25 лiстапада 2024, панядзелак, 12:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кіраўнік МЗС Літвы: «Еўразвяз чакае ад Беларусі далейшых крокаў па пабудове адкрытага грамадства»

2

Міністр замежных справаў Літвы Вігаўдас Ушацкас заклікаў беларускія ўлады працягнуць дэмакратычныя рэформы.

Літва пазітыўна ацэньвае крокі Беларусі па нармалізацыі адносінаў з Еўрапейскім Звязам, заявіў журналістам у панядзелак у Менску кіраўнік літоўскага МЗС.

"Мы вітаем крокі па інтэнсіфікацыі дыялогу паміж Беларуссю і Еўразвязам. Мы зацікаўленыя ў канструктыўных адносінах з Беларуссю як на аднабаковай аснове, так і на шматбаковай у межах ЕЗ", - адзначыў кіраўнік МЗС Літвы.

В.Ушацкас таксама заявіў, што ў Літве "вітаюць крокі беларускага ўрада, накіраваныя на тое, каб у будучыні быць чальцом ініцыятывы ЕЗ "Усходняе партнёрства". Паводле яго словаў, "дэмакратызацыя - гэта адзін з блокаў "Усходняга партнёрства". У гэтай сувязі В.Ушацкас станоўча ацаніў факт рэгістрацыі грамадскага руху "За свабоду", рашэнне па двух недзяржаўных беларускіх газетах.

"Беларускаму боку вядома, што ЕЗ чакае далейшых крокаў ад Беларусі па пабудове адкрытага грамадства", - сказаў кіраўнік МЗС Літвы.

У сваю чаргу кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Мартынаў адзначыў, што "у дачыненні да праграмы "Усходняе партнёрства" Беларусь у прынцыпе займае станоўчую пазіцыю". "Мы хацелі б дачакацца, калі будзе канчаткова аформлены гэты праект", - сказаў кіраўнік беларускага МЗС. "У прынцыпе, мы пазітыўна ацэньваем свой удзел у гэтай праграме", - заявіў С.Мартынаў, падкрэсліўшы, што супрацоўніцтва ў межах гэтай праграмы павінна будавацца на "раўнапраўнай аснове".

С.Мартынаў паведаміў, што падчас перамоваў з літоўскім калегам, увага акцэнтавалася на неабходнасці выбудоўвання двухбаковых адносінаў "на прынцыпах добрасуседства, узаемапавагі, раўнапраўя і неўмяшання ва ўнутраныя справы". Асаблівая ўвага, па словах С.Мартынава, была нададзеная эканамічнаму ўзаемадзеянню двух дзяржаваў. "Мы прагаварылі аб нашым узаемадзеянні ў такіх стратэгічных сферах як энергетыка, транзіт, лагістыка, інвестыцыйнае супрацоўніцтва".

Адказваючы на пытанні, кіраўнік беларускага МЗС заявіў, што працы па падрыхтоўцы беларуска-літоўскай дамовы "Аб прымежным руху" ідуць інтэнсіўна". "Да 31 снежня скончыць іх не атрымалася, таму што гэта складаны комплекс пытанняў, падчас перамоваў паўстала шмат тэхнічных пытанняў, якія будуць урэгуляваныя, гэта запатрабуе большага часу, але мы з аптымізмам глядзім на заключэнне гэтай дамовы", - заявіў С.Мартынаў.

У сваю чаргу, кіраўнік МЗС Літвы таксама паінфармаваў журналістаў аб тым, што ў Менску ім было прапанавана разгледзець пытанне аб стварэнні трохбаковай працоўнай групы па транзіце ўкраінскай электраэнергіі праз Беларусь у Літву. "Нашая прапанова была ўспрынятая пазітыўна", - сказаў В.Ушацкас.

Ён таксама перадаў свайму беларускаму калегу запрашэнне наведаць Літву з афіцыйным візітам у наступным годзе.

Літва чакае поўнай інфармацыі аб планах Беларусі пабудаваць АЭС ля літоўскай мяжы

Міністр замежных справаў Літвы Вігаўдас Ушацкас заявіў аб заклапочанасці літоўскіх грамадзянаў з нагоды планаў Беларусі пабудаваць атамную электрастанцыю паблізу да літоўскай мяжы.

"Вядома, літоўскае грамадства заклапочанае, не маючы поўнай інфармацыі", - заявіў кіраўнік МЗС Літвы журналістам у панядзелак у Менску.

"Вядома, гэта суверэннае права Беларусі. Але мне было сёння сказана, што беларускі бок паінфармуе літоўскі ўрад і літоўскае грамадства аб планах размяшчэння АЭС (на Астравецкай пляцоўцы - ИФ)", - сказаў В.Ушацкас. Пры гэтым ён адзначыў, што "пакуль фінальнае палітычнае рашэнне (аб выбары пляцоўкі - ИФ) не прынятае".

У сваю чаргу кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Мартынаў падкрэсліў, што беларускі бок усю працу па АЭС вядзе ў цесным кантакце з МАГАТЭ. "Усё рашэнні будуць прымацца з улікам міжнародных нормаў і абавязальніцтваў", - заявіў С.Мартынаў.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках