25 лiстапада 2024, панядзелак, 13:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ярмошынай не спадабаўся выніковы даклад БДІПЧ АБСЕ па «парламенцкіх выбарах»

7

Старшыня беларускага Цэнтравыбаркаму назвала даклад еўрапейскіх назіральнікаў «крокам назад».

"Цэнтральная камісія прааналізавала заключны даклад БДІПЧ АБСЕ па парламенцкіх выбарах. Лічу, што ён з'яўляецца крокам назад у параўнанні з папярэдняй справаздачай", — заявіла ў інтэрв'ю БелаПАН старшыня ЦВК Беларусі Лідзія Ярмошына.

"Тым не менш, — падкрэсліла яна, — мы, мусіць, упершыню не напісалі заўвагаў наконт прэтэнзіяў і пажаданняў, якія выказала АБСЕ. Гэта не значыць, што мы іх не маем. Аднак лічым контрпрадуктыўным шлях, калі бакі знаходзяцца ў перапісцы, а не абмяркоўваюць гэта ўсё за сталом і не знаходзяць агульнага кампрамісу".

Л.Ярмошына адзначыла, што візіт у Менск прадстаўнікоў БДІПЧ АБСЕ, які адбудзецца ў канцы студзеня, будзе мець "істотнае значэнне для нашых далейшых узаемаадносінаў з еўрапейскімі партнёрамі".

Паводле словаў старшыні Цэнтравыбаркаму, самі прадстаўнікі БДІПЧ АБСЕ будуць вызначаць, якія пытанні яны хацелі б абмеркаваць. "Кожны орган, які яны абяруць, будзе абмяркоўваць з імі пытанні па сваім накірунку. Я не ведаю, з кім яны пажадаюць сустрэцца. Тое, што з прадстаўнікамі Цэнтральнай камісіі, — гэта бясспрэчна. У асноўным будуць абмяркоўвацца пытанні выбараў, якія прайшлі, іх канчатковая ацэнка з боку АБСЕ, а таксама перспектывы магчымага рэфармавання выбарчага заканадаўства", — сказала яна.

Л.Ярмошына таксама паведаміла, што на пачатак лютага запланаванае "дастаткова вялікае абмеркаванне выніковага дакладу БДІПЧ АБСЕ з арганізатарамі выбараў на месцах". "Мы ўжо накіравалі ў рэгіёны копію дакладу, каб старшыні выбарчых камісіяў, прадстаўнікі арганізацыйных упраўленняў аблвыканкамаў падрыхтаваліся да падобнага абмеркавання", — адзначыла яна.

Нагадаем, у выніковым дакладзе БДІПЧ кажацца, што нягледзячы на "некаторыя паляпшэнні", "выбары" у Беларусі не адпавядалі стандартам АБСЕ. У прыватнасці, выбарчае заканадаўства не дае магчымасці для "сапраўднай палітычнай канкурэнцыі і роўнага стаўлення да кандыдатаў з боку ўладаў" і "перашкаджае правядзенню выбараў" у адпаведнасці з дэмакратычнымі стандартамі. Эксперты адзначаюць, што Выбарчы кодэкс Беларусі "не забяспечвае празрыстага механізму захаванасці скрыняў з бюлетэнямі пасля пачатку датэрміновага галасавання, а таксама механізму абароны самога бюлетэня". Большасці апазіцыйных кандыдатаў было адмоўлена ў рэгістрацыі "з-за нязначных парушэнняў фармальных патрабаванняў", падкрэсліваецца ў дакладзе. На думку экспертаў місіі, усё гэта "стварае магчымасці для фальсіфікацыяў".

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках