25 лiстапада 2024, панядзелак, 17:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускае «Пакаленне Джынс» у Празе: Еўропа павінна быць cвабоднай ад дыктатуры (Фота)

1

Былы прэзідэнт Чэхіі Вацлаў Гавэл сустрэўся з заснавальнікамі «Свабоднага тэатру» і прыняў удзел у здымках для новага дакумэнтальнага праекту тэатру.

Сустрэча адбылася з нагоды правядзеньня культурнай фундацыяй чэскага экс-прэзыдэнта Беларускага дня, перадае «Радыё Свабода».

Кіраўнік «Свабоднага тэатру» Мікалай Халезін плянуе сабраць у адзін дакумэнт развагі інтэлектуалаў, творцаў і палітыкаў пра тое, як Эўропа ўпершыню стане кантынэнтам, свабодным ад дыктатуры. Паводле яго, дарога да гэтага вядзе празь Беларусь. Праект адштурхоўваецца ад вядомага акрэсьленьня статусу беларускага кіраўніка і мае сымбалічную назву «Апошні».

Вацлаў Гавэл спадзяецца, што шлях Беларусі да сапраўднай дэмакратыі будзе нядоўгім. Але прадказаць, як будуць разьвівацца далейшыя падзеі, немагчыма, лічыць ён.

«Калі гаварыць пра Беларусь, пра тое, калі яна стане сапраўднай дэмакратычнай дзяржавай, якая будзе далучана да заходняй цывілізацыйнай прасторы, выглядае, што гэта дарога будзе яшчэ доўгай. Але не абавязкова. Мы ведаем прыклады зь нядаўняй гісторыі, калі сытуацыя зьмяняецца нечакана хутка і раптоўна. Гэта складанае спляценьне ўплываў, якія да гэтага спрычыняюцца і якія чалавек цяжка можа прадбачыць. Гэта толькі такія самаўпэўненыя людзі, як камуністы ці марксісты, думаюць, што ўсё разумеюць і ведаюць законы сьвету і гісторыі і могуць прадказваць. Мы прадказваць ня можам. Так што і нечаканасьці магчымыя», - сказаў экс-прэзідэнт падчас здымак.

Беларускі дзень ў Празе працягваўся дыскусіяй на тэму «Тэатр у несвабодзе» і паказам спэктаклю Мікалая Халезіна «Пакаленьне Джынс» у літаратурнай кавярні «Манмартр».

Журналіст «Радыё Свабода» Ганна Соўсь, якая прысутнічала на спэктаклі, распавядае, што публіка прыняла яго вельмі цёпла, бо п'еса заснаваная на рэальных падзеях, якія, як і пэрсанажы, да болю знаёмыя кожнаму беларусу й лёгка пазнаюцца.

«Вельмі цёпла. У невялікім памяшканьні кавярні «Манмартр», спэцыяльна прыстасаваным для такіх камэрных імпрэзаў, паглядзець «Свабодны тэатр» прыйшлі больш за паўсотню чалавек. І па завяршэньні імпрэзы яны воплескамі падзякавалі галоўнаму і адзінаму выканаўцу спэктаклю «Пакаленьне джынс», кіраўніку «Свабоднага тэатру» Мікалаю Халезіну. Гэта былі і кіраўнік дыпляматычнай місіі ЗША ў Беларусі Джонатан Мур, і амбасадар Чэхіі ў Беларусі Ўладзімер Румл, і Ондржэй Храб, мастацкі кіраўнік праскага тэатру «Арха», і Ян Румл – сябра чэскага таварыства «Грамадзянская Беларусь», прадстаўнікі беларускай грамады ў Чэхіі, журналісты.

П'еса «Пакаленьне джынс» мела выразны публіцыстычны характар, заснаваная на рэальных падзеях, якія, як і пэрсанажы, лёгка пазнаюцца: гэта і родныя зьніклых палітыкаў, і знакаміты змагар Валер Шчукін, дзякуючы якому ў сьледчым ізалятары на вуліцы Акрэсьціна зьявіліся нармальныя лыжкі, і актывісты «Хартыі 97».

Сцэна, як і належыць ва ўмовах падпольнага тэатру, была аформленая проста, але выразна – краты, слоік з марынаванымі агуркамі, падстаўкі пад сьцягі – а цягам спэктаклю на іх залунае шэсьць сьцягоў: летувійскі, брытанскі, амэрыканскі, чэскі, польскі і беларускі.

Цягам паўтары гадзіны гучыць споведзь чалавека ў джынсах , для якога джынсы ёсьць тэрыторыяй свабоды. Ён пачынаў з непрыманьня савецкай несвабоды і з фарцоўкі джынсамі ў 1970-я, а на пачатку XXI стагодзьдзя адчуваў сябе нязручна ў джынсах у камэры ізалятару на вулцы Акрэсьціна, бо, як кажа Мікалай Халезін, «у турме нельга быць у джынсах».

Спэктакль дубляваўся праз праектар на сьцяне на ангельскую мову, і, як сказаў мне пасьля спэктаклю кіраўнік дыпляматычнай місіі ЗША ў Беларусі Джонатан Мур, які першы раз бачыў спэктакль у кафэ ў Менску, а вось цяпер другі раз у Празе, ён ганарыцца тым, што ў спэктаклі быў амэрыканскі аспэкт – джынс як пазытыўная рэч і сымбаль, які ЗША прынесьлі ў сьвет.

Як сказаў Джонатан Мур, гэты спэктакль своеасабліва глядзіцца ў Празе, паколькі ў ім выразна перадаецца лёс Яна Палаха, хлопца, які спаліў сябе на знак пратэсту супраць уводу савецкіх танкаў у Чэхаславаччыну, помнік-крыж яму Джонатан Мур бачыў сёньня на Вацлаўскай плошчы ў Празе», - распавядае Ганна Соўсь.

Журналістка паведаміла, што выступы прадстаўнікоў “Свабоднага тэатру" падчас дэбатаў, якія папярэднічалі спэктаклю, былі вельмі амбіцыйнымі. Яны таксама зрабілі шэраг шэраг палітычных заяваў.

«У дэбатах бралі ўдзел прадстаўнікі «Свабоднага тэатру» дырэктар Мікалай Халезін і прадусар Натальля Каляда, рэжысэр Уладзімер Шчэрбань, з чэскага боку Ондржэй Храб, мастацкі кіраўнік праскага тэатру «Арха», дарэчы ў ім цяпер ідзе апошняя п'еса Вацлава Гаўла, Ян Румл – сябра чэскага таварыства «Грамадзянская Беларусь». Яны расказвалі пра досьвед падпольных тэатраў у Чэхіі, пра спэктаклі на прыватных кватэрах шмат гадоў таму і пра тое, як гэта паўплывала на сучасны чэскі тэатар.

Паводле прадстаўнікоў «Свабоднага тэатру», у Беларусі яны працуюць у надзвычай складаных і жорсткіх умовах. Актораў, якія ў іх граюць, пазбаўляюць працы, ім даводзіцца маскаваць паказы пад дні народзінаў, вясельлі. Паводле Мікалая Халезіна, чарга на іхнія спэктаклі дасягае часам 2 тысячаў чалавек, бо не хапае месца ў кватэрах, і маладыя людзі перад тым, як ісьці ў турму, глядзяць начамі спэктаклі «Свабоднага тэатру».

Мікалай Халезін так вызначыў сутнасьць «Свабоднага тэатру»: гэта адзіны тэатар у Беларусі, які ня мае дачыненьняў зь дзяржавай, гэта адзіны тэатар у Эўропе, які працуе падпольна, і гэта адзіны тэатар, акторы якога былі арыштаваныя разам са слухачамі.

Дарэчы, прадстаўнікі «Свабоднага тэатру» зрабілі і шэраг палітычных заяваў. Напрыклад, каб прысутныя на дэбатах паспрыялі таму, каб Аляксандар Лукашэнка ня трапіў на саміт у Празе ў наступным годзе», - падкрэсьліла Ганна Соўсь.

Партрэт Яна Палаха

Уладзімер Шчэрбань, Мікалай Халезін і перакладчыца

Кіраўнік тэатру "Арха" Ондржэй Храб

Ян Румл, сябра аб'яднаньня "Грамадзянская Беларусь"

Перад спэктаклем частавалі беларускім баршчом

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках