25 лiстапада 2024, панядзелак, 13:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнку патрэбныя рабочыя

16

У Беларусі з падачы адміністрацыі прэзідэнта ініцыюецца пераход з 12-гадовай на 11-гадовую сярэднюю адукацыю. У выніку "недавучаныя" дзеці наўрадці вытрымаюць сур'ёзны конкурс у вну, а значыць, змогуць папоўніць шэрагі працаўнікоў.

"З эксперыментамі ў школьнай адукацыі трэба сканчаць", - заявіў Аляксандр Лукашэнка, выступаючы са штогадовым пасланнем парламенту і народу. І фактычна ініцыяваў рэформу. Як яна будзе ажыццяўляцца, чыноўнікі мусяць вызначыцца да канца траўня, а ўкараняць інавацыі пачнуць ужо з 1 верасня, піша расейская "Независимая газета".

З абмеркавання праблемы на адмысловай нарадзе ў прэзідэнта можна зрабіць выснову, што пераход да адзінаццацігодкі адбудзецца ўжо налета без адаптацыйнага перыяду. Той факт, што цяперашнія 10-класнікі сёлета будуць здаваць іспыты за курс базавай школы, а ў наступным - ужо сярэдняй, выклікае жах у вучняў і бацькоў, што трапілі ў эпіцэнтр рэформы. У той самы час у вну задаволена паціраюць рукі: да іх прыйдуць "два камплекты" абітурыентаў, што спародзіць велізарныя конкурсы, і яны змогуць "зняць вяршкі". Добра гэта і для рынку працы - у Беларусі лішак працоўных вакансіяў. "Недавучаныя" дзеці наўрадці вытрымаюць сур'ёзны конкурс, а значыць, змогуць папоўніць шыхты працаўнікоў.

Бацькі, настаўнікі ды і чыноўнікі Мінадукацыі нерашуча пагаворваюць, што трэба б даць першым "дванаццацігодкам", якія сёння сканчаюць 10-ы клас, скончыць школу па-ранейшаму, каб не ламаць жыццё дзецям. Стратэгі адміністрацыі прэзідэнта, аднак, ужо падлічылі, што 12-ы год навучання каштавацьме бюджэту 300 млрд. руб. (пад 140 млн. дал). З іх 100 млрд. руб. давядзецца выдаткаваць на само навучанне, а 200 будуць страчаны з-за "выключэння моладзі з прадуктыўнага жыцця".

Каментуючы інавацыі, мясцовыя эксперты называюць шэраг прычынаў такога імклівага рэфармавання. Першая - фінансавая, якая мае расейскі след: падаражэнне энерганосьбітаў вымушае ашчаджаць на ўсім, у тым ліку і на адукацыі. "НГ" пісала, што нядаўна ў Беларусі пачалася сацыяльная рэформа з пазбаўленнем ільготаў шматлікіх катэгорыяў насельніцтва.

Другая - макраэканамічная. Ладзячы 10 гадоў таму пераход на 12-гадовую адукацыю, дзяржаўныя эксперты не змаглі пралічыць наступствы гэтага кроку. Яны не ўлічылі таго факту, што нараджальнасць у пачатку 90-х была нізкая, а перыяд сталення дзяцей пачатку 90-х прыпаў на час выйсця на пенсію вялікай колькасці людзей, народжаных у першае пасляваеннае дзесяцігоддзе. Разам з забаронамі на звальненне працоўных з буйных прамысловых прадпрыемстваў і адцёкам высокакваліфікаваных кадраў у найбліжэйшыя краіны гэта стала крыніцай дэфіцыту працоўных рук у Беларусі. Яго і мусяць папоўніць "ахвяры эксперыменту ў адукацыі".

Трэцяя прычына - замежнапалітычная. Дэкларуючы пераход да 12-гадовай адукацыі, беларускія чыноўнікі казалі аб уніфікацыі мясцовай адукацыі з еўрапейскай. Па сканчэнні 12-годкі беларускія школьнікі маглі рабіцца студэнтамі еўрапейскіх вну. Для цяперашняй жа ўлады еўрапейскія каштоўнасці і стандарты не толькі не ўзор, але нават і антыпод. "Ці будзем мы ў сябе будаваць дзяржаву чыста па заходнім узоры, яшчэ пытанне", - выступіў напярэдадні "укіду" рэфарматарскай ідэі ў масы на старонках прэзідэнцкай газеты "Советская Белоруссия" першы намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Анатоль Рубінаў. На яго думку, на Захадзе 12-гадовая адукацыя - сродак ад беспрацоўя. "І чым трымаць маладых людзей на дапамозе па беспрацоўі, лепш лішніх два гады пратрымаць іх у школе", - разважае Рубінаў. "У нас праблема не з беспрацоўем, а з недахопам працоўных рук… А мы хочам яшчэ ў дадатак пасадзіць на карак працоўнай часткі насельніцтва частку ўжо дарослай моладзі, якая лішні год будзе заставацца ў школе", - тлумачыць ён логіку новаўвядзенняў.

Рэформа сярэдняй школы мусіла ісці разам са зменамі ў вышэйшай. Там укаранілі двухступеневую сістэму адукацыі – бакалаўрыят і магістратуру. Гэта дазваляла беларускім бакалаўрам выпраўляцца на вучобу ў еўрапейскія краіны. "Але не ў дзяржаўных інтарэсах ствараць асабліва спрыяльныя ўмовы для ад'езду нашых маладзёнаў за мяжу, - патлумачыў Рубінаў. – Пагатоў, на іх навучанне дзяржава выдаткавала немалыя грошы".

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках