25 лiстапада 2024, панядзелак, 15:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Амбасадар Літвы: «Дыялог з уладамі Беларусі практычна не ідзе»

Амбасадар Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас лічыць, што дыялог паміж Менскам і Брусэлем па пытаннях нармалізацыі стасункаў пакуль знаходзіцца на нізкім узроўні. "Гэты прамы дыялог фактычна не ідзе. Калі не будзе жадання з абаіх бакоў, то гэтага дыялогу не будзе, а будуць толькі адны абвінавачванні ў бок адзін аднаго", – заявіў літоўскі амбасадар журналістам у сераду ў Менску.

Выказваючы сваё асабістае меркаванне, Э.Багдонас заявіў, што дыялог паміж Беларуссю і Еўрапейскім Звязам – "гэта адзіны выхад у развіцці стасункаў, дыялог неабходны, трэба шукаць разуменне", перадае "Інтэрфакс".

"Калі мы хацелі дыялогу па ўступленні Літвы ў ЕЗ, то мы "не вылазілі" з Брусэля, калі нам зачынялі адны дзверы – мы ўваходзілі ў іншыя", – сказаў амбасадар.

Кажучы пра неабходнасць развіцця дыялогу паміж Беларуссю і ЕЗ, амбасадар Літвы сказаў, што ў дадзеным выпадку "справа не толькі ў візах (кошт шэнгенскіх віз – ІФ), але гэта таксама пытанні транспарту, энергетыкі, усяго спектру чалавечых стасункаў".

Паводле яго слоў, "візавае пытанне даволі балючае". Пры гэтым ён падкрэсліў, што ў свой час было зробленае ўсё неабходнае для таго, каб "не было ніякіх нечаканасцяў (Беларусь папярэджвалі – ІФ), што віза для грамадзян Беларусі пасля ўступлення Літвы ў Шэнген, будзе каштаваць 60 еўра". "Каб гэтая цана стала меншай, патрэбен дыялог з Брусэлем, але такі дыялог, я думаю, не атрымаўся", – адзначыў Э.Багдонас.

Амбасадар Літвы заклікаў не драматызаваць сітуацыю ў сувязі з уступленнем сваёй краіны ў Шэнгенскае пагадненне. "Ёсць прамое двухбаковае пагадненне, па якім некаторыя катэгорыі грамадзян Беларусі могуць атрымліваць льготныя, бясплатныя візы", – сказаў амбасадар. Ён, у прыватнасці, паведаміў, што за студзень гэтага года амбасадай Літвы ў Беларусі былі выдадзеныя каля 3 тыс. шэнгенскіх віз. "Каля 30% гэтых віз былі бясплатнымі", – удакладніў дыпламат.

Пры гэтым ён заявіў: "Я ніяк не магу сказаць, што Беларусь знізіла кошт сваіх віз для грамадзян Літвы, Латвіі і Эстоніі". "Так, аднаразовая віза каштуе 25 еўра, але тэрміновыя, шматразовыя візы для грамадзян Літвы каштуюць значна больш", – заявіў Э.Багдонас.

Амбасадар паведаміў, што неўзабаве консульскія службы Літвы і Беларусі абмяркуюць пытанні аб спрошчаным перамяшчэнні грамадзян, якія пражываюць у прымежнай зоне. "Гэта закране каля 200 тыс. чалавек, якія пражываюць у 50-кіламетровай прымежнай зоне", – сказаў Э.Багдонас.

Э.Багдонас таксама заявіў, што літоўская краіна не замінае грамадзянам Беларусі ў працаўладкаванні ў Літве, атрыманні віду на жыхарства. "Не трэба палітызаваць пытанне, казаць, што, нібыта, з Беларусі збягуць людзі, але за месяц да нас звяртаецца каля 100 чалавек з просьбай аб атрыманні дазволу на пражыванне ў Літве. Грамадзяне Беларусі купляюць у Літве нерухомасць: дамы, кватэры", – сказаў дыпламат.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках