26 лiстапада 2024, aўторак, 1:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Амбасада ЗША: Так званыя шпіёны працавалі ў кантакце з беларускім МУС

16

Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джонатан Мур аспрэчыў абвінавачванні ў шпіянажы ў адрас супрацоўнікаў амбасады, якія прагучалі ў эфіры Беларускага тэлебачання.

Частка супрацоўнікаў амбасады ЗША ў Беларусі пакіне тэрыторыю нашай краіны. Такім чынам, Вашынгтон пайшоў насустрач патрабаванню афіцыйнага Менска скараціць колькасць амерыканскіх дыпламатаў на парытэтнай аснове. Як паведаміў у інтэрв'ю БелаПАН часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джонатан Мур, раніцай 24 сакавіка ў яго адбылася сустрэча ў МЗС Беларусі, на якой ён паведаміў пра рашэнне Вашынгтона скараціць колькасць амерыканскіх супрацоўнікаў амбасады.

«Беларускі бок прызначыў нам 24 сакавіка (да 15.00), як крайні тэрмін для прыняцця гэтага рашэння, – сказаў Д.Мур. – З шкадаваннем і цвёрдай упэўненасцю, што гэтае патрабаванне не адпавядае Венскай канвенцыі аб дыпламатычных стасунках, ЗША прынялі рашэнне аб скарачэнні штата амбасады».

Джонатан Мур паведаміў, што ў дыпмісіі застаюцца працаваць 17 амерыканскіх супрацоўнікаў. Столькі ж пакіне Беларусь.

Дыпламат нагадаў, што ў сувязі з патрабаваннем беларускага боку аб скарачэнні колькасці супрацоўнікаў амбасада ЗША змушанае часова прыпыніць выдачу віз беларускім грамадзянам.

«Гэта часовая мера, – падкрэсліў Д.Мур. – Мы змушаныя пайсці на гэта ў сувязі з тым, што нашы намаганні цяпер сфакусаваныя на тым, каб нашы супрацоўнікі паспелі пакінуць Беларусь да таго тэрміна, які нам вызначаны». Ён падкрэсліў, што ў экстраных выпадках амбасада гатова выдаваць візы беларускім грамадзянам, а таксама выказаў надзею, што з наступнага тыдня аднавіцца нармальная праца консульскага аддзела.

«Беларускія ўлады настойваюць на памяншэнні колькасці працаўнікоў амбасады, але пры гэтым чакаюць, што колькасць выдадзеных віз застанецца ранейшай. Сёння мы спрабуем вырашыць гэтую сітуацыю», – сказаў Д.Мур.

У беларускім МЗС, паведаміў дыпламат, яму паведамілі пра тое, што амбасадарка Карэн Сцюарт не зможа прыехаць у Менск, пакуль беларускі амбасадар Міхаіл Хвастоў не вернецца ў ЗША. «На сённяшняй сустрэчы я паведаміў, што мы чакаем вяртання амбасадара Хвастова ў Вашынгтон у любы час», – адзначыў Джонатан Мур.

Але не навіна пра скарачэнне колькасці працаўнікоў дыппрадстаўніцтва ЗША стала сёння галоўнай з фронту беларуска-амерыканскай «халоднай вайны». У мазаіцы канфлікту з'явілася новая дэталь – шпіёнская.

Паводле паведамлення Першага тэлеканала, у Беларусі выкрытая амерыканская шпіёнская сетка, арганізаваная дыппрадстаўніцтвам ЗША, у склад якой уваходзілі беларускія грамадзяне. Нібыта завербаваныя амерыканцамі беларусы збіралі інфармацыю, якая цікавіла Штаты, і перадавалі яе куратару ў амбасаду – кадраваму супрацоўніку ФБР. У сюжэце былі названыя імёны двух супрацоўнікаў амбасады – Курт Фінлі і Бярнард Ніксан. «Штаб-кватэра» шпіёнскай групы размяшчалася непадалёк ад амбасады.

Затрыманне, як паведамлялася па тэлебачанні, адбылося 13 сакавіка. Прычым у момант чарговай «шпіёнскай сходкі» прысутнічаў і амерыканскі куратар.

У тэлесюжэце было адзначанае, што задачай групы быў збор і перадача амерыканскаму боку звестак для выкарыстання іх у шкоду Беларусі. На ўзбраенні групы меліся фотаапараты, біноклі, відэакамеры, тэлефоны.

У інтэрв'ю БелаПАН Джонатан Мур аспрэчыў абвінавачванні ў шпіянажы ў адрас супрацоўнікаў амбасады. «У нас няма шпіёнаў, якія працуюць на тэрыторыі Беларусі», – заявіў дыпламат.

«Рэчаіснасць такая, што гэтыя людзі з'яўляюцца часткай аховы нашай амбасады. Яны кантактавалі з мясцовай міліцыяй і Міністэрствам унутраных спраў. Гэта звычайная практыка – мець у амерыканскай амбасадзе такіх супрацоўнікаў», – сказаў Джонатан Мур. Пры гэтым ён падкрэсліў, што Бярнард Ніксан з'ехаў з Беларусі яшчэ ўлетку 2007 года, а Курт Фінлі пакіне краіну разам з іншымі супрацоўнікам амбасады да 27 сакавіка ў сувязі з скарачэннем штата дыпмісіі.

Джонатан Мур таксама адзначыў, што ні Б.Ніксан, ні К.Фінлі не з'яўляюцца супрацоўнікамі ФБР. «Яны – супрацоўнікі дыпламатычнай службы аховы, якая з'яўляецца часткай Дзярждэпартамента, – сказаў Д.Мур. – У ФБР ёсць супрацоўнікі, якія працуюць за межамі ЗША. Іх пасада звычайна называецца юрыдычны аташэ. Аднак у Менску ў нас такога супрацоўніка няма. Юрыдычны аташэ ФБР для дадзенага рэгіёна працуе ў Кіеве. Ён наведваў Менск, у яго былі тут сустрэчы, у тым ліку і з прадстаўнікамі МУС. Так што, беларускія ўлады выдатна паінфармаваныя пра рэальнае становішча спраў».

Дыпламат таксама адзначыў, што амбасада ЗША падала МЗС Беларусі спіс усіх беларускіх грамадзян, якія працуюць у дыпмісіі. «Тут ніякага сакрэту і ніякай змовы няма», – падкрэсліў Д.Мур.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках