26 лiстапада 2024, aўторак, 13:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Больш як 70 гарадоў Еўропы, ЗША і Канады патрабавалі свабоды для беларусаў (Фота)

4
Больш як 70 гарадоў Еўропы, ЗША і Канады патрабавалі свабоды для беларусаў (Фота)

У 70 гарадах Еўропы, Злучаных Штатаў Амерыкі і Канады прайшлі акцыі пад лозунгам «Дайце голас народу Беларусі». Пра гэта прэс-цэнтру Хартыі’97 паведамілі ў брусэльскім офісе моладзевай арганізацыі JEF (Jeunesse Europeene Federaliste/Маладыя Еўрапейскія Федэралісты), якая з'яўляецца арганізатарам акцыі.

Акцыя была праведзеная ў знак салідарнасці з беларусамі, якія змагаюцца за свабоду, і прысвечаная другой гадавіне прэзідэнцкіх выбараў, якія прайшлі ў Беларусі.

Моладзевыя актывісты заляпілі раты помнікам у Бостане (ЗША), Атаве (Канада), Бардо, Нансі, Парыжы, Страсбургу, Ліёне (Францыя), Берліне, Хемніцы, Фрайбургу, Ене (Нямеччына), Вільні (Літва), Стакгольме, Лундзе, Гётэборгу, Мальме (Швецыя), Эдынбургу, Ёрку, Лідсе, Нотынгеме (Вялікабрытанія), Брусэлі, Левене (Бельгія), Лісабоне, Порта, Матасінхасе (Партугалія), Рызе (Латвія), Бухарэсце (Румынія), Любляне (Славенія), Орхусе, Капенгагене, Одэнсе, Альборгу (Данія), Берне (Швейцарыя), Хельсінкі, Улу (Фінляндыя), Вагенінгене (Нідэрланды), Дубліне (Ірландыя), Падгорыцы (Чарнагорыя), Заграбе (Харватыя), Прышціне (Косава), Нісе (Сербія), Сафіі, Варне (Баўгарыя), Фларэнцыі, Рыме (Італія), Камаціні (Грэцыя), Варшаве, Вроцлаве, Познані, Горжуве, Гданьску, Беластоку, Кракаве (Польшча), Мадрыдзе, Барселоне (Іспанія), Кіеве, Львове (Украіна), Празе (Чэхія), Борасе, Сковдзе (Швецыя) і іншых гарадах.

«Маладыя людзі ў Еўропе горача вераць у дэмакратыю, свабоду і павагу да правоў чалавека. Шматлікія прымаюць гэтыя правы як належныя, але мы не можам забываць, што ў Еўропе ўсё яшчэ існуе дыктатура. Мы павінны адрэагаваць і выступіць у падтрымку тых, каму адмаўляюць у гэтых асноўных правах», – сказаў Тоні Джуліяна, каардынатар і віцэ-прэзідэнт моладзевай арганізацыі JEF.

«Еўрапейскі Звяз аднагалосна і рашуча мог бы прынесці свабоду людзям Беларусі, – сказаў Сэмюэл Піі, прэзідэнт моладзевай арганізацыі JEF. – Разам з лозунгам «Дайце голас народу Беларусі, JEF патрабуе, каб Еўрапейскі Звяз і міжнародная супольнасць пачалі дзейнічаць і звярнулі ўвагу на злачынствы і парушэнні правоў чалавека, свабоды слова і працэдуры выбараў у Беларусі. Грамадзяне Беларусі! Мы разам з вамі. Час зменіцца!» –упэўнены Сэмюэл Піі.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках