25 лiстапада 2024, панядзелак, 20:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наталля Каляда: «Нарэшце, Еўропа пачала задавацца пытаннем, што адбываецца ў беларускай культуры»

2

Беларускі «Свабодны тэатр» прадстаўляў нашую краіну на міжнароднай канферэнцыі «Новыя парадыгмы, новыя практыкі – культура ў адносінах пашырэння Еўразвяза», якая прайшла ў Любляне пад патранажам ураду Славеніі. У канферэнцыі прымаў удзел старшыня Еўрапарламента Ханс-Герт Поттэрынг.

Беларусь на канферэнцыі прадстаўлялі кіраўнікі «Свабоднага тэатра» Мікалай Халезін, Наталля Каляда і Ўладзімір Шчэрбань, а таксама сацыёлаг Нэллі Бекус-Ганчарова.

«Упершыню беларуская культурная палітыка разглядаецца ў кантэксце Еўразвяза. Больш за тое, Беларусі разам з Малдовай і Ўкраінай была прысвечаная асобная панель канферэнцыі, у якой прынялі ўдзел палітыкі Еўразвяза. На канферэнцыі ўздымалася пытанне аб тым, як Еўропа можа дапамагчы беларускай культуры, на якіх прынцыпах павінна адбывацца ўзаемадзеянне. Перш за ўсё, павінна быць падтрымка Еўразвязам беларускіх сучасных, актуальных культурных праектаў. Гаворка ідзе і аб музыках, і аб мастаках, і аб тэатральных дзеячах, і аб пісьменніках. І экспертыза гэтых праектаў павінна быць вельмі высокай. Важны момант -- для спрашчэння камунікацыі павінныя вырашыцца візавыя праблемы, паколькі атрымаць сёння шэнгенскую візу беларусам вельмі складана», -- адзначыла ў інтэрв’ю прэс-цэнтру Хартыі’97 Наталля Каляда.

«Сацыёлаг Неллі Бекус-Ганчарова агучыла на канферэнцыі ў Любляне інфармацыю, якая ўразіла ўсіх удзельнікаў. Аказваецца, што з усіх грошаў, якія Еўразвяз выдзяляе беларускай культуры, толькі 30 адсоткаў даходзіць да культурных дзеячаў, а 70 адсоткаў атрымоўваюць улады. Мы радыя, што на 14-ы год існавання цяперашняга рэжыма, нарэшце, Еўропа пачала задавацца пытаннем, што адбываецца ў беларускай культуры. Мы лічым, што гэта заслуга беларускай контркультуры ў цэлым, якая сёння прадстаўляе Беларусь у свеце», -- паведаміла Наталля Каляда.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках