25 лiстапада 2024, панядзелак, 20:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сусветны банк прадказвае запаволенне эканомікі Беларусі

У 2009 годзе тэмпы росту ВУП Беларусі знізяцца амаль удвая – да 5%, а ў 2010 годзе ізноў крыху павялічацца – але толькі да 5,8%.

Такі прагноз эканамічнага развіцця краіны ўтрымліваецца ў даследаванні Сусветнага банка «Глабальныя эканамічныя перспектывы-2009», піша «БДГ».

У цэлым чаканыя эканамічныя вынікі Беларусі застануцца крыху вышэй за сярэднесусветныя: аўтары ГЭП-2009 прагназуюць, што ў 2009 годзе сусветны ВУП вырасце толькі на 0,9%. А ў краінах, якія развіваюцца, тэмпы эканамічнага росту складуць у будучым годзе 4,5%. Аднак прагноз росту беларускай эканомікі, зроблены Сусветным банкам, нашмат больш песімістычны нават за скарэктаваныя параметры, закладзеныя ўрадам.

Нагадаем, учора міністр эканомікі Мікалай Зайчанка заявіў, што па ацэнцы Мінэканомікі, аб'ём прамысловай вытворчасці ў першым квартале 2009 года вырасце на 5%, па выніках першага паўгоддзя – на 7%.

Яшчэ адзін несуцяшальны для Беларусі прагноз – скарачэнне аб'ёмаў сусветнага гандлю ўпершыню з 1982 года. У 2009 годзе яны, як прагназуе Сусветны банк, зменшацца на 2,1%, што азначае істотнае зніжэнне экспарту з краінаў, якія развіваюцца. Паводле інфармацыі, агучанай напярэдадні на паседжанні Савета міністраў, у першым квартале 2009 года ў Беларусі чакаецца зніжэнне экспарту тавараў і паслугаў на 9,5% у параўнанні аналагічным перыядам 2008 года.

Тым не менш, эксперты банка заклікалі ўрады краінаў, якія развіваюцца, і развітых краінаў «супрацьстаяць спакусе ўвядзення пратэкцыянісцкіх мераў, якія толькі падоўжаць і ўзмоцняць крызіс».

Пагаршэнне ўмоваў знешняга гандлю прывядзе да росту дэфіцыту рахунку бягучых аперацыяў. Па прагнозах Сусветнага банка, у 2009 годзе ў Беларусі гэты паказчык складзе 6,2% ВУП, а ў 2010 годзе павялічыцца да 6,4% ВУП.

«Палітыкам у краінах, якія развіваюцца, варта ўважліва сачыць за сітуацыяй у банкаўскай сістэме сваіх краінаў і быць гатовымі звярнуцца да знешняй дапамогі для падтрымання нацыянальнай валюты і банкаўскай сістэмы»,- папярэджвае дырэктар групы па перспектывах развіцця, якая дзейнічае ў структуры Сусветнага банка, Уры Дадуш.

Сусветны банк чакае, што кошт на нафту ў 2009 годзе складзе ў сярэднім 75 даляраў за барэль, а кошты на харчаванне знізяцца на 23% у параўнанні з іх сярэднегадавым узроўнем у бягучым годзе. Агулам, кажацца ў матэрыялах даследавання, з-за падвышэння коштаў на харчаванне і паліва спажыўцы ў краінах, якія развіваюцца, панеслі ў 2008 годзе дадатковыя выдаткі ў аб'ёме прыкладна 680 млрд. даляраў, а ад 130 да 155 млн. чалавек ізноў апынуліся за рысай беднаты.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках