25 лiстапада 2024, панядзелак, 13:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вольга Казуліна – Джорджу Бушу: «Калі б да жорсткай пазыцыі ЗША далучыўся Эўразьвяз, у нас усё было б добра» (Фота)

10
Вольга Казуліна – Джорджу Бушу: «Калі б да жорсткай пазыцыі ЗША далучыўся Эўразьвяз, у нас усё было б добра» (Фота)

Беларускія блёгеры – дачка былога палітвязьня Вольга Казуліна і журналіст Аляксандар Класкоўскі - сустрэліся з прэзыдэнтам ЗША.

Падчас сустрэчы Казуліна заявіла аб неабходнасьці сумесных санкцый ЗША і ЭЗ супраць беларускай дыктатуры. «Гэта пазыцыя мая і майго бацькі», -- заявіла яна.

Вольга Казуліна і Аляксандар Класкоўскі далі інтэрв’ю журналісту “Радыё Свабода” Юрыю Дракахрусту.

Казуліна: Мне вельмі спадабалася гэтая сустрэча, бо ў першыя два разы, калі я зь ім сустракалася, былі вельмі кароткія сустрэчы, мы толькі некалькімі словамі перакідваліся. А тут гэта быў круглы стол, дзе прымалі ўдзел чатыры блёгера з розных краінаў, а таксама мы з Аляксандрам, і мы размаўлялі на працягу гадзіны. Размаўлялі ня толькі пра СМІ, але і пра палітыку ЗША ў адносінах да Беларусі. Я падзякавала Бушу за тое, што ў яго была прынцыповая пазыцыя да Беларусі, бо толькі санкцыі ЗША нам дапамаглі вызваліць палітычных вязьняў, і майго бацьку ў тым ліку. Я выказала спадзяваньне, што Барак Абама будзе гэткім жа прынцыповым у дачыненьні да Беларусі, як і Джордж Буш.

Дракахруст: Аляксандар, а што Вы казалі, што казаў Буш?

Класкоўскі: Фармальна гэта выглядала, што блёгеры з праблемных краінаў, насуперак ціску, тэму правоў чалавека ўздымаюць. Я паслухаў калегаў з Ірану, Кітая, Бірмы, і на гэтым фоне Беларусь нават дэмакратычным раем можа здацца, бо такіх жорсткіх варыянтаў, канешне, у нас няма. Гутарка неўпрыкмет перайшла на палітыку, у прыватнасьці, Буш спытаў у мяне -- ці верыце Вы, што беларускі рэжым можа неяк перавыхавацца, перарабіцца? Я адказаў, што тут ня варта мець наіўных ілюзіяў, але факт, што зараз ціснуць два чыньнікі. Першы - Расея, другі - фінансавы крызіс. І ўлада вымушаная ісьці на пэўныя крокі, у прыватнасьці, што тычацца нармалізацыі стасункаў з Захадам. Яшчэ ў нас была такая невялічкая дыскусія на тэму санкцыяў, я выказаў меркаваньне, што калі гэта "уколы шпількай", дык гэта толькі раздражняе і жаданага эфэкту не прыносіць. Буш кажа: "Ну а калі б усе краіны націснулі?". Я кажу -- па-першае, немагчыма, бо нават паміж Вашынгтонам і Брусэлем няма поўнай згоды. Па-другое, глядзіце, каб ня ўціснуць такім чынам Беларусь у Расею.

Дракахруст: Вольга, а Вы ўдзельнічалі ў дыскусіі наконт санкцыяў?

Казуліна: Ну канешне, я ўдзельнічала. Я сказала, што ў гэтым пляне не падтрымліваю Аляксандра, што нашая пазыцыя - за эканамічныя санкцыі, бо Лукашэнка па-іншаму не разумее.

Дракахруст: Хвілінку. Вы сказалі "наша пазыцыя". "Наша" -- гэта каго?

Казуліна: Гэта мая і майго бацькі. І мы бачым вынік, толькі санкцыі спрыяюць таму, што ў Беларусі наладжваецца хоць нешта. Хаця б няма палітвязьняў. Калі б, як сказаў прэзыдэнт Буш, да жорсткай пазыцыі далучыўся і Эўразьвяз, дык у нас усё было б добра.

Дракахруст: Я так зразумеў, што Буш пагадзіўся з Вамі, а не з Аляксандрам?

Казуліна: Канешне.

Класкоўскі: Ведаеце, у мяне Буш спытаў -- "Дык што, Вы лічыце, што трэба скасаваць усе санкцыі?". І я жартам адказаў, што я не прэзыдэнт ЗША. Зрэшты, і сам спадар Буш падкрэсьліваў, што хутка сыходзіць. Зразумела, ён выслухаў, але ён беларускае пытаньне ўжо не пасьпявае вырашыць.

Дракахруст: Сам прэзыдэнт Буш адзначыў, што ён ужо, у прынцыпе, як гаворыцца, "здае справы", 20 студзеня ён пакідае Белы дом, прычым назаўжды. Можа быць, вашая сустрэча мела сымбалічны зьмест?

Казуліна: Ведаеце, адна справа выконваць абавязкі і весьці палітыку, а другая - адчуваць людзей і быць зь імі душой. Я вось лічу, што і Буш, і многія чыноўнікі, якія працавалі над гэтым пытаньнем - Майкл Козак, Дэвід Крэмэр -- яны былі з намі з душой, яны адчувалі нашы настроі. Мне шкада, што ім давядзецца пакінуць свае пасады. Я ўжо казала, што я выказвала спадзяваньне, што Абама будзе весьці тую ж палітыку, і мы зь ім будзем мець сустрэчы.

Дракахруст: Я памятаю. калісьці Анатоль Лябедзька распавядаў пра сустрэчу з Бушам, праўда, там былі толькі беларусы, і вось, калі яны прыйшлі, Буш першае, што сказаў -- "Мужыкі, віскі будзеце?". Можа, і зараз былі чалавечыя штрышкі гэтай сустрэчы?

Класкоўскі: “Буш не наліваў нам віскі, мы таксама чарку і шкварку не прапаноўвалі, гэта мытня амэрыканскя не дазваляе правозіць. Калі ж казаць сур'ёзна. Буш - вельмі чалавечны чалавек, я паўжартам скажу, як хадакі ў Леніна, гэтак і блёгеры ў Буша. Менавіта вось жаданьне падкрэсьліць сваю блізкасьць, сваё апякунства, шчырую заклапочанасьць праблемамі ў далёкіх краінах, якія, магчыма, выглядаюць экзатычна для амэрыканцаў, адданасьць прынцыпам барацьбы за дэмакратыю, за правы чалавека ва ўсім сьвеце. Ведаеце, я міжволі параўноўваю з фарматам сустрэч з журналістамі вышэйшага кіраўніцтва ў нашай краіне, тут не было ніякага мэнтарскага тону, ніякай рыторыкі, ніякіх перакананьняў, што "мы вядзем правільную палітыку".. Мне ён задаў сем ці восем пытаньняў, я толькі пачаў нешта распавядаць пра блёгерства, пра асаблівасьці сытуацыі са СМІ ў Беларусі, ён адразу перапыніў, пачаў пытацца. Я адчуў, што яго добра кансультуюць, ён валодае добра інфармацыяй. Ён ведае нюансы сытуацыі ў Беларусі. Ён ведае і нюансы журналістыкі. Напрыклад, ён спытаўся -- ну вось, Вольга балатавалася, а Вы ці падтрымлівалі яе, як журналіст? Я сказаў, што тое, што я выступаю ў падтрымку ідэалаў дэмакратыі, гэта спрыяе беларускай апазыцыі, але калі я пачну абслугоўваць апазыцыю, дык чым я буду адрозьнівацца ад афіцыйных журналістаў? Засталося ўражаньне, што ў гэтым мы адзін аднаго зразумелі...

Казуліна: Гэты чалавек - вялікага пачуцьця гумару, вельмі адкрыта сябе паводзіць. Калі мы фатаграфаваліся. ён увесь час усьміхаўся, абдымаў усіх, вельмі-вельмі добрае ўражаньне пакінуў.

Фота з сайту Белага дома ЗША - www.whitehouse.gov

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках