25 лiстапада 2024, панядзелак, 13:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Акце аб дэмакратыі вядзецца пра эканамічныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі

1
У Акце аб дэмакратыі вядзецца пра эканамічныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі

6 траўня на разгляд Кангрэса ЗША быў вынесены законапраект аб падаўжэнні на два гады дзеяння Акту аб дэмакратыі ў Беларусі.

Фундатарамі рэзалюцыі Палаты прадстаўнікоў № 5970 выступілі кангрэсмены Крыстафэр Сміт, Элсі Гастынгс, Тэд Макотэр, Джэймс Макговэрн, Фрэнк Палон, Майк Макінтайр і шэраг іншых вядомых амерыканскіх заканадаўцаў.

Пракаментаваць падзею ў Кангрэсе для "Голаса Амерыкі" пагадзіўся Орэст Дэйчакіўскі, старэйшы эксперт Камісіі па бяспецы і супрацы ў Еўропе (Хельсінскай камісіі ЗША).

-- Сп. Дэйчакіўскі, ці можна разглядаць Акт аб дэмакратыі ў Беларусі свайго роду рэакцыяй ЗША на апошняе абвастрэнне дыпламатычных адносінаў паміж Менскам і Вашынгтонам?

-- Вынесены Акт з'яўляецца дапрацаваным варыянтам самага першага Акту аб дэмакратыі ў Беларусі. Яго трэба паўторна сцвярджаць кожныя два гады, паколькі фінансаванне пад яго прадугледжана акурат на такі перыяд. Мы абавязаны былі гэта зрабіць. Гэта значыць, што сувязі гэтай падзеі з цяперашнім дыпламатычным скандалам няма.

Аднак у такім кантэксце вельмі важна адзначыць наступнае. Калі б сітуацыя ў Беларусі за мінулы перыяд радыкальна змянілася да лепшага, то патрэбы ў новым падаўжэнні Акту проста не было б. Іншымі словамі, калі б у Беларусі спыніліся парушэнні правоў чалавека, палепшыўся стан рэчаў з дэмакратыяй, калі б рэжым Аляксандра Лукашэнкі спыніў рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці, разглядаць гэтае пытанне ў Кангрэсе не давялося б.

А ў сапраўднасці мы назіраем наступнае: толькі за апошнія два месяцы мы маем прысуды беларускіх уладаў адносна актывістаў моладзевага руху за ўдзел у мірных дэманстрацыях, затрыманні незалежных журналістаў, штрафы праваабаронцам за збор подпісаў аб пераглядзе рэпрэсіўнага закона аб веравызнанні ад 2002 г. Аляксандр Казулін працягвае знаходзіцца ў турме, з'явіліся яшчэ два палітычныя вязні - Андрэй Кім і Сяргей Парсюкевіч. У беларускай турме знаходзіцца амерыканскі грамадзянін Эмануіл Зэльцэр, і мы прасілі вызваліць яго, зыходзячы з гуманітарных меркаванняў, па стане яго здароўя, якое пагоршылася. На фінансаваныя Кангрэсам ЗША СМІ у інтэрнэце была зладжана хакерская кібер-атака, і гэтак далей.

Таму, нажаль, мы не бачым ніякага паляпшэння сітуацыі ў абсягу дэмакратыі і захавання правоў чалавека ў Беларусі пры цяперашнім рэжыме.

-- Вынесены на днях у Кангрэс Акт аб дэмакратыі ў Беларусі з'яўляецца трэцім па ліку законапраектам. Ці ёсць у ім нейкія адрозненні аб папярэдніх?

-- Асноўныя палажэнні засталіся тымі ж, што і ў Акце ад 2006 года: гэта падтрымка праваабаронцй дэмакратычнай скіраванасці. Асобна вылучана падтрымка незалежнага радыё і тэлевяшчання на Беларусь, і, вядома, сфармуляваны эканамічныя і візавыя санкцыі супраць членаў беларускага кіраўніцтва і гэтак далей.

Найбольш прыкметныя змены ў першую чаргу закранулі канстатуючую частку абноўленага законапраекта. У ёй змешчаны апошнія звесткі пра падзеі ў Беларусі, выказваецца падтрымка дзеянняў Дзярждэпартамента і Міністэрства фінансаў ЗША у плане рэалізацыі дзейнага Акту – захады адносна канцэрна "Белнафтахім".

Аднак у законапраекце таксама змешчана канстатацыя, якой мы хочам даслаць адпаведны сігнал рэжыму Лукашэнкі: Злучаныя Штаты застаюцца гатовымі да перагляду сваёй палітыкі адносна Беларусі, калі ўлады гэтай краіны распачнуць рэальныя крокі, што дазволяць казаць пра прагрэс у кірунку дэмакратыі і правоў чалавека. Іншымі словамі, мы пакідаем дзверы адчыненымі.

Варта адзначыць яшчэ адну акалічнасць. У гутарцы пра вяшчанне на Беларусь мы адмыслова згадалі "Радыё Свабода", "Голас Амерыкі", "Еўрапейскае радыё для Беларусі" і "Белсат". Мы лічым, што вельмі важным з'яўляецца прарыў інфармацыйнай блакады, уведзенай беларускім рэжымам.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках