25 лiстапада 2024, панядзелак, 11:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Не трэба чакаць 2011 года

60
Не трэба чакаць 2011 года

«Мы можам ужо ў гэтым годзе паказаць, што дыктатура Лукашэнкі голая, што людзі не падтрымоўваюць ані яго, ані так званую палатку. Назіранне за яўкай выбаршчыкаў трэба рабіць толькі ў дзень галасавання», -- сцвярджае каардынатар Хартыі’97 Зміцер Бандарэнка ў інтэрв’ю журналістцы “Радыё Свабода” Вользе Караткевіч.

-- Зміцер, у чым сутнасць прапанаванай Вамі новай стратэгіі апазіцыі?

-- Да 1 сакавіка дзейнічала стратэгія дыялогу -- апазіцыя працягнула руку ўладзе. А ўлада ўдарыла па гэтай руцэ міліцэйскай дубінкай, з’явіліся новыя палітвязні, узмацніліся рэпрэсіі.

У такіх варунках трэба рабіць змены падыходаў, трэба рабіць змену рытма. Таму я прапанаваў стратэгію актыўнага супрацьдзеяння дыктатуры, якая ўключае ў сябе байкот выбарчаму фарсу, байкот рэжыму Лукашэнкі на міжнароднай арэне і індывідуальны байкот дыктатуры.

-- Скажыце, чаму менавіта такі ход, абсалютна адрозны ад таго, што было раней? Калісьці Вы казалі, што трэба падтрымоўваць якраз супрацоўніцтва з уладай.

-- Вы ведаеце, мы ўсе зараз бачым на міжнародным узроўне “дыялог” паміж урадамі Злучаных Штатаў Амерыкі і Беларусі. Вось бакі пра нешта дамаўляюцца, потым адзін з бакоў парушае дамоўленасці, пачынае дзейнічаць без правілаў, і тады адбываюцца змены ў стратэгіі.

-- Вы каго маеце на ўвазе?

-- Я маю на ўвазе ўзмацненне эканамічных санкцый з боку Злучаных Штатаў Амерыкі, як прыклад. Падобная сітуацыя была з унутраным дыялогам. Была надзея, што ўлада адкажа неяк пазітыўна на нашу прапанову. Былі пэўныя падвіжкі па некаторых накірунках. Пяць палітвязняў былі вызваленыя. Калі б да 1 сакавіка быў вызвалены Казулін, сітуацыя была б зусім іншай. Але маем, што маем, і патрэбна новая стратэгія.

У нас на парозе выбары ў так званую палату прадстаўнікоў. І калі ўдзельнічаць у сцэнары ўлады, то выніку не будзе.

-- Ясна, што ўлада мае свой сцэнар. Якія могуць быць іншыя сцэнары?

-- Мая прапанова – актыўны байкот. Не трэба чакаць 2011 года, мы можам ужо ў гэтым годзе паказаць, што дыктатура Лукашэнкі голая, што людзі не падтрымоўваюць ані яго, ані так званую палатку.

Вядома, што на датэрміновае галасаванне людзей усе роўна пагоняць. Усе дыктатуры скарыстоўваюць датэрміновае галасаванне для фальшавання. Таму назіранне за яўкай выбаршчыкаў трэба рабіць толькі ў дзень галасавання.

-- Гэта нерэальна ў Беларусі!

-- Гэта рэальна ў Беларусі. Падлічыць на асобным участку колькасць людзей, якія прыйшлі ў дзень галасавання – даволі проста; будуць і міжнародныя, і свае назіральнікі. Гэта і будзе сапраўдная лічба выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у галасаванні. Паколькі большасць беларусаў не лічаць так званую палату прадстаўнікоў парламентам, цікаўнасць да гэтых выбараў невялікая. Калі ж ў іх не будзе ўдзельнічаць апазіцыя і будзе заклік да байкота, то яўка будзе мінімальнай.

Нам не трэба ўдзельнічаць у легітымізацыі “палаткі”. Лідэры партый казалі, што, калі нават адзін чалавек пройдзе ў так званы парламент, яны змогуць кантраляваць выканаўчую ўладу. Я лічу, што на сапраўдных выбарах прадстаўнікі дэмакратычных партый набралі б больш за 50 адсоткаў галасоў і большасць месцаў у парламенце. Калі дэмакраты згадзяцца на адну-дзве асобы, то гэтых людзей будзе вызначаць дыктатар Лукашэнка. Я катэгарычна супраць

-- Калісьці такі ж самы байкот прапаноўвала партыя Зянона Пазняка. І да гэтага ставіліся вельмі крытычна, у тым ліку і Хартыя’97.

-- Скажу, што ў 2000 годзе падыходы супадалі цалкам. Як падыходы партыі шаноўнага Зянона Пазняка, так і падыходы Каардынацыйнай Рады дэмакратычных сіл увогуле, ў якую тады ўваходзіла Хартыя’97. Наколькі я ведаю, Зянон Пазняк і сёння выступае за байкот “выбараў у палату”.

-- Ці ўплываюць 12 умоваў Еўразвяза на сітуацыю ў нашай краіне?

-- Безумоўна, таму што не можа быць такога, што Лукашэнка хоча атрымаць ад Захада крэдыты, інвестыцыі, тэхналогіі і адначасова падаўляе сваю дэмакратычную, праеўрапейскую апазіцыю. Таму так важна не браць удзел у сцэнары ўлады, калі адзін-два чалавекі, прызначаныя Лукашэнкам, будуць ездзіць па свеце і казаць: “Усё нармальна, у нас дэмакратыя, вы ж бачыце – мы ў парламенце”. Маем ужо Вольгу Абрамаву, якая доўгія гады падавалася як самая актыўная дэмакратка Беларусі, сябра дэмакратычнай партыі “Яблоко”. І што гэта дало?

-- Але не ўсе згодны з Вашай прапановай.

-- Я вельмі паважаю кіраўнікоў партый, але часам і яны памыляюцца. Хацеў бы нагадаць выбары ў так званую “палату прадстаўнікоў” 2004 года, калі прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці заклікалі народ да пратэсту супраць фальшаваных выбараў, а кіраўнікі дэмакратычных партый (акрамя Статкевіча) выступілі супраць. Але цэлы тыдзень у 2004 годзе людзі выходзілі і пратэставалі. І гэта стала мадэллю і рэпетыцыяй Плошчы 2006 года. І кіраўнікі партый прызналі, што сапраўды трэба арганізоўваць актыўныя пратэсты, а не проста казаць: выбары скончыліся -- мы разыходзімся па хатам. Дыскусія дапаможа знайсці лепшае рашэнне.

Друкуецца са скарачэннямі

Напісаць каментар 60

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках