25 лiстапада 2024, панядзелак, 20:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міхаіл Чыгір: «Інвестыцыі трэба было пускаць яшчэ ў 90-ых гадах мінулага стагоддзя»

1

На днях Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Саўмін павінен пераўтварыцца ў «суцэльнае Міністэрства гандлю», чыноўнікі пагалоўна заняцца прыцягненнем інвестыцыяў, а кіраўнікі прадпрыемстваў каб не смелі скарачаць сваіх працаўнікоў.

Былы прэм'ер-міністр Міхаіл Чыгір лічыць гэтыя прапановы па выхадзе з крызісу, мякка кажучы, не самымі эфектыўнымі.

«Калі пераўтварыць Савет міністраў у суцэльнае Міністэрства гандлю, хто ж тады будзе выконваць астатнія функцыі асноўнага органа выканаўчай улады? – спытаў Чыгір у інтэрв'ю «Беларускаму партызану». -- Інвестыцыі -- гэта, вядома, добра. Гэта грошы, найноўшыя тэхналогіі, паступленні ў бюджэт і г.д. Але чаму заходнія інвестары адкідваліся адсюль ледзь не пачакамі ў 90-ых гадах мінулага стагоддзя? Тады быў гатовы прыйсці на беларускую зямлю надоўга і ўсур'ез, да прыкладу, амерыканскі «Форд». Ён нават ужо пачаў рабіць зборачную вытворчасць, але потым развярнуўся і падаўся ў Расею. А, між іншым, «Форд» быў гатовы загрузіць вялікімі і грашовымі замовамі менскія падшыпнікавы і маторны заводы, а таксама бабруйскую «Белшыну».

Па вытворчасці лекаў мы маглі стаць найбуйнейшымі ў Еўропе. Але вядомыя заходнія канцэрны пайшлі ва Украіну і краіны Балтыі. Дарэчы, мы адтуль зараз і закупляем партыі шматлікіх вядомых фармацэўтычных брэндаў. І так па вельмі шмат якіх пазіцыях.

Зараз мы заходнікаў заклікаем усялякімі ільготамі і прэферэнцыямі, але ў іх жа вельмі добрая памяць. Да таго ж, лыжка, як вядома, добрая да абеду.

Зараз кіраўнік дзяржавы не хоча, каб краіна працавала на склад. Але пры гэтым, па-мойму, здзяйсняецца найгрубейшая памылка. Нафта ў свеце ўсюды падае ў кошце, адпаведна таннеюць розныя віды паліва. А ў нас яны застаюцца практычна на ранейшым узроўні. А гэта вельмі моцна б'е па канкурэнтаздольнасці айчынных вытворцаў.

Намер не скарачаць працаўнікоў беларускіх прадпрыемстваў каментаваць вельмі складана. З аднаго боку, гэтае пахвальнае імкненне - забяспечыць годную сацыяльную абарону людзей падчас крызісу. З другога боку, нават у багатай Расеі, якая назапасіла ў апошнія гады шалёныя золатавалютныя запасы, на многіх прадпрыемствах ідуць сур'ёзныя скарачэнні. Такі ўжо механізм функцыянавання эканомікі падчас глабальных пертурбацыяў. І мне здаецца, што нас наўрад ці абміне чара гэтая».

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках