25 лiстапада 2024, панядзелак, 11:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка: «Разлічвайце на горшае. Я пайду на чацвёрты тэрмін»

128
Лукашэнка: «Разлічвайце на горшае. Я пайду на чацвёрты тэрмін»

Аляксандр Лукашэнка заявіў пра намер пайсці на чацвёрты прэзідэнцкі тэрмін. "Калі сітуацыя будзе такая, як цяпер, і са мной асабіста, і ў краіне, то, вядома, я буду балатавацца на чарговы тэрмін. Калі сітуацыя са мной або з краінай зменіцца, то рашэнне можа быць іншым. Але гэта магчыма. Разлічвайце на горшае", -- заявіў беларускі правіцель у інтэрв'ю агенцтву "Рэйтэр".

"Рэйтэр" прыводзіць выцемкі з інтэрв'ю Аляксандра Лукашэнкі, дадзенага ім агенцтву ўчора.

Пра парламенцкія "выбары" і апазіцыю

"Выбары ў Беларусі мы праводзім для беларусаў. Гэтае наша ўнутраная справа".

"Выбары мы будзем праводзіць так, як гэта трэба нашаму народу. Нашы выбары заўсёды былі больш дэмакратычнымі, чым у іншых дзяржаў - нашых суседзяў, у тым ліку ў краінах ЕЗ, і вы ўсё роўна выказвалі нам прэтэнзіі".

"Мы іх правядзем не горш, чым у краінах ЕЗ. Як ацэніце іх вы, гэта залежыць ад вашага сумлення і вашай арыентацыі. Я патрабую сёння ад усіх структур правесці выбары так, каб вам было сорамна кінуць у нас камень і сказаць, што выбары не адпавядалі тым стандартам, што ў Еўропе".

"Калі ў "парламенце" будзе некалькі апазіцыянераў, ад гэтага наш "парламент" не сапсуецца. Іх усё роўна будзе меншасць".

"Але я баюся, падкрэсліваю, баюся, што яны, ізноў жа, не патрапяць у парламент".

"Хто заслужыць, той у парламент і патрапіць. Мая задача - забяспечыць нармалёвы працэс галасавання".

"Калі сітуацыя будзе такая, як цяпер, і са мной асабіста, і ў краіне, то, вядома, я буду балатавацца на чарговы тэрмін. Калі сітуацыя са мной або з краінай зменіцца, то рашэнне можа быць іншым. Пакуль я здаровы чалавек, народ не так ужо моцна мяне крытыкуе і Захад пачынае разумець. Гэта магчыма. Разлічвайце на горшае".

Пра знешнюю палітыку

"Калі амерыканцы жадаюць мець тут 20, 30 або 50 дыпламатаў - напрамілы Бог. Але дыпламаты, якія працуюць не на карысць, а ў шкоду адносінам, - гэта нонсэнс".

"Калі з намі размаўляць з пазіцыі сілы, нам такія дыпламаты не патрэбны. Жадаюць бачыць у нас незалежную суверэнную дзяржаву - мы і душу і краіну для іх адчыняем".

"Амерыканцы краіну не перавернуць. У нас не так шмат амерыканскага капіталу. Палохаць нас санкцыямі не трэба. Мы выжывем".

"ЗША дамагаецца, каб ЕЗ увёў санкцыі супраць Беларусі. Гэта будзе Еўропе ў шкоду. На агульнае шчасце, ЕЗ пакуль не заняў амерыканскую пазіцыю. Еўрапейцы слушна папракаюць ЗША, што тыя пачалі курс санкцыяў, не параіўшыся з ЕЗ".

"Калі вам гэта трэба - далучайцеся, але не забывайце, што праз Беларусь ідзе палова нафты, палова нафтапрадуктаў і 30 адсоткаў газу".

"Калі Еўропе не патрэбна Беларусь, яна будзе патрэбна камусьці іншаму. Давайце будаваць нармалёвыя адносіны. Калі вы гатовыя, давайце пачынаць з заўтрашняга дня".

"Тое, што вы ад нас адгароджваецеся, гэта - ваша справа. Мы вам забараняць уезд не будзем".

"Вы СССР крытыкавалі за жалезную заслону. А чым вы займаецеся цяпер? Чым мы вас напалохалі, што вы мне і іншым людзям забараняеце ўезд у свае краіны? Пытанне трэба ставіць (так): "Што вы, ЕЗ, зробіце, каб нармалізаваць адносіны з Беларуссю?"

"Мы знаходзімся паміж двума важнымі блокамі, такімі не падобнымі адзін на аднаго. Мы - своеасаблівы мост, і нам трэба гэтыя супрацьлегласці злучыць".

"Захад спрабуе калі не разбурыць гэты мост, то, прынамсі, яго расхістаць. Не магу зразумець, навошта вам гэта трэба".

"Укараняць у нас нейкую дэмакратыю, якой няма ў вас саміх, - гэта, прынамсі, абсурдна".

"Сёння, у такой вострай сітуацыі, калі энерганосьбіты вызначаюць усё, вы спрабуеце разбурыць мост, па якім цячэ нафтавы і газавы струмень".

Пра палітвязняў

"Па-першае я лічу, што гэта сапраўды не іх справа. Хай разбяруцца спачатку са сваімі зняволенымі. Са зняволенымі ў Гуантанама, Аўганістане і гэтак далей. З іншага боку, нам не хацелася б, каб з-за шасці чалавек цярпела ўся краіна. Мной, асабіста мной было прынята рашэнне - вызваліць. Пяцёра пагадзіліся, шосты адмовіўся. Нядаўна ён заявіў, што чым больш ён будзе сядзець у турме, тым вышэй будзе яго рэйтынг".

"Гэта яго выбар (відаць, Лукашэнка мае на ўвазе Аляксандра Казуліна - заўв. Хартыі'97). Я ж яго за вушы не буду цягнуць адтуль. У нас на сёння няма палітычных зняволеных".

Пра эканоміку

"Мы амаль у два разы перасягнулі ўзровень савецкіх часоў у вобласці эканомікі. Мы, у асноўным, мадэрнізавалі нашу эканоміку, што датычыць буйных і сярэдніх прадпрыемстваў. Мы больш паловы працы зрабілі па мадэрнізацыі нашай сельскай гаспадаркі ў цэлым".

"Што да інфляцыі, то дзякуй Захаду і даляру, што яны нам у гэтым "дапамагаюць". Гэта інфляцыя ад вас да нас. Сёлета яна крыху вышэй, але яна не страшная і не крытычная для нашай эканомікі".

"У адрозненне ад нашых суседзяў, мы не адчынілі краіну, не адчынілі браму і не сказалі "прыходзіце, хто хоча, бярыце, што хочаце, і ўкладайце грошы", не зважаючы на тое, якія гэта грошы. Мы так краіну не адчыняем. Мы рабілі стаўку на развіццё ўласнай вытворчасці".

"Калі гэты праект нам патрэбны, мы можам пайсці і на стоадсоткавую прыватызацыю і кантрольны праект аддаць інвестару, пры ўмове, што гэта сумленны інвестар".

"Мы не ў той сітуацыі, калі нам трэба кідацца на любы праект. Сёння мы можам выбіраць".

"Мадэль можа быць абсалютна рознай. Але гэта будзе пунктавая прыватызацыя. Агулам мы нічога не робім".

Напісаць каментар 128

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках