25 лiстапада 2024, панядзелак, 16:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Яшчэ адно наступства ўказа №760: прыватныя «маршруткі» знікаюць

Прыватны бізнес здае свае пазіцыі на рынку пасажырскіх перавозак. З пачатку года колькасць «маршрутак» скарацілася на 20-30%, а ў некаторых гарадах і агулам да 50%. Эксперты звязваюць гэта, у першую чаргу, з дзеяннем указа №760.

Па дадзеных Міністэрства статыстыкі і аналізу, у першым квартале колькасць пасажыраў, якіх перавезлі індывідуальныя прадпрымальнікі ў рэгулярнай аўтобуснай сувязі (у народзе «маршруткі»), скарацілася амаль у тры разы — да 17,4 мільёна (у першым квартале 2007 года іх было 47,4 мільёна).

Аднак гэта не значыць, што паслугі прадпрымальнікаў сталі беларусам не цікавыя ці агулам не патрэбныя. Проста колькасць жадаючых займацца прыватнымі перавозкамі ў апошні час становіцца ўсё меншай.

Доля прыватных маршрутных таксі, ў агульным пасажыразвароце аўтамабільнага транспарту, таксама паменшылася, кажа статыстыка. Калі год таму па выніках першых трох месяцаў гэты паказчык складаў 9,4%, то зараз толькі 5,3%.

Эксперты гэтага рынку называюць цэлы шэраг прычынаў, чаму колькасць прадпрымальнікаў скарачаецца. Шэраг перавозчыкаў падкасіў указ № 760, згодна якому з 1 студзеня наймаць на працу ПП могуць толькі блізкіх сваякоў. Пераходзіць жа у прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы (ПУП) большасць не рызыкнула. А шмат хто з тых, хто ўсё ж на гэта рашыўся, зараз кусаюць локці.

Падаткавая нагрузка для іх вырасла ў 2-3 разы, прычым нават пры выкарыстанні спрошчанай сістэмы падаткаабкладання. Перавозчыкі знаходзяцца ў горшым становішчы ў параўнанні з тымі, хто займаецца гандлем.

Апошнім дазволена юрыдычную адрэсу зарэгістраваць на гандлёвую плошчу. Перавозчыкам жа неабходна шукаць офіс і несці дадатковыя выдаткі на арэнду. Працуючы як юрыдычныя асобы, перавозчыкі сутыкаюцца з яшчэ адной нязручнасцю. Яны не могуць набываць запчасткі (а гэта другі пасля паліўна-змазачных матэрыялаў артыкул выдаткаў) за наяўныя грошы.

«ПУП не можа пайсці на базар і набыць там патрэбныя запчасткі. Гэта трэба рабіць па «безналу», што даражэй на 25-30%», — патлумачыў нам адзін з прадпрымальнікаў. На гаспадарчыя патрэбы юрыдычная асоба можа выдаткоўваць па наяўным рахунку толькі 50 базавых велічынь ў месяц, што вельмі мала, асабліва для тых, у каго ў парку не адна, а шмат машын, сцвярджаюць перавозчыкі, прапаноўваючы ўстанавіць суму ў памеры 40 базавых велічынь з разліку на адзін аўтамабіль.

Каб нармальна працаваць, неабходна на некалькі год знізіць падатковую стаўку ў два разы: з цяперашніх 10% ад выручкі да 5%. Гэта змагло б дазволіць перавозчыкам адаптавацца да новых умоваў, лічаць у Беларускім прафесійным саюзе работнікаў розных форм прадпрымальніцтва «Садружнасць»: «Зараз жа працаваць выпадае ва ўбытак. Кіраўнікі многіх ПУПаў кажуць аб тым, што гатовыя звярнуць свой бізнес».

Адток прадпрымальнікаў з гэтай сферы ідзе па ўсей краіне. Па адзнаках экспертаў, з пачатку года колькасць «маршрутак» скарацілася на 20-30%, а ў некаторых гарадах і агулам да 50%. Але калі для Менску скарачэнне перавозчыкаў адчуваецца не моцна (грамадскі транспарт у сталіцы ходзіць дастаткова рэгулярна), то вось для рэгіёнаў (асабліва ў міжгародняй сувязі) — гэтая праблема куды болей сур’ёзная.

Па адзнаках экспертаў, у лепшыя часы развіцця маршрутных таксі іх доля ў агульным пасажыразвароце аўтамабільнага транспарту дасягала 12-13%. У сярэдніх і малых гарадах, дзе дзяржаўныя аўтапаркі заўсёды сутыкаліся з недафінансаваннем, «маршруткі» перавозілі ад 30% да 50% пасажыраў.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках