25 лiстапада 2024, панядзелак, 13:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Амерыка намераная пашырыць эканамічныя санкцыі супраць рэжыма Лукашэнкі (Відэа)

29
Амерыка намераная пашырыць эканамічныя санкцыі супраць рэжыма Лукашэнкі (Відэа)

«Для Злучаных Штатаў Амерыкі значна больш важныя палітзняволеныя ў Беларусі, чым колькасць амерыканскіх дыпламатаў у краіне», -- заявіў 30 красавіка на прэс-канферэнцыі Часовы Павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джонатан Мур, якому МЗС Беларусі ўручыла спіс дыпламатаў, абвешчаных персонамі non grata.

Па словах амерыканскага дыпламата, калі палітвязні не будуць вызваленыя, ЗША могуць пашырыць эканамічныя санкцыі ў адносінах Беларусі.

«Уведзеныя раней эканамічныя санкцыі будуць захоўвацца да таго часу, пакуль у Беларусі будуць заставацца палітычныя вязні», - адзначыў амерыканскі дыпламат. Адказваючы на пытанне, ці варта чакаць пашырэння санкцыяў, калі не будуць выпушчаныя на волю палітычныя зняволеныя Аляксандр Казулін, прадпрымальнік Сяргей Парсюкевіч і моладзевы актывіст Андрэй Кім, Д.Мур адказаў: «Так».

«Я не ведаю, калі санкцыі могуць быць пашыраныя, і не ведаю, на якія беларускія прадпрыемствы яны падзейнічаюць. Гэтае рашэнне прымаецца ў Вашынгтоне, але я думаю, што гэта адбудзецца хутка», - заявіў Джонатан Мур.

Часовы Павераны нагадаў, што раней «асноўныя санкцыі былі скаардынаваныя з ЗША і Еўрапейскім Звязам, і яны датычыліся перамяшчэння беларускіх чыноўнікаў і замарожвання іх рахункаў».

«У далейшым з нашага боку мы пашырылі санкцыі да замарожвання рахункаў спадару Лукашэнку пры дапамозе блакавання працы канцэрну «Белнафтахім», які ім кантралюецца», - адзначыў амерыканскі дыпламат. «Санкцыі дасягнулі таго эфекту, якога мы чакалі. Мы ведалі, што прадукцыя «Белнафтахіма» можа быць пераарыентаваная з амерыканскага рынку ў іншыя краіны. Але мы пабачылі вынікі гэтых санкцыяў, тое, што яны дасягнулі жаданага эфекту, улічваючы заявы беларускіх уладаў у адрас нашага амбасадара», - заявіў Д.Мур.

Акрамя таго, дыпламат прызнаў, што «амерыканскі бізнес у Беларусі ў некаторай ступені ўжо адчуў наступствы сёняшніх адносінаў паміж ЗША і Беларуссю». «Калі санкцыі будуць пашыраныя яшчэ болей, то пацерпіць бізнес і ў Беларусі, і ў ЗША», - заявіў Часовы Павераны.

У цяперашні час амбасада ЗША ў Беларусі намераная скараціць колькасць сваіх дыпламатаў на 10 чалавек - да 4-5.

«У якасці першай рэакцыі на патрабаванне паменшыць колькасць дыпламатаў да 5 чалавек мы сказалі, што не хочам гэтага рабіць. Як вынік - МЗС Беларусі дала нам сёння спіс з 10 дыпламатаў, якія абвешчаныя персонамі нон-грата і якія на працягу 72 гадзінаў павінныя пакінуць Беларусь. У адпаведнасці з Венскай канвенцыяй мы зробім усё магчымае, каб нашыя дыпламаты пакінулі краіну ў адпаведнасці з устаноўленым тэрмінам» - адзначыў Д.Мур.

Джонатан Мур назваў дзеянні беларускіх уладаў «беспрэцэдэнтнымі». Па словах дыпламата, «некаторыя людзі ў Беларусі не разумеюць, у чым заключаецца праца нашай амбасады». «На працягу апошніх 17 год ЗША выдалі Беларусі гуманітарнай дапамогі на суму большую за 270 млн даляраў ЗША, мы выдалі больш за 90 тысяч візаў беларускім грамадзянам, зрабілі фінансавую падтрымку больш чым 1 тысячы культурных і адукацыйных праграм, больш за 600 тысяч беларускіх школьнікаў прынялі ўдзел у праграмах, арганізаваных амбасадай», - праінфармаваў Мур. «Гэта прычыны, па якіх нам трэба працаваць у Беларусі, і гэтыя задачы нам сёння будзе выконваць цяжэй», - заявіў дыпламат.

Па ягоных словах, «скарачэнне колькасці нашых дыпламатаў да 5 чалавек ці меней зробіць нашую працу яшчэ больш складанай», - адзначыў Д.Мур. У прыватнасці, «зараз мы змушаныя рабіць консульскую дапамогу толькі ў выключных выпадках, і мы змушаныя рэкамендаваць беларускім грамадзянам звяртацца за гэтай дапамогай у суседнія краіны, напрыклад, у Маскву», - сказаў Часовы Павераны ў справах ЗША ў Менску.

Амерыканскі дыпламат зрабіў таксама заяву, датычную амерыканскага адваката Эмануіла Зельцэра, які ўжо некалькі месяцаў знаходзіцца ў ізалятары КДБ Беларусі. «Мы заклікаем улады вызваліць грамадзяніна ЗША, сыходзячы з гуманітарных меркаванняў. Мы заклікаем беларускія ўлады выканаць гэтае патрабаванне, каб захаваць жыццё амерыканскаму грамадзяніну», - заявіў Джонатан Мур.

Як заявіў дыпламат, «ЗША вельмі заклапочаныя пагаршэннем стану здароўя Э.Зельцэра, які знаходзіцца ў зняволенні з 12 сакавіка». «Нам далі магчымасць сустрэцца з ім толькі два разы - 27 сакавіка і 25 красавіка. Пад час сустрэчы 25 красавіка мы адзначылі значнае пагаршэнне ягонага здароўя. Яму не далі магчымасці прымаць неабходныя медыцынскія прэпараты, і гэта можа прывесці да цяжкіх наступстваў для ягонага здароўя», -заявіў Часовы Павераны.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках