25 лiстапада 2024, панядзелак, 13:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наталля Пяткевіч не змагла атаварыцца ў крамах Нью-Ёрка?

17

На канферэнцыі «Што будзе з Расеяй», якая адбылася ў ЗША, закраналася і беларуская тэматыка. У прыватнасці, вядомы палітык Уладзімір Рыжкоў распавёў, як амерыканская адміністрацыя ўжыла фінансавыя санкцыі да асобна ўзятага беларускага службоўцы.

Расейская газета «КоммерсантЪ» апублікавала 12 сакавіка артыкул «Расейскай апазіцыі паставілі ў прыклад іранскую». Там распавядаецца пра канферэнцыю «Што будзе з Расеяй», на якой Барыс Нямцоў і Уладзімір Рыжкоў спрабавалі растлумачыць, чаму ў іх не атрымліваецца эфектыўна супрацьстаяць расейскім уладам. У адказ Майкл Макфол, галоўны дарадца па Расеі кандыдата ў прэзідэнты ЗША Барака Абамы, параіў ім больш працаваць з насельніцтвам і браць прыклад з апазіцыі Ірана, Пакістана і Марока.

Успаміналі на канферэнцыі і пра Беларусь. На думку Нямцова і Рыжкова, лепшай дапамогай расейскім дэмакратам з боку ЗША будзе, калі Захад перастане выдаваць уязныя візы прадстаўнікам улад РФ.

– Па вобразным выказванні Гары Каспарава, яны хочуць кіраваць, як Сталін, і адпачываць, як Абрамовіч. Яны хочуць мець вілы на поўдні Францыі. Яны хочуць, каб іх дзеці вучыліся ў Англіі. Яны хочуць ездзіць у Еўропу і Амерыку на выходныя. Калі б вы перасталі даваць ім уязныя візы, як вы перасталі даваць візы Лукашэнку і яго асяродку, гэта было б самой лепшай дапамогай расейскаму народу, – разважаў Барыс Нямцоў. – І я не разумею, чаму, калі ў Захаду ёсць такі рычаг уздзеяння на Расею, ён ім не карыстаецца. Уладзімір Рыжкоў падтрымаў таварыша, успомніўшы гісторыю пра тое, як адна з беларускіх службовак не здолела зрабіць пакупкі ў шыкоўнай краме Нью-Ёрка, таму што яе рахункі былі заблакаваныя, – «і ў той жа дзень дзесяць беларускіх палітвязняў выйшлі на свабоду».

Расейскі палітык некалькі згусціў фарбы. «У той самы дзень дзесяць беларускіх палітвязняў выйшлі на свабоду» – гэта, мякка кажучы, перабольшанне.

Аднак сам па сабе факт блакавання рахункаў меў месца. Гэта «Салідарнасці», па сутнасці, пацвердзіў у прыватнай гутарцы высокапастаўлены супрацоўнік Дзярждэпартамента ЗША.

– Ці праўда, што адна з беларускіх службовак, прыехаўшы ў ЗША, выявіла, што яе карткі заблакаваныя? – пацікавіўся карэспандэнт.

– Я не магу ні пацвердзіць, ні абвергнуць гэтую інфармацыю, – шырока ўсміхнуўся ў адказ прадстаўнік Дэярждэпа. – Скажам так: некаторыя цяжкасці ў яе сапраўды былі.

У дадзеным выпадку Уладзімір Рыжкоў мог мець на ўвазе толькі Наталлю Пяткевіч – намесніцу кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Беларусі. Менавіта яна наведвала нядаўна Нью-Ёрк, дзе ўдзельнічала ў сесіі Генасамблеі ААН.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках