26 лiстапада 2024, aўторак, 1:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праблемы прадпрымальнікаў абмяркуюць у адміністрацыі Лукашэнкі бязь іх удзелу

8

Сёньня чакаецца нарада ў адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі аб прадпрымальніцкай дзейнасьці.

«Радыё Свабода» нагадвае, што намесьнік міністра эканомікі Андрэй Тур паабяцаў, што будзе працягнуты яшчэ на год льготны рэжым увозу тавараў з Расеі. Маўляў, унесены праект указу, дзе 2009 год мяняецца на 2010. Які ж лёс у гэтай прапановы? Напярэдадні спадар Тур адзначыў:

«Ня ведаю ні які лёс. Ні калі будзе прынята рашэньне. Заўтра ў прэзыдэнта нарада па гэтым пытаньні».

Паводле спадара Тура, прадпрымальніцкія структуры ў гэтай нарадзе ня будуць браць удзелу.

Адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Алесь Макаеў заявіў, што напярэдадні на сумесным пасяджэньні розных прадпрымальніцкіх структураў вырашана падтрымаць рашэньне ўдзельнікаў мітынгу 15 сьнежня:

«12-га студзеня а 12-й гадзіне будзе на Кастрычніцкай плошчы мітынг прадпрымальнікаў. Раім прадпрымальнікам пісаць заявы на адпачынак у студзені. Некаторыя ня будуць плаціць арэнду, а некаторыя падаткі. Пасьля новага году, калі ня будзе ніякіх зьменаў, рынкі спыняюць сваю працу».

Рэспубліканская канфэдэрацыя прадпрымальніцтва ўнесла кіраўніку Беларусі прапановы па лібэралізацыі эканомікі. Старшыня канфэдэрацыі Ўладзімер Карагін адзначыў, што ўлады не павінны пагаршаць умовы для індывідуальных прадпрымальнікаў, а пакінуць дзейныя:

«Цяпер праблемы на рынку працы. Да нас вяртаюцца «гастарбайтэры» з Расеі і іншых краінаў. Пэўныя наступствы эканамічнага крызысу закранаюць прадпрыемствы нашай рэспублікі. Індывідуальныя прадпрымальнікі яшчэ не атрымалі прапарцыйна-роўнай сыстэмы падаткаабкладаньня, якую трэба было б укараніць. У гэтым пляне трэба падтрымаць, каб яны маглі рытмічна працаваць, прыносіць карысьць і ня трапілі ў шэрагі беспрацоўных».

Днямі выйшлі два прэзыдэнцкія ўказы, якія тычацца таксама індывідуальных прадпрымальнікаў. Аляксандар Лукашэнка ўстанавіў 3-гадовы мінімальны тэрмін арэнды і адмяніў яе дзяржаўную рэгістрацыю. Другім указам ён прыпыніў правядзеньне праверак, пакуль ня будзе прыняты адмысловы ўказ па рэглямантаваньні адзінага парадку правядзеньня кантрольнай і нагляднай дзейнасьці.

Лідэр аб'яднаньня «За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцва» Віктар Гарбачоў заявіў, што прадпрымальнікі ў чаканьні больш значных крокаў з боку ўладаў:

«Пытаньне ўзьнікае: каго правяраць з новага году, калі 120-150 тысяч прадпрымальнікаў будуць ліквідаваныя? Само сабой адпадае пытаньне кантролю. І другое: каму трэба было арандаваць памяшканьне, яны дамаўляліся і цягам году, і на другі, на трэці год падаўжалі. Дамовы былі падпольныя. Спроба паказаць, што прадпрымальніцтву будуць нейкія паслабленьні – будзем спадзявацца. Мала верыцца. Прынамсі, прадпрымальнікі ў чаканьні».

15 сьнежня ў Менску адбыўся масавы «Марш прадпрымальнікаў» і мітынг, арганізаваны аб'яднаньнем «Пэрспэктыва». Яго ўдзельнікі запатрабавалі захаваць ранейшыя ўмовы працы ІП. Таксама адмяніць дзейны парадак найму работнікаў індывідульнымі прадпрымальнікамі. Дазволіць ім наймаць да пяці чалавек – і ня толькі зь ліку сваякоў. Яны запрапанавалі Аляксандру Лукашэнку стварыць пры адміністрацыі адмыловую камісію зь ліку прадпрымальніцкіх стрктураў і разгледзець пытаньні кампэтэнцыі чыноўнікаў, якія дапусьцілі пагаршэньне сытуацыі ў малым і сярэднім бізнэсе.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках