26 лiстапада 2024, aўторак, 2:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віку Мароз ня пусьцяць на судовы працэс у Італію

5

Судовыя слуханьні па справе нібыта незаконнага ўтойваньня беларускай сіраты Вікі Мароз сям’ёй Джуста-Барначын прызначаныя на 2 красавіка ў Генуі. Аднак Вілейскі інтэрнат для дзяцей зь цяжкімі парушэньнямі мовы адмовіўся ад удзелу ў працэсе ў якасьці пазоўніка. Такім чынам, працэс можа скончыцца, нават не пачаўшыся.

Як кіраўніка дзіцячай установы, што да восені 2006 была афіцыйным апекуном Вікі Мароз, Ваўчкова разам зь Вікай афіцыйна запрасіў на слуханьні 2 красавіка Генуэскі суд. Вілейскі інтэрнат да таго ж выступае на судзе пазоўнікам.

Аднак у размове з “Радыё Свабода” Мікалай Ваўчкоў сказаў, што ня бачыць патрэбы ў тым, каб дзеля ўдзелу ў працэсе растрачваць дзяржаўныя сродкі, турбаваць дзяўчынку ды, ўвогуле, упэўнены, “справа ўжо скончаная і няма чаго далей уздымаць гэта пытаньне”.

У сваім лісьце да адваката Дыега Пэруджыні, які прадстаўляе інтарэсы Менску ў Італіі, Ваўчкоў аргумэнтуе рашэньне наступным чынам: у Беларусі, маўляў, вырашылі чарговы раз не траўмаваць дзяўчынку. Таксама выказваецца занепакоенасьць, што прысутнасьць дзяўчынкі ў залі судовых пасяджэньняў можа адмоўным чынам адбіцца на яе псыхіцы — асабліва цяпер, пасьля году жыцьця ў прыёмнай сям’і Васілеўскіх, дзе да Вікі Мароз пачаў вяртацца душэўны спакой.

Тым часам адмова пазоўніка ад удзелу ў працэсе можа ўнесьці свае карэктывы ў ход справы. Паводле італьянскіх мэдыяў, абвінавачаньне апынецца ў даволі складанай сытуацыі. На судовай лаве будуць адразу сем абвінавачаных (пяцёра прадстаўнікоў сямейнага кляну Джуста-Барначын, двое сьвятароў), а ў залі — аніводнага прадстаўніка з боку пацярпелых.

Як піша газэта La Voce d'Italia, некаторыя італьянскія палітыкі і юрысты называюць рашэньне Менску “ўдалым працэсуальным ходам” і выказваюць думку, што “працэс можа скончыцца, нават не пачаўшыся”.

Камэнтуючы рашэньне беларускага боку, італьянскі сэнатар Эджыдыё Пэдрыні кажа, што беларускія ўлады зрабілі “працэсуальна ўдалы ход” з тым, каб “перашкодзіць Віцы прыехаць у Італію”.

“Беларускую дзяўчынку ўжо раней прынесьлі ў ахвяру літары закону, — кажа Пэдрыні. — Цяпер ізноў выкарыстоўваюць працэсуальныя трукі, каб ня даць ёй распавесьці пра жахі жыцьця ў дзіцячых дамах, пра тое прамываньне мазгоў, зь якім яна сутыкнулася па вяртаньні на радзіму, каб перашкодзіць сустрэчы зь сям’ёй Джуста-Барначын, якіх яна называе мамай і татам і якія адпачатку абаранялі яе правы дзіцяці”, - упэўнены італьянскі палітык.

Што да працэсу, то паводле назіральнікаў, “ён можа скончыцца, нават не пачаўшыся”. Лічыцца, што ў самай складанай сытуацыі можа апынуцца абвінавачаньне. Калі ў судовай залі ня будзе пазоўніка, то адвакаты абвінавачаных змогуць зрабіць запыт на спыненьне працэсу. Разам з тым. Не выключаецца магчымасьць, што пазоў будзе адкліканы беларускім бокам. У такім выпадку справа будзе закрытая.

Як мяркуюць аглядальнікі, далейшае асьвятленьне справы ў прэсе будзе няпростым. Адрозна ад сэнатара Пэдрыні, які ад пачатку настойвае на тым, каб Віка Мароз узьядналася зь сям’ёй Джуста-Барначын, многія прадстаўнікі палітычных і дыпляматычных колаў Італіі маюць іншую пазыцыю.

Яны хочуць, каб разьвіцьцё падзеяў ня надта афішавалася, а яшчэ лепш — замоўчвалася. Апанэнты Пэдрыні мяркуюць, што ў выпадку з 12-гадовай сіратой галоснасьць “стала крыніцай абвостранага напружаньня, як у галіне палітыкі, так і ў галіне міжканфэсійных зносінаў”.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках