25 лiстапада 2024, панядзелак, 21:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Суд над прадпрымальнікам перанесены з-за моўнага пытання

Працягваюцца суды над грамадзкімі актывістамі, якіх прэвентыўна затрымлівалі напярэдадні мітынгу пратэсту прадпрымальнікаў, што адбыўся 10 студзеня ў Менску. 11 лютага пачалі судзіць аднаго з лідэраў прадпрымальніцкага руху узьдзенскага прадпрымальніка Віктара Крываля.

У Менскім раённым судзе 11 лютага пачаўся суд над прадпрымальнікам з Узды Віктарам Крывалем, якога абвінавачваюць у непадпарадкаваньні міліцыі. Інкрымінаваны яму ўчынак ён нібыта зьдзейсьніў перад мітынгам прадпрымальнікаў 10 студзеня. Нечакана для судзьдзі Сяргея Афонскага працэс спыніўся з прычыны “моўнага пытаньня” — Віктар Крываль адразу запатрабаваў, каб працэс вёўся на роднай яму беларускай мове.

Судзьдзя С. Афонскі: “Число, месяц, год рождения”.

В. Крываль: “У мяне просьба. Я б хацеў адказваць на вашыя пытаньні на маёй роднай беларускай мове і хацеў бы, каб вы задавалі пытаньні па-беларуску”.

Судзьдзя С. Афонскі: “А вы русскую мову понимаете?”

В.Крываль. “Я, магчыма, разумею таксама ангельскую мову, альбо нямецкую, але прашу весьці працэс па-беларуску. Я нічога лішняга не прашу. Карыстаючыся законам і Канстытуцыяй, я патрабую свайго: каб працэс вялі па-беларуску”.

Яшчэ нейкі час Сяргей Афонскі спрабаваў весьці працэс па-расейску, але Віктар Крываль не адказваў на яго пытаньні, і судзьдзя мусіў перанесьці суд на 27 лютага. На той жа дзень выкліканыя сьведкі-міліцыянты, якія сёньня ў суд не зьявіліся, а таксама сям’я прадпрымальніка з Салігорску Аляксандра Цацуры.

10 студзеня, за дзьве гадзіны да пачатку мітынгу прадпрымальнікаў, на шашы Менск — Слуцк міліцыя спыніла мікрааўтобус, якім ехалі ў Менск Віктар Крываль, Аляксандар Цацура, яго жонка Тамара і паўналетні сын Ільля. На ўсіх склалі пратаколы нібыта за непадпарадкаваньне міліцыі, а аўтамабіль затрымалі нібыта за недакладныя нумары. Прадпрымальнікі вырашылі ісьці да Менска пешшу, але і гэта не ўдалося.

“Яны проста нас дагналі. Мы пасьпелі адысьці ня больш за 50 мэтраў, акружылі нас, недзе іх было 5 ці 6 супрацоўнікаў, кіраваў апэрацыяй падпалкоўнік міліцыі. І запатрабавалі, каб мы вярталіся да аўтобуса і праехалі зь імі ў Менскі райаддзел міліцыі”, - згадвае Віктар Крываль.

Віктар Крываль зьбіраецца даводзіць у судзе, што доказы ягонай віны несапраўдныя. Ці будзе 27 лютага працэс весьціся па-беларуску, судзьдзя Сяргей Афонскі не патлумачыў.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках