25 лiстапада 2024, панядзелак, 11:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прадпрымальнікі рыхтуюцца да святкавання Дня Волі

Індывідуальныя прадпрымальнікі (ІП) стварылі арганізацыйны камітэт па святкаванні Дня Волі 25 сакавіка. Па словах лідэра кампаніі "За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва" Віктара Гарбачова, рашэнне аб стварэнні аргкамітэта было прынятае яшчэ 18 лютага пасля правядзення ў Менску мітынгу прадпрымальнікаў.

В.Гарбачоў паінфармаваў, што ў склад аргкамітэта ўвайшлі прадстаўнікі кампаніі "За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва", Каардынацыйнай рады прадпрымальнікаў Беларусі, аргкамітэта па стварэнні прафсаюза малога і сярэдняга бізнэсу "Вместе". Адзін прадстаўнік аргкамітэта ІП будзе дэлегаваны ў аргкамітэт, які падаў заяўку на правядзенне 25 сакавіка ў сталіцы мітынгу і шэсця з нагоды 90-ай гадавіны абвяшчэння БНР.

"Мы стварылі аргкамітэт, таму што ніхто лепш, чым мы самі, не ведае нашых праблем. Нельга, каб прадпрымальніцкая хваля па абароне сваіх правоў і інтарэсаў згасла", –падкрэсліў лідэр прадпрымальніцкага руху.

Ён адзначыў, што ІП у святкаванні Дня Волі хочуць пазначыць чарговым разам свае праблемы. Прадпрымальнікі выйдуць з тымі ж патрабаваннямі, якія высоўваліся раней: адмена падпункта 1.1 указу № 760; прыняцце закона аб малым і сярэднім бізнэсе; спыненне пераследу актывістаў прадпрымальніцкага руху, а таксама падаванне на адным з беларускіх тэлеканалаў эфіру з удзелам лідэраў прадстаўнікоў і службоўцаў.

Па словах В.Гарбачова, "пры добрай кансалідацыі і інфармацыйнай працы можна выказаць здагадку, што ў акцыі 25 сакавіка возьме ўдзел каля 10 тысяч прадпрымальнікаў".

Нагадаем, заяўка на правядзенне 25 сакавіка ў сталіцы мітынгу і шэсця з нагоды 90-ай гадавіны абвяшчэння БНР была пададзеная ў Менгарвыканкам 6 лютага. Заяўнікамі выступілі старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі, кіраўнік Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, кіраўнік руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч і старшыня аргкамітэта па стварэнні БСДП (Народная Грамада) Мікола Статкевіч.

Заяўнікі плануюць, што ўдзельнікі акцыі збяруцца на плошчы Якуба Коласа перад будынкам Белдзяржфілармоніі, пройдуць па праспекце Незалежнасці да вуліцы Валадарскага, а пасля – па вуліцах Гарадскі Вал, Максіма Багдановіча, Янкі Купалы. Шэсце запланаванае завяршыць мітынгам у скверы Янкі Купалы. Па маршруце шэсця ўдзельнікі плануюць ускласці кветкі да помнікаў Якубу Коласу, Янку Купале, Максіму Багдановічу, Адаму Міцкевічу, а таксама да дому, дзе адбылося абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках