25 лiстапада 2024, панядзелак, 12:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы прайшлі «Чарнобыльскім Шляхам»

15
Беларусы прайшлі «Чарнобыльскім Шляхам»

Акцыя «Чарнобыльскі Шлях» прайшла 26 красавіка ў Менску. У дэманстрацыі прынялі ўдзел каля 3.000 чалавек. Людзі выйшлі на акцыю пад лозунгамі «Не – будаўніцтву АЭС!», «Злітуйцеся над нашай зямлёй!», «Мы супраць ядзернага рэактара!», а таксама пад бел-чырвона-белымі нацыянальнымі сцягамі і сцягамі Еўрапейскага Звяза.

Асноўнымі патрабаваннямі дэманстрантаў быў заклік да ўладаў не замоўчваць на дзяржаўным узроўні наступствы аварыі на ЧАЭС, вярнуць ільготы ліквідатарам і пацярпелым ад аварыі, не будаваць уласную АЭС у Беларусі.

Першапачаткова акцыю планавалася правесці маршрутам ад Акадэміі навук да плошчы Незалежнасці, дзе каля Дома ўраду павінны быў адбыцца мітынг. Аднак гарадскія ўлады забаранілі шэсце на галоўную плошчу, дазволіўшы толькі сбор каля Акадэміі навук. Далей удзельнікам «Чарнобыльскага Шляху» было прапанавана прайсці па вуліцы Сурганава ў аддалены ад цэнтра парк Дружбы народаў.

Пасля перамоваў заяўнікі акцыі пагадзіліся з маршрутам, прапанаваным уладамі. У 14.00, калі каля Акадэміі навук сабраліся некалькі тысячаў чалавек, прайшоў мітынг з удзелам лідэраў апазіцыі, вучоных, праваабаронцаў і грамадскіх актывістаў. Адзін з лідэраў Аб’яднанай грамадзянскай партыі Людміла Гразнова заклікала ўдзельнікаў акцыі ўшанаваць хвілінай маўчання памяць аб ахвярах катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі перадаў удзельнікам «Чарнобыльскага Шляха» прывітанне ад дэпутата Еўрапарламента з Германіі Марыі-Луізы Бек, у якім адзначалася, што сітуацыя ў Беларусі заўсёды будзе знаходзіцца ў цэнтры ўвагі Еўразвяза. На мітынгу прагучалі заклікі неадкладна вызваліць з турмаў палітзняволеных Аляксандра Казуліна, Сяргея Парсюкевіча, Андрэя Кіма. Дарэчы, дочкі экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі прыйшлі на акцыю з вялікім транспарантам «Свабоду Аляксандру Казуліну!».

Па заканчэнні мітынга выявілася, што не ўсе сябры аргкамітэта намераныя ісці маршрутам, які, па іхных словах, «навязаны ўладамі». Старшыня аргкамітэта «Чарнобыльскага Шляху», лідэр руху «За свабоду!» Аляксандр Мілінкевіч заявіў, што ён не пойдзе у парк Дружбы народаў. Па словах палітыка, раніцай 26 красавіка ён ужо быў каля капліцы, пабудаванай у памяць аб ахвярах Чарнобыля, усклаў там кветкі і паставіў свечку. У інтэрв’ю прэс-цэнтру Хартыі’97 Аляксандр Мілінкевіч сказаў, што не пойдзе ў парк Дружбы народаў, паколькі не намераны здраджваць сваім прынцыпам: «Аднойчы я заявіў, што ніколі больш не пайду на Бангалор. Парк - гэта не зусім плошча Бангалор, але побач. Я намераны трымаць сваё слова», - падкрэсліў Мілінкевіч.

Затым Аб’яднаная грамадзянская партыя адмовілася працягваць удзел у «Чарнобыльскім Шляху». Хутка пасля таго, як скончыўся мітынг каля Акадэміі навук, прадстаўнікі АГП на чале са сваім лідэрам Анатолем Лябедзькай згарнулі свае плакаты і сцягі. «Мы не намераныя ўдзельнічаць у акцыі, якую навязалі нам улады», - заявіў Анатоль Лябедзька, маючы на ўвазе маршрут шэсця ад Акадэміі навук да парку Дружбы народаў.

Тым не менш, акцыя працягвалася шэсцем спачатку па праспекце Незалежнасці, а пасля па вуліцы Сурганава. Наперадзе калоны дэманстранты неслі ікону Божай Маці ахвяраў Чарнобыля і агромністы транспарант «Чарнобыльскі Шлях». У калоне былі бачныя і іншыя транспаранты -- «Злітуйцеся над нашай зямлёй!», «Ад зоны адчужэння да зоны прымуса?» «Не – будаўніцтву АЭС!», «Мы супраць ядзернага рэактара», «1986 – будучыня пад пагрозай». Людзі таксама неслі таблічкі з назвамі гарадоў, адкуль яны прыехалі: Рагачоў, Гомель, Жыткавічы, Корма, Рэчыца і іншыя. Удзельнікі дэманстрацыі скандавалі «Жыве Беларусь!», «Жыве еўрапейская Беларусь!», «Атам мірным не бывае», «Не – АЭС!». Шмат удзельнікаў акцыі пазакрывалі твары павязкамі са знакам радыяцыйнай бяспекі. Некаторыя моладзевыя актывісты пад час шэсця білі ў барабаны.

Тым не менш, улады парушылі дамоўленасці з арганізатарамі акцыі. Як паведаміў прэс-цэнтру Хартыі'97 адзін з заяўнікаў «Чарнобыльскага Шляху» Уладзімір Лабковіч, у арганізатараў акцыі была дамоўленасць з кіраўніцтвам ГУУС Менгарвыканкама, што супрацоўнікі ДАІ будуць перакрываць рух на час праходжання калоны дэманстрантаў.

Аднак супрацоўнікі ДАІ не перакрывалі рух на праспекце Незалежнасці і перакрыжаваннях, людзі былі прымушаныя чакаць зялёнага святла святлафора, у выніку чаго калона была разарваная на тры часткі. Рух па вуліцы Сурганава цягнуўся недзе паўтары гадзіны, паколькі людзі больш стаялі, чым ішлі.

Акрамя таго, удзельнікі шэсця не змяшчаліся на ходніках. Людзі ішлі шчыльна прыціснутыя адзін да аднаго. Але каля ходнікаў стаялі аўтамабілі ДАІ, якія не дазвалялі людзям выйсці на праезжую частку. Улічваючы спякотнае надвор’е сёння ў Менску, ісці такім чынам было даволі пакутліва, асабліва людзям старэйшага пакалення.

Толькі да 17 гадзінаў удзельнікі "Чарнобыльскага Шляху" дайшлі да канцавой кропкі маршруту - Царквы ў гонар іконы Божай Маці "Спагнанне загінуўшых, у памяць аб ліквідатарах наступстваў Чарнобыльскай катастрофы". Там людзі памаліліся і паставілі свечы за тых, хто загінуў у выніку страшэннай тэхнагеннай катастрофы.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках