25 лiстапада 2024, панядзелак, 8:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менску праходзіць «Чарнобыльскі шлях» (Онлайн рэпартаж, відэа, фото)

У Менску праходзіць «Чарнобыльскі шлях» (Онлайн рэпартаж, відэа, фото)

Сёння ў Менску праходзіць акцыя «Чарнобыльскі Шлях», прымеркаваная да гадавіны аварыі на ЧАЭС. Удзельнікі Шляху збіраюцца ў 14.00 на пляцоўцы каля Акадэміі навук. Затым плануецца шэсце па праспекце Незалежнасці і вуліцы Сурганава ў Парк дружбы народаў. Асноўныя патрабаванні дэманстрантаў – не замоўчваць на дзяржаўным узроўні наступствы аварыі на ЧАЭС, вярнуць ільготы ліквідатарам і пацярпелым, не будаваць АЭС у Беларусі. Сайт Хартыі’97 асвятляе акцыю ў онлайн-рэжыме, сачыце за аднаўленнямі.

17.05

«Чарнобыльскі шлях-2008» скончаны. Удзельнікі запалілі свечы і паклалі кветкі каля капліцы, пасля чаго пачалі разыходзіцца. Перад гэтым адбыўся невялікі жалобны мітынг з хвілінай маўчання ў памяць аб ахвярах Чарнобыльскай трагедыі.

17.00

Адзін з заяўнікаў "Чарнобыльскага шляха" Аляксандр Ваўчанін вызвалены з Жодзінскага ГУУС, дзе актывіст прабыў каля трох гадзінаў. В ГУУС яму прапанавалі падпісаць нейкія паперы з папярэджаннем аб крымінальнай адказнасці. Зрабіць гэта ён адмовіўся. Супрацоўнікі міліцыі вярнулі актывісту плакат «Чарнобыльцы — за сацыяльныя гарантыі», з якім ён збіраўся ўдзельнічаць у «Чарнобыльскім шляхе». Старшыня грамадскага аб’яднання «Саюз Чарнобыль-Беларусь» (Кіеў) быў затрыманы раніцай 26 красавіка ў Жодзіна, калі збіраўся ехаць у Менску на «Чарнобыльскі шлях».

16.50

Удзельнікі "Чарнобыльскага шляха" дайшлі да канцавой кропкі свайго маршрута - Царквы ў гонар іконы Божай Маці “Спагнанне загінулых”, у памяць аб ліквідатарах наступстваў чарнобыльскай катастрофы”.

16.10

Калона працягвае рух да капліцы ў гонар іконы Божай Маці, якая знаходзіцца недалёка ад парка Дружбы народаў. Аднак за ёй едуць два бранірованых аўтазакі і два аўтобусы з супрацоўнікамі АМАПу.

16.05

Калона з удзельнікамі "Чарнобыльскага шляха" падыйшла да парку Дружбы народаў, дзе яны намераныя каля капліцы, пабудаванай у памяць ахвяраў Чарнобыля, прыняць удзел у жалобнай малітве.

16.00

Аб’яднаная грамадзянская партыя адмовілася працягваць удзел ў «Чарнобыльскім шляхе». Хутка пасля таго, як скончыўся мітынг каля Акадэміі навук, прадстаўнікі АДП на чале са сваім лідэрам Анатолем Лябедзькай згарнулі свае плакаты і сцягі. «Мы не намераныя ўдзельнічаць у акцыі, якую навязалі нам улады», - заявіў Анатоль Лябедзька, маючы на ўвазе маршрут шэсця ад Акадэміі навук да парку Дружбы народаў.

15.45

Калона рушыць каля ўніверсама "Рыга". Наперадзе калоны нясуць ікону Божай Маці ахвяраў Чарнобыля. Людзі скандуюць "Жыве Беларусь!". Аўтамабілі ДАІ стаяць ўздоўж дарогі, не выпускаючы ўдзельнікаў акцыі на праезжую частку.

15.40

Як стала вядома прэс-цэнтру Хартыі'97, адзін з заяўнікаў "Чарнобыльскага шляха", старшыня грамадскага аб’яднання «Саюз Чарнобыль-Беларусь» (Кіеў) Аляксандр Ваўчанін у цяперашні час знаходзіцца ў Жодзінскім ГУУС (Смалявіцкі раён). Нагадаем, ён быў затрыманы пры спробе выйсці на аўтадарогу Менск — Барысаў, з тым, каб накіравацца ў сталіцу для ўдзелу ў акцыі апазіцыі «Чарнобыльскі шлях-2008». Аперацыю праводзілі супрацоўнікі міліцыі на трох аўтамабілях. А.Ваўчанін быў затрыманы "для высвятлення асобы".

15.35

Адзін з заяўнікаў "Чарнобыльскага шляха" Ігар Рынкевіч папрасіў удзельнікаў акцыі зноўку вярнуцца на ходнікі і не парушаць правілы дарожнага руху.

15.32

На перакрыжаванні вуліцаў Сурганава-Якуба Коласа дэманстранты выйшлі на праезжую частку.

15.30

Як паведаміў прэс-цэнтру Хартыі'97 адзін з заяўнікаў «Чарнобыльскага шляха» Уладзімір Лабковіч, у арганізатараў акцыі была дамоўленасць з кіраўніцтвам ДУУС Менгарвыканкама, што супрацоўнікі ДАІ будуць перакрываць рух на час прахаджэння калоны дэманстрантаў, такім чынам улады парушылі папярэднія дамоўленасці, разбіўшы калону на некалькі частак.

15.22

Колькасць удзельнікаў акцыі на цяперашні час складае каля 3 тысяч чалавек. Калона па-ранейшаму разбітая на 2 часткі, паколькі супрацоўнікі ДАІ перакрылі аўтамабілямі перакрыжаванне.

15.20

Шэсце па вуліцы Сурганава рухаецца вельмі павольна. Для перахода перакрыжавання супрацоўнікі ДАІ даюць удзельнікам "Чарнобыльскага шляха" не больш за 15 секунд. За гэты час паспяваюць перайсці вуліцу чалавек 20-30. такім чынам калона хутчэй стаіць, чым рухаецца.

15.12

Супрацоўнікі ДАІ не забяспечваюць умовы правядзення акцыі, забараняюць людзям ісці па правай паласе праезжай часткі, у той час як ходнік вельмі вузкі, не перакрываюць рух на перакрыжаванні, у выніку чаго калона разарваная на тры часткі, паколькі людзі прымушаныя чакаць зялёнага святла святлафора.

15.10

Пачалося шэсце па праспекце Незалежнасці ў бок вуліцы Сурганава. Удзельнікі ідуць да парку Дружбы народаў. На чале колоны нясуць агромністы транспарант «Чарнобыльскі шлях». У калоне нясуць і іншыя транспаранты: «Злітуйцеся над нашай зямлёй!», «Ад зоны адчужэння да зоны прымусу?» «Не – будаўніцтву АЭС!», «Мы супраць ядзернага рэактара», «1986 – будучае пад пагрозай». Людзі нясуць таблічкі з назвамі гарадоў, адкуль яны прыехалі. Гэта Рагачоў, Гомель, Жыткавічы, Корма, Рэчыца і іншыя.

Таксама разгорнуты агромністы транспарант «Свабоду Казуліну!». Людзі скандуюць «Жыве Беларусь!», «Атам мірным не бывае», некаторыя апранулі на твары павязкі са знакам радыяцыйнай бяспекі і стукаюць у барабаны.

15.00

Старшыня аргкамітэту «Чарнобыльскага шляху», лідэр руху «За свабоду!» Аляксандр Мілінкевіч заявіў, што ён не пойдзе ў парк Дружбы народаў. Бо ўжо зранку быў каля капліцы, пабудаванай ў памяць аб ахвярах Чарнобыля, паклаў там кветкі і паставіў свечку. Астатнім удзельнікам ён прапанаваў працягнуць акцыю шэсцем да парку Дружбы народаў. У інтэрв’ю прэс-цэнтру Хартыі’97 ён паведаміў, што не пойдзе ў парк, бо не намераны здраджваць сваім прынцыпам: «Аднойчы я заявіў, што ніколі больш не пайду на Бангалор, і намераны трымаць сваё слова», - падкрэсліў Мілінкевіч.

14.50

На мітынгу, прысвечаным Чарнобыльскай трагедыі, выступіў грамадскі актывіст з мястэчка Дружны Юры Хадневіч, дзе людзі пратэстуюць супраць будаўніцтва завода атрутахімікатаў. Ён распавёў, што па дарозе ў Менск быў затрыманы актывіст Сяргей Абразоўскі, якога пасля затрымання былі змушаныя шпіталізаваць. Хадневіч таксама прызваў да салідарнасці з жыхарамі мястэчка Дружны, якія намераныя змагацца супраць будаўніцтва завода атрутахімікатаў самым актыўным чынам.

14.43

Як паведаміў прэс-цэнтру Хартыі’97 адзін са студэнтаў ЕГУ, які ехаў з Вільні ў Менск ля ўдзелу ў «Чарнобыльскім шляхе», сёння на беларуска-літоўскім памежпераходзе «Каменны Лог» разам з памежнікамі людзей аглядаў супрацоўнік КДБ, які звяртаўся ў асноўным да моладзі і папярэджваў, што не трэба ісці на «Чарнобыльскі шлях».

14.40

Перад удзельнікамі «Чарнобыльскага шляха» выступіў старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі, які перадаў усім прывітанне ад дэпутата Еўрапарламента з Германіі Марыі-Луізы Бек. У прывітанні адзначалася, што сітуацыя ў Беларусі заўсёды будзе знаходзіцца ў цэнтры ўвагі Еўразвяза.

14.32

Перад удзельнікамі акцыі выступае адзін з лідэраў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада», экс-адвакат Аляксандра Казуліна Игар Рынкевич. Ён заклікае ўлады вызваліць усіх палітзняволеных – Аляксандра Казуліна, Сяргея Парсюкевіча і Андрэя Кіма. Людзі скандуюць: «Свабоду!».

14.30

Каля Акадэміі навук выступіў акадэмік Іван Нікітчанка, які заявіў, што сёння ўлады хаваюць ад людзей сапраўдныя наступствы Чарнобыльскай трагедыі. «Сёння Беларусь пераўтварылася ў адну вялікую чарнобыльскую «зону». Здароўе людзей катастрафічна пагаршаецца, у той час як улады зноўку засяляюць заражаныя тэрыторыі, апрацоўваюць там зямлю, вырошчваюць ураджай», - падкрэсліў акадэмік Нікітчанка.

14.25

Адна з арганізатараў акцыі палітык і праваабаронца Людміла Гразнова заклікала ўдзельнікаў «Чарнобыльскага шляха», якія сабраліся каля Акадэміі навук, ушанаваць памяць ахвяраў катастрофы на ЧАЭС хвілінай маўчання. Тым часам людзей на пляцоўцы становіцца ўсё болей.

14.20

Колькасць удзельнікаў ужо набліжаецца да 2000 чалавек. На пляцоўцы лунае ўсё больш сцягоў Еўразвяза і нацыянальных бел-чырвона-белых. Заяўнікі «Чарнобыльскага шляха» выступаюць з прамовамі на прыступках каля Акадэміі навук.

14.15

На акцыі прысутнічаюць лідэры апазіцыі Аляксандр Мілінкевіч, Мікола Статкевіч, Павел Севярынец, Зміцер Хведарук і іншыя палітыкі. Удзел у «Чарнобыльскім шляху» таксама прымаюць дочкі палітвязня Аляксандра Казуліна, якія стаяць з транспарантам «Свабоду Казуліну!».

14.05

Колькасць удзельнікаў акцыі павялічваецца да 1000 чалавек. Яны скандуюць «Жыве Беларусь!». Плынь людзей, якія падыходзяць да пляцоўкі на Акадэміі навук, не спыняецца.

14.00

Удзельнікі «Чарнобыльскага шляха» разгарнулі на плошчы каля Акадэміі навук расцяжкі: «Мы – супраць ядзернага рэактара!», «Атамная энергія – гэта тупік», «Не – другому Чарнобылю!». Тым часам на пляцоўцы з’явілася група маладых людзей, якія называюць сябе анархістамі. Яны ўсе з закрытымі тварамі і скандуюць радыкальныя лозунгі.

13.55

На пляцоўцы каля Акадэміі навук зараз знаходзяцца каля 500 чалавек. Яны разгарнулі бел-чырвона-белыя сцягі і сцягі Еўразвяза. У раёне пляцоўкі супрацоўнікаў міліцыі амаль не бачна, паблізу знаходзяцца толькі некалькі міліцыянтаў. Тым часам, людзі працягваюць падыходзіць да пляцоўкі.

13.50

Каля гадзіны дня па дарозе ў Менск Минск быў затрыманы актывіст з мястэчку Дружны Пухавіцкага раёну Сяргей Абразоўскі. Міліцыянты спынілі машыну каля вёскі Дукора. Пры затрыманні Абразоўскаму парвалі пінжак. У яго падняўся ціск, пасля чаго міліцыянты былі змушаныя выклікаць яму «хуткую дапамогу», паведамляе «Радыё Свабода».

13.35

26 красавіка прыкладна за аўтары гадзіны да пачатку ў Менску акцыі «Чарнобыльскі шлях» на выездзе з Жодзіна (Смалявіцкі раён) супрацоўнікамі міліцыі быў затрыманы адзін з заяўнікаў «Чарнбыльскага шляха», старшыня грамадскага аб’яднання «Саюз Чарнобыль-Беларусь» (Кіеў), кіраўнік чарнобыльскай камісіі ОГП Аляксандр Ваўчанін.

Па нашай інфармацыі, яго вязуць ў Жодзінскі ГАУС. Звязацца з грамадскім актывістам пакуль немагчыма.

Сёння зранку дахаты да А.Ваўчаніна прыходзілі супрацоўнікі міліцыі і рэкамендавалі ўтрымацца ад паездкі ў сталіцу.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках