25 лiстапада 2024, панядзелак, 18:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Крэдыты ў валюце хутка знікнуць зусім

1

Беларускія камерцыйныя банкі будуць прытрымліваца рэкамендацыяў Нацбанка і спыняць выдачу валютных крэдытаў, упэўнены экс-кіраўнік Нацбанка Станіслаў Багданкевіч.

«Вядома, могуць быць нейкія выключэнні, але нашыя банкі — вельмі дысцыплінаваныя і не захочуць рызыкаваць узаемаадносінамі з Нацбанкам. Таму ў згортванні крэдытных прадуктаў у валюце ў мяне няма сумневаў. Тым больш у гэтым я не бачу вялікай праблемы. У камерцыйных банкаў — дэфіцыт валютных сродкаў. І фактычна няма аб'ёму рэсурсаў, які патрабуецца для выдачы валютных крэдытаў», — сказаў Багданкевіч «Беларускім навінам».

Са спыненнем выдачы крэдытаў у валюце, як лічаць эксперты, на рынку банкаўскіх паслугаў не адбудзецца сур'ёзных хваляванняў. Ужо зараз колькасць крэдытных прадуктаў у далярах і еўра, якія прапануюцца банкамі, невялікая.

А дзейсныя адсоткавыя стаўкі беларусы называюць няйначай, як «абдзіралаўкай». Да прыкладу, яшчэ месяц таму «Белзнешэканамбанк» выдаваў спажывецкія крэдыты ў рублях па стаўцы СР+9,5. Зараз стаўка вырасла да СР+13 п.п. На 5% «падаражэў» і крэдыт у далярах (з 18% да 23%).

Сітуацыя ў банках з крэдытамі на набыццё аўтамабіляў ніколькі не лепш. У новым годзе сітуацыя зменіцца не на карысць спажыўцоў - аўтамабілі зноў падаражэюць.

Былы старшыня Нацбанка Станіслаў Багданкевіч не бачыць падставаў для аптымізму.

«Памеры адсоткавых ставак вызначаюцца ўзроўнем інфляцыі, якая ў нас высокая. І перадумоваў для зніжэння коштаў пакуль не бачна. У нас залішне мяккая крэдытна-грашовая палітыка, якая забяспечвала рост запазычанасці рэальнай эканомікі камерцыйным банкам. Палітыка павінна быць жорсткай», - лічыць ён.

Як бы тое ні было, патэнцыйныя крэдытаатрымальнікі пакуль у пройгрышы. Грошы ў банках браць рызыкоўна з-за іх дарагоўлі, і ўжо тым больш у перыяд крызісу, калі незразумела, звольняць цябе ці не, знізяць зарплату ці не. Да таго ж банкі пад фінансавы шумок сур'ёзна падкарэктавалі сваю крэдытную палітыку.

Праблемы з ліквіднасцю ў цэлым вымусілі асобныя банкі (да прыкладу, «Абсалютбанк») на нявызначаны тэрмін прыпыніць выдачу ўсіх крэдытаў як у валюце, так і ў беларускіх рублях. «Белгазпрамбанк» прапаноўвае кліентам толькі набыццё тавараў у растэрміноўку. «Белінвестбанк» працуе толькі па раней прынятых заяўках. Па інфармацыі «Беларускіх навінаў», аднавіць выдачу крэдытаў (прычым, толькі ў беларускіх рублях) банк плануе ў пачатку новага года.

МТБанк пакуль працягвае працу з крэдытнымі пластыкавымі карткамі.

«Рашэнне аб аднаўленні ці неаднаўленні выдачы крэдытаў мы прымаем на месяц. Рабіць доўгатэрміновыя прагнозы ў цяперашняй нестабільнай сітуацыі рызыкоўна. Але магу сказаць, што ў хуткім часе аб'ёмы крэдытавання, якія былі яшчэ ў ліпені-жніўні, банк падтрымаць не зможа», — распавёў «Беларускім навінам» старшыня праўлення МТБанка Андрэй Жышкевіч.

Вымушаная рэформа ў сектары банкаўскіх паслугаў ударыла па трох асноўных відах крэдытавання: на жыллё, набыццё аўтамабіляў і спажывецкія крэдыты. Грошы на набыццё жылля зараз выдаюць толькі 4 банкі — «Беларусбанк», «Прыёрбанк», «Белрасбанк» і «Белаграпрамбанк».

З улікам адсоткавай стаўкі і ўсіх камісійных плацяжоў агульная сума пераплаты па крэдыце на набыццё кватэры вагаецца ад 35% да 82%.

Высокія адсоткавыя стаўкі (да 26%) і змянненні ўмоваў выдачы крэдытаў (абмежаванні па суме выдаваных крэдытных рэсурсаў) знізілі актыўнасць патэнцыйных крэдытаатрымальнікаў на пазыку грошай для набыцця аўтамабіля. А між тым, як лічыць старшыня праўлення Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі Сяргей Міхневіч, для набыцця аўтамабіля зараз самы зручны момант.

Справа ў тым, што зараз, у перыяд крызісу, аўтадылеры імкнуцца як мага больш хутка вызваліць склады. Таму, як мінімум да Новага года, аўтамабілі будуць рэалізоўвацца па зніжаных коштах і ў максімальна кароткія тэрміны. У новым годзе сітуацыя зменіцца не на карысць спажыўцоў. Аўтамабілі зноў падаражэюць.

Што да колькасці прапановаў спажыўкрэдытаванне пацярпела менш за усё. Праўда, падобна, крэдыты ў валюце хутка знікнуць.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках