася кантрабанда наркатычных сродкаў. Аднак суд апраўдаў яго, не прызнаўшы наркотыкамі таблеткі, якія юрыст прымае апошнія 15 гадоў.

Улады ЗША дамагаюцца вызвалення Зельцэра з меркаванняў гуманнасці, паколькі здароўе юрыста прыкметна пагоршылася ў зняволенні без прапісаных урачом, які яго лечыць, прэпаратаў. У жніўні амбасада ЗША перадала беларускім уладам усе неабходныя лекі, аднак яны не былі перададзеныя Э.Зельцэру. Між тым, належны медыцынскі догляд за Зельцэрам названы адной з ключавых умоваў нармалізацыі амерыкана-беларускіх адносінаў.

Адвакацкая фірма Patton Boggs, кліентам якой з'яўляецца Э.Зельцэр, звярнулася ў Міжнародны валютны фонд з заклікам не выдаваць Беларусі рэзервовы крэдыт, які просіць беларускі Нацбанк, да таго часу, пакуль амерыканскі юрыст знаходзіцца ў турме. Аналагічны зварот накіравала ў МВФ праваабарончая арганізацыя «Фрыдам Хаўс».

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках